Закладнікі чужых таямніц гатовыя да адкрытай размовы

Удзельнікі спектакля-інтэрактыва «ШкілеТЫ» прапаноўваюць паразважаць пра тое, ці павінен чалавек цалкам давяраць блізкім або ў кожнага могуць быць свае сакрэты.

Фота wikipedia.org

Фота wikipedia.org

Над пастаноўкай працуе Аляксей Шутаў — акцёр тэатра і кіно ўпершыню выступіць у ролі рэжысёра. Прэм'ера спектакля адбудзецца 20 сакавіка на малой сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра.

Давярай, але правярай, заклікае народная мудрасць. У чалавека могуць быць спакусы, зацьменні і нават другі бок жыцця. Ці заўсёды таемнае павінна станавіцца відавочным? Сябры, сустрэўшыся на выстаўцы нейраграфікі, нявольна становяцца сведкамі схаванага жыцця адзін аднаго. Уварваўшыся ў асабістую прастору іншага чалавека, кожны рызыкуе застацца адзін, бо ідэальных людзей няма...

Тэма спектакля сёння зразумелая і блізкая кожнаму: тэлефоны і іншыя гаджэты ўвайшлі ў наша жыццё, яны здольныя адлюстроўваць і фіксаваць яго моманты, а часам нават замяняюць жывыя зносіны... Але гэта не тычыцца кампаніі даўніх знаёмых, якія сябруюць сем'ямі. Яны сустракаюцца на выстаўцы і не думаюць пра тое, што падчас бесклапотных зносін могуць адкрыцца таемныя бакі іх жыцця.

— У чалавека бываюць складаныя моманты, калі ён перажывае ўнутраную катастрофу, — адзначае Аляксей Шутаў. — А што звычайна робяць у выпадку катастроф? Імкнуцца знайсці «чорную скрыню», каб зразумець рэальную сітуацыю. Гэтак жа ў асабістых сітуацыях: адказы на шматлікія пытанні можа даць наша персанальная «чорная скрыня» — тэлефон. Бывае так, што інфармацыя, якая захоўваецца ў ім, выпадкова адкрывае іншым наш таемны бок. Мы разам з артыстамі пастараемся ўцягнуць гледачоў у размову: ці павінна ў чалавека заставацца прастора, якая належыць толькі яму?

Да ідэі спектакля падштурхнуў італьянскі фільм «Ідэальныя незнаёмцы». Аляксей Шутаў прапанаваў уласную тэатральную адаптацыю, набліжаную да нашых рэалій. Канцэптуальнае рашэнне рэжысёру дапамагла ажыццявіць мастачка Вольга Калабан, якая працуе ў кірунку нейраграфікі. Гэтае мастацтва дапамагае зняць унутранае напружанне, разабрацца ў складаных сітуацыях, лепш разумець іншых. Менавіта гэта і трэба зараз кожнаму з герояў. А, магчыма, і гледачам, якія маглі назіраць падобныя сітуацыі ў рэальнасці і сфарміравалі сваё стаўленне да іх. Свой погляд на праблему даверу паміж людзьмі можа выказаць кожны, хто знаходзіцца ў глядзельнай зале: у дзень паказу яна становіцца выставачнай прасторай, дзе ўсе — наведвальнікі экспазіцыі і ўдзельнікі гісторыі.

Аляксей Шутаў

Аляксей Шутаў


Аляксей Шутаў вучыўся на акцёрскім факультэце ВДІКа (майстэрня А. Джыгарханяна і А. Філозава). Працаваў у тэатры пад кіраўніцтвам Армэна Джыгарханяна, у «Цэнтры драматургіі і рэжысуры» Міхаіла Рошчына і Аляксея Казанцава, у тэатры «Чалавек». Вядомы гледачам па акцёрскіх работах больш чым у 20 фільмах. З 2017 году — акцёр Беларускага дзяржаўнага Маладзёжнага тэатра.

Давярай, але правярай, заклікае народная мудрасць. У чалавека могуць быць спакусы, зацьменні і нават другі бок жыцця. Ці заўсёды таемнае павінна станавіцца відавочным? Сябры, сустрэўшыся на выстаўцы нейраграфікі, нявольна становяцца сведкамі схаванага жыцця адзін аднаго. Уварваўшыся ў асабістую прастору іншага чалавека, кожны рызыкуе застацца адзін, бо ідэальных людзей няма...

А ці гатовыя вы даверыць блізкім самае патаемнае?

У спектаклі занятыя: Юрый Шаланкоў, Аляксