Зомбі-хорар, гістарычныя раманы, нобелеўскі лаўрэат: ТОП-5 кніг выдавецтва «Янушкевіч»

Выдавец Андрусь Янушкевіч распавёў пра 5 кніг, якія найлепш прадаваліся з пачатку 2017-га.

andrus_januszkevicz._fota_z_jaho_fb..jpg

Лідар продажаў — першы беларускі зомбі-хорар «1813» Уладзіміра Садоўскага.

На Садоўскага грае тое, што ён прыгожа, удала трапіў у струмень, — распавёў Янушкевіч. — Па гэтай кнізе разумееш, чым людзі цікавяцца. Аказваецца, беларускі чытач таксама любіць літаратуру масавых жанраў. Моладзь хоча чытаць пра гэтых мерцвякоў, вампіраў... Давайце ўзгадаем Караткевіча і яго самы знакаміты і добра прадаваны раман «Дзікае паляванне караля Стаха». Я мяркую, куплялі кнігу і чыталі не праз тое, што там захаваны нейкі глыбінны філасофскі сэнс барацьбы беларусаў за нацыянальнае адраджэнне, а вось за гэты дэтэктыўна-трылерны складнік. Вось ім «брала» гэтая кніга. Тое ж самае можна сказаць пра «1813» Уладзіміра Садоўскага. Беларускі чытач прагне такой забаўляльнай, масавай літаратуры. Увогуле дэбютантам цяжка. Але без дэбютантаў не было б новай літаратуры.

1._1813.jpg


Па меркаванні выдаўца, сваю ролю адыграў, канечне, кошт: кніжка невялічкая. Але, безумоўна, каб яна не была цікавай, людзі не выдаткоўвалі б свае грошы. Кніга прываблівае тым, што аўтар удала спалучыў два жанравыя падыходы. З аднаго боку, гэта модны на Захадзе трэнд, калі бярэцца нейкі вядомы герой і яго прымушаюць біцца з мерцвякамі, вампірамі і гэтак далей. З другога боку, аўтару вельмі добра ўдалося пакласці жанр зомбі-хорару на беларускі гістарычны матэрыял. Такім чынам, ён спалучыў заходні трэнд з кшталтам Караткевічаўскай прозы. Гэты сінтэз добра прывабіў моладзь. У кнізе «1813» Міхал Клеафас Агінскі, знакаміты сваім паланэзам «Развітанне з Радзімай», змагаецца з паўсталымі з мёртвых французскімі жаўнерамі. Падзеі адбываюцца ў 1813-м годзе ў фамільным замку Агінскіх пад Маладэчнам. У кнігу ўключана таксама пяць апавяданняў аўтара. Мабыць, будзем выдаваць працяг.

На другім месцы — таксама кніга з шэрагу жахлівай літаратуры.
Гэта пераклад амерыканскага класіка містыкі і жахаў Говарда Філіпса Лаўкрафта, зборнік апавяданняў пад агульнай назвай «Кліч Ктулху».

2._klicz_ktulhu_1.jpg


Кніга выйшла зусім нядаўна, няма месяца, але разыходзіцца вельмі хутка. Быў наклад 400 асобнікаў, ужо засталося троху больш за 100. Вялікую ролю адыграла праграма папярэдняй замовы, якая была абвешчана на сайце нашага выдавецтва ў красавіку. Па гэтай праграме на кнігу падпісаліся 40 чалавек. Таксама паўплывала акцыя «Старт продажу» ў Акадэмкнізе. Мы адмыслова, вельмі ўрачыста публічна пачалі продаж, і толькі ў першы дзень прадалі 40 асобнікаў. Кнігарні актыўна замаўляюць, можна сказаць, што «Кліч Ктулху» карыстаецца вялікім попытам, — адзначыў Янушкеівч.

Трэцяе месца — за гістарычным раманам «Надбярэзінцы» Фларыяна Чарнышэвіча.

