Zanzibar: Хочам прабіраць да дрыжыкаў. Прэм'ера песні (відэа, аўдыё)

Лідар новага гурта Zanzibar  прэзентаваў самотнік «Сьнежная», запісаны з саксафаністам гурту «Адыс Абэба» Фёдарам Малікіным.

vokladka_main.jpg


Гурт Zanzibar заявіў пра сябе пры канцы 2016, калі прэзэнтаваў відэапрадмову і дэбютны самотнік «Сьцены». Не мінула і месяца, і музыкі прэзентуюць свой другі рэліз, які таксама складаецца з кароткага відэа (прапануецца яго лічыць не кліпам, а менавіта відэапрадмовай) і ўласна аўдыётрэка. 
З нагоды прэм’еры лідар гурту, які называе сябе Zanzibar Zanzibar, даў сваё першае інтэрв'ю парталу Tuzin.fm.


— Першае пытанне — відавочнае. Чаму вы ў масках?
— Мяне заўжды цікавілі ў дзяцінстве ўсялякія героі, якія хавалі свае твары, Зорра там, напрыклад.Усе думалі, хто ж гэта такі таямнічы рыцар у масцы. Атрымлівалася  своеасаблівая гульня.  

z2_1.jpg


Для нас гэта мажлівасць стварыць увасабленне абсалютнага лірычнага героя на сцэне, які не суадносіцца з жывым чалавекам як асобай. Ніхто ня скажа, што на сцэне і ў песнях ты адзін, а ў жыцці іншы. Ці што ў цябе там пяць жонак было і таму мы не будзем слухаць твае песні. Гэта такое «падваенне асобы». І цяжка нават сказаць дзе ты больш сапраўдны. Можна рабіць нешта, ствараць ілюзію і потым назіраць збоку, што адбываецца. А можна адразу ў пяці гарадах канцэрты граць і ніхто не здагадаецца ні пра што (смяецца). А ўвогуле стварэнне ідалаў – гэта не надта крута. Лепей чытаць разумныя кніжкі, а ня слухаць, што кажа харызматычная асоба і слепа пераймаць яе думкі.
— У беларускай музыцы былі прыклады, калі выканаўцы выступалі ў масках. Самы яскравы — гурт Zet. Вас можна назваць іх пераемнікамі?
— У нечым можа быць, але агулам не. Мы абсалютна іншыя людзі, зараз іншы час, новыя выклікі гэтага часу адпаведна. Ды і людзі змяняюцца – прыйшло іншае пакаленне з іншымі цікавасцямі і каштоўнасцямі. Той жа Zet існаваў больш за 10 гадоў таму, калі не памыляюся, хаця застаецца актуальным і цяпер. Яны б канечне маглі граць нашыя песьні, я думаю (смяецца). А можа мы і ёсць той жа Zet, хто яго ведае, хто тут сабраўся ўвогуле.

z1_1.jpg



— У анатацыі да свайго дэбютнага трэку вы пішаце: «Падайце і ўздымайцеся, сьціскайце кулакі і руйнуйце свае сьцены, сябры! Мы верым у нашае безнадзейнае пакаленьне». Дык а што вы хочаце зьмяніць?
 – Можна шмат казаць словаў пра тое, што мы гурт, які хоча там змяніць свет, зрабіць людзей шчаслівымі і мы ўсе такія добрыя, некарыслівыя і альтруістычныя. Але мне падаецца, што тут справа ў іншым. Мы робім нешта ў жыцці, бо гэта нам цікава найперш, а ўсе астатнія прычыны сусветнага характару гэта ўжо тое, што чалавек укладае ў сваю справу. Гэта тое самае, што спытацца ў праграміста, навошта ён займаецца праграмаваннем.  Апынецца, што яму цікава, ну і ёсці нешта трэба, асабліва ў нашай краіне гэта актуальна.
— Але ж вы ўкладаеце пэўны сэнс у свае песні?
— Мы проста выказваемся на тыя тэмы, што нас турбуюць. У нас няма такога, што мы сядзім і думаем на якую тэму напісаць песню, каб зачапіла людзей. Яно неяк само прыходзіць, занатоўваецца, потым ствараецца абгортка музычная. Можна і ў джазе сыграць, але нам прыйшоўся да спадобы іншы стыль.
— Дык вы ўсё ж ня ставіце мэты змяніць свет да лепшага? Да чаго ў прынцыпе вы імкняцеся ў творчасці?
— Вядома нам хочацца мець аддачу ад публікі, адчуваць, што тое, што мы робім падабаецца людзям. Я ўзгадваю сябе у студэнцкія часы, калі слухаў музыку і некаторыя творы мяне прабіралі да дрыжыкаў, што ажно цела пакрывалася пупырамі і валасы на руках паўставалі дыбарам. Вось мы марым, каб нашая творчасць давала такі ж эфэкт. Ну і калі людзі трошачкі робяцца дабрэйшымі, гэта безумоўна будзе вельмі крута. Таму можна казаць, што так, мы хочам змяніць свет (смяецца). І для нас сапраўды ня мае значэння хто будзе слухаць нашую музыку – студэнты, дарослыя, геі і натуралы, міліцыянты ці прафэсура, мы радыя ўсім. Нават злыя людзі маюць нешта добрае ў душы і нават часам патрабуюць больш увагі чым тыя, хто мае больш святла.
— Ці ёсьць у гурту стратэгія развіцця?
— Мы вырашылі ставіць сабе такія мэты пэўныя, як прыступкі, на якія мы ўзыходзім. Зараз мы неяк увайшлі ў такую добрую плыню, калі дастаткова шмат працуем. І хочацца зараз не збаўляць тэмпы. Мы назапасілі трошкі матэрыялу. У хуткім часе прэзэнтуем яшчэ адзін трэк. Пакуль наўмысна канцэртаў не плянавалі. Актыўна рэпэтуем, каб давесці матэрыял да прэзентацыйнага выгляду, і будзем шчыльна займацца канцэртовай справай. Хочацца зрабіць добрую прэзентацыю ў Мінску і пакатацца потым па Беларусі, акустычна, электрычна і дзе толькі будзе мажліва. Мы будзем радыя ўсім прапановам, але чакаць пакуль нас запросяць ня станем. Мы самі прыедзем да вас і навядзем шухеру!


— Прадстаўце свой новы трэк.
— У пэрыяд зімовых святаў заўжды хочацца верыць у казку і цуды. Новы год прыйшоў, каляды таксама ў мінулым, а так хочацца яшчэ трошкі працягнуць гэтую казку — хаця б на пару дзянькоў адчуць сябе зноў нібыта ў маленстве і чакаць калі адбудзецца цуд. Мы спадзяемся, што наша новая «Сьнежная» песня падорыць слухачам яшчэ часьцінку цеплыні ў гэтыя цудоўныя марозныя дзянькі.
Трэк быў запісаны ў супрацы з выдатным саксафаністам Фёдарам Малікіным з гурта «Адыс Абэба». Менавіта яго партыі дадалі трэку патрэбнае цеплыні і ўтульнасці. Таму хочам падзякаваць яму за выдатную працу, спадзяемся не апошнюю з намі.