«Заспявай 2.0»: ад «Сяброў» да Adele, ад Купалы да Жыбуля
55 заяваў прыйшло на конкурс «Заспявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы парталу Tut.by і кампаніі «Будзьма беларусамі!». З іх журы абярэ найлепшых у дзвюх намінацыях — «Кавер» і «Паэзія».
Паводле ўмоваў сёлетняга конкурсу разглядаліся заявы ад канкурсантаў да 27 год. У намінацыю «Кавер» прымаліся вядомыя беларускамоўныя (ці перакладзеныя на беларускую) песні ва ўласным арыгінальным прачытанні. Было атрымана 22 заявы. Канкурсанты пераспявалі песні гуртоў J:Морс, Akute, Zet, «Крама», «Песняры», «Верасы», «Сябры», Kriwi, «Крамбамбуля», Naka, «Новае Неба», «Без билета», Віктара Шалкевіча ды іншых, у тым ліку прыйшло два кавэры на «Купалінку» і адзін на Adele. Цікава, што ў конкурсе акром беларускіх музыкаў упершыню ўзялі ўдзел і прадстаўнікі іншай краіны – гурт «Колір:піяна» з Адэсы падаў заявы адразу ў дзьвух намінацыях.
У намінацыі «Спяваная паэзія» пададзена 33 заявы. Паводле ўмоваў, неабходна было самастойна выбраць верш вядомага сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і выканаць яго ва ўласнай манеры на сваю музыку. Канкурсанты спявалі на словы Генадзя Бураўкіна (ажно чатыры песні!), Рыгора Барадуліна, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса, Ніла Гілевіча, Авяр’яна Дзеружынскага, Паўлюка Труса, Віктара Жыбуля, Валянціны Аколавай, Яўгеніі Янішчыц, Ларысы Геніюш, Анатоля Вярцінскага, Андрэя Хадановіча, Алеся Плоткі, Дзяніса Сідарка, Ірыны Зорка, Андрэя Аляксандрава, Ірыны Багдановіч, Аксаны Стрыжыч, Віктара Лупасіна, Мікіты Найдзёнава ды іншых. З поўным спісам канкурсантаў можна азнаёміцца тут.
«Проста выдатна, што канкурсанты ахапілі розныя пласты беларускай сучаснай музыкі і паэзіі. Застаецца толькі радавацца, што спевы «Песняроў», «Крамы» і «Новага Неба», паэзія Купалы, Багдановіча і Труса ўспрымаецца моладзю як сучасная. Значыць яна не страчвае сваёй актуальнасці і натхняе іншае пакаленне на стварэнне новых твораў. Выбіраць сапраўды ёсць з каго!», – зазначаюць арганізатары конкурсу. Усе песні ўважліва адслухае журы, у якое ўваходзяць: музыкі Ігар Варашкевіч («Крама»), Валеры Дайнека («Беларускія Песняры») і Алег Хаменка («Палац»), паэты Адам Глёбус і Віталь Рыжкоў, культуроляг Максім Жбанкоў, журналісткаТацяна Заміроўская і прадстаўнікі аргкамітэту конкурсу – Павел Бераговіч (кіраўнік фонду «Вяртанне»), Ніна Шыдлоўская (каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!») і Сяргей Будкін (прадусар конкурсу, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm).
Прызавы фонд конкурсу складае 1000 еўра. Ён можа быць падзелены між некалькімі выканаўцамі. Пры гэтым у конкурсе можа быць і адзін пераможца, бо некаторыя выканаўцы падалі заявы ў абедзвюх намінацыях. Вынікі будуць абвешчаныя 14 траўня на парталах Tuzin.fm, Tut.by, Budzma.by. Пра ўзнагароджанне пераможцаў і фінальны канцэрт з гэтай нагоды будзе паведамлена дадаткова.