3._nadbjarezincy_1.jpg


Па словах выдаўца, Кніга шматпластавая. Янушкевіч лічыць, што па ёй можна напісаць некалькі дысертацый: як Чарнышэвіч апісвае прыроду, шляхецкі побыт, міжэтнічныя і міжканфесійныя адносіны... Тэкст чытаецца вельмі лёгка. Моцны старт продажу быў дадзены на Мінскім кніжным кірмашы ў лютым. Прэзентацыя падагрэла інтарэс і ў прынцыпе да гэтых пор кнігай цікавяцца, яе купляюць.
Не сказаць, што да сённяшняга дня набываюць пачкамі, але саліднасць выдання спрыяе таму, што паступова разыходзіцца інфармацыя пра яе: мабыць, людзі чытаюць, потым дзеляцца ўражаннямі з сябрамі, і тыя, у сваю чаргу, купляюць кнігу, — заўважае Янушкевіч. — Прапаноўвалі набыць «Надбярэзінцаў» Клічаўскай раённай бібліятэцы (дзеянне кнігі адбываецца пераважна на тэрыторыі сучасных Клічаўскага і Бабруйскага раёнаў, над ракой Бярэзінай). На жаль, нам адказалі, што ў раёне няма на гэта сродкаў і яны набываюць толькі «сацыяльна значную» літаратуру. «Надбярэзінцы» да сацыяльна значных кніг, відаць, не адносяцца...
Па словах Янушкевіча, раман цікавы людзям, якія і без яго цікавіліся гісторыяй, да таго ж гісторыяй, выказаннай мастацкім словам. Вельмі ўплывае, калі распавядаеш, што кніга заснавана на рэальных падзеях. Гэта свайго роду мастацкі дзённік. Фларыян Чарнышэвіч удала схапіў дух эпохі (1911-1920 гады) праз уласныя перажыванні.
Я не зусім разумею, чаму ў нашых інтэлектуальных асяродках, у сацсетках, няма ніякай дыскусіі пра «Надбярэзінцаў». У дачыненні да беларускага пытання паказ месца і ролі беларусаў у падзеях 1917-1918 гадоў на старонках рамана досыць правакацыйны, нязвычны адносна таго, што нам распавядаюць у школе, што пішуць навукоўцы. У «Надбярэзінцах» — зусім іншы погляд, вачыма мясцовага паляка, які бачыў беларусаў як такую пасіўную масу. Беларусі ў рамане можна і не заўважыць: усе мары герояў — аб Польшчы, аб пабудове польскай дзяржавы. Я чакаў, што з боку інтэлектуальнай супольнасці будзе нейкая адзнака гэтай пазіцыі, неабыякавасць. Але дыскусіі вакол цікавай кнігі, якая павінна б выклікаць неадназначную рэакцыю, я не бачу, — падкрэсліў выдавец.


На чацвертым месцы — «Голад» Кнута Гамсуна.

4._holad_1.jpg


Гэта першая кніга ў серыі «Нобелеўскія лаўрэаты па-беларуску», класіка пачатку ХХ стагоддзя. Нобелеўскую прэмію нарвежскі пісменнік Кнут Гамсун атрымаў у 1920-м годзе. Мы выдалі пад адной вокладкай тры яго сусветна вядомыя раманы: «Голад», «Пан» і «Вікторыя», — адзначае Андрусь Янушкевіч. — —Не магу сказаць дакладна, чым кніга цікавая чытачам. Мабыць, звяртаюць увагу на вокладку, на якасць выдання. Да таго ж кніга ўспрымаецца як магчымасць пачаць збіраць калекцыю, бо серыя, натуралёва, будзе мець працяг. Калісьці ў Беларусі выходзіла серыя «Скарбы сусветнай літаратуры», дзе друкаваліся знакавыя пісьменнікі. Можна сказаць, што «Нобелеўскія лаўрэаты па-беларуску» пераймае такую эстафету.


Пятае месца ў гісторыка-прыгодніцкага раману «Дагератып» Людмілы Рублеўскай.

5._daheratyp.jpg


Сродкі на выданне збіралі на «Талацэ». Спачатку выйшла электронная версія, але папяровы варыянт усё роўна купляюць, — кажа выдавец. — Трэба прызнаць, што ў Людмілы Рублеўскай ужо ёсць сваё кола прыхільнікаў. Раман безумоўна мае цікавы сюжэт, два зрэзы ў часе. У наш час маладая журналістка Сімка дапамагае разблытаць сямейныя таямніцы біёлагу Гальяшу. Выпадкова ў старой дзедавай кватэры яны знаходзяць дзённік. Перад іх вачыма паўстаюць загадкавыя падзеі з канца XIX стагоддзя, калі ўладальнікі фотаатэлье ў правінцыйным беларускім мястэчку, незалежная прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, разам з двума патрыятычна настроенымі студэнтамі выпраўляюцца фатаграфаваць этнаграфічную калекцыю ў злавесны маёнтак Жухавічы, гаспадара якога лічаць ваўкалакам. Далейшыя падзеі прымаюць самы нечаканы абарот. Гэтыя два зрэзы ў часе гарманічна між сабой спалучаюцца, сюжэт перацякае з адной эпохі ў другую. Да самага канца не ведаеш, чым усё скончыцца, які будзе фінал: сумны ці пазітыўны. ЦІ выжывуць увогуле героі? Што з імі стане?
Гэта пяцёрка лідараў. Астатнія кнігі адстаюць. Супраць іх грае тое, што гэта кнігі дэбютантаў. Але ад гэтага яны не становяцца менш цікавымі.