259-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны: Патрушаў у Іране, «брацкая» дапамога ад Беларусі і абстрэлы дронамі

Расказваем, з якіх навін пачынаецца сённяшні дзень на франтах Украіны.

1664270745_5932.jpg


Сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў прыбыў з неанансаваным візітам у Іран. Паводле заявы СБР, якая з'явілася ўжо пасля таго, як пра прыбыццё Патрушава ў Тэгеран паведамілі іранскія СМІ, ён «правядзе планавыя расійска-іранскія кансультацыі па бяспецы з удзелам спецыялістаў Саветаў бяспекі і прадстаўнікоў шэрагу міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін». Іранскія аналітыкі адзначаюць, што расійскі чыноўнік мог прыбыць таксама для абмеркавання абмеркаваць магчымага продажу Расіі балістычных ракет. Гэты візіт адбываецца на фоне паведамленняў пра тое, што афіцыйны Тэгеран шукае ў Расіі дапамогі ў здушэнні пратэстаў, хоць незразумела, ці будзе гэта абмяркоўвацца.
Па Дняпры ноччу ўдарылі дроны-камікадзэ, чатыры чалавекі параненыя, паведамляе старшыня Днепрапятроўскай АВА Валянцін Рэзнічэнка: «Ёсць пападанні. У Дняпры беспілотнікі трапілі ў лагістычнае прадпрыемства. Параненыя чацвёра яго супрацоўнікаў. Усе ў бальніцы. Трое цяжкія». Ён дадаў, што ў выніку ўдару пачаўся моцны пажар на плошчы 3 тыс.квадратных метраў, які ўжо патушаны. Акрамя таго, паводле слоў Рэзнічэнкі, расійскій войскі нанеслі ўдар з установак «Град» і цяжкай артылерыі па Нікапальскім раёне (ён знаходзіцца на беразе Дняпра, насупраць акупаванай расійцамі Запарожскай АЭС). Пра пацярпелых ад гэтых абстрэлаў на дадзены момант інфармацыі няма.
Адміністрацыя Джо Байдэна падштурхоўвае Уладзіміра Зяленскага да змякчэння пазіцыі ў перамовах з Расіяй, паведамляе выданне «Politico». 8 лістапада прэзідэнт Украіны выставіў некалькі ўмоў для аднаўлення мірных перамоў, уключаючы аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці краіны і пакрыццё ўсіх страт. Раней ён заяўляў, што не пойдзе на дыялог з Масквой, пакуль ва ўладзе знаходзіцца Уладзімір Пуцін. Амерыканцы ўпэўненыя, што правядзенне ва Украіне «буйнамаштабных наступальных аперацый» будзе ўскладнена ў бліжэйшыя зімовыя месяцы ўмовамі надвор'я, інтэнсіўнасць баявых дзеянняў знізіцца. Намеснік міністра абароны ЗША па палітычных справах Колін Кол лічыць,што спад інтэнсіўнасці канфлікту можа даць магчымасці для дыпламатыі.
У ранішняй зводцы Генеральнага штаба УСУ сказана, што на працягу мінулых сутак расійскія войскі нанеслі 7 ракетных і 32 авіяўдараў, а таксама ажыццявілі больш за 70 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па ўкраінскіх тэрыторыях.
Украінскія вайскоўцы паведамляюць, што расійцы наступаюць на трох кірунках у Данецкай вобласці: на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім. Аналагічныя даныя ўтрымліваліся ў зводках папярэдніх дзён.
Паводле звестак УСУ, «вайскоўцы 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у якасці "брацкай" дапамогі закупілі для патрэбаў асабовага складу 15-га мотастралковага палка 2-й мотастралковай дывізіі УС РФ да 100 камплектаў індывідуальных аптэчак, разгрузных камізэлек і іншай экіпіроўкі. ... У складзе памежных войскаў Рэспублікі Беларусь ствараюцца падраздзяленні аператараў ударных беспілотных лятальных апаратаў», — сказана ў зводцы.
Сілы «ПВК Вагнера» працягваюць перабольшваць свае поспехі ў захопе тэрыторыі Данбаса, спрабуючы такім чынам выгадна адрозніць сябе ад звычайных фармаванняў расійскага войска і самаабвешчаных рэспублік, паведамляе амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW). 7 лістапада расійскія крыніцы заявілі, што група «вагнераўцаў» і войскі «шостага казацкага палка ЛНР» прарвалі ўкраінскія лініі абароны ў Белагораўцы (Луганская вобласць). Аднак ужо 8 лістапада расійскія ваенныя блогеры сталі пісаць, што фарміраванні так званай «ЛНР» да гэтых дзеянняў дачынення не мелі: дамагліся поспеху выключна войскі «ЧВК Вагнера». Раней ISW ужо паведамляў, што «вагнераўцы» называюць выключна сваёй заслугай некаторы прасоўванне расійскіх войскаў пад Бахмутам — і гэта робіцца, «каб даказаць сваю рэпутацыю ўлюбёнай ударнай сілы Крамля». Пры гэтым яны былі не адзінымі, хто дзейнічаў у гэтым раёне.