Зміцер Вайцюшкевіч едзе ў тур па ЗША і Канадзе

Напрыканцы студзеня Зміцер Вайцюшкевіч на два тыдні з’язджае ў Паўночную Амерыку, дзе дасць дзясятак канцэртаў з праграмай лепшых песень.

vajciushkievich_color_photo02.jpg

Выступы Вайцюшкевіча адбудуцца ў Нью-Ёрку (28.01 і 30.01), Нью-Джэрсі (29.01), Вашынгтоне (1-2.02), Таронта (3-4.02), Атаве (5.02) і Сан-Францыска (10-11.02).

Гэта самы працяглы ваяж спевака ў Паўночную Амерыку, пры гэтым у Канадзе ён выступіць упершыню.

«На канцэрты там прыходзяць збольшага беларусы. У тым ліку тыя, чые сем’і ўжо некалькі пакаленняў жывуць у Штатах, але не згубілі сваёй ідэнтычнасці. Гэта рэалізаваўшыя сябе людзі, якія спакойна размаўляюць на розных замежных мовах, але пры гэтым шануюць сваё, беларускае, – распавядае Вайцюшкевіч. – Амерыка прасякнутая ідэяй рэалізацыі мроі і гэтым мне вельмі падабаецца. У Канадзе апынуся ўпершыню – кажуць, што гэта наогул нейкі ідэальны сусвет».

Нагадаем, 4 сакавіка Зміцер Вайцюшкевіч, Уладзімір Някляеў і WZ-Orkiestra дадуць вялікі супольны канцэрт у Вільні з праграмай «Нашы каханыя», прымеркаванай да 10-годдзя супрацы музыкі і паэта.

Прагучаць лепшыя песні творчага тандэма, а таксама вершы Уладзіміра Някляева ў выкананні аўтара. Квіткі каштуюць ад 31,5 да 47,5 рублёў, продаж праз «Тэатральную касу» і Kvitki.by.

Беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы, дзякуючы падтрымцы МЗС Літвы. Падаць дакументы на бясплатную візу трэба ад 15 студзеня да 15 лютага ўключна. Пакрокавая інструкцыя. Інфалінія ў Беларусі: +375 29 628 4114.

 Паводле naviny.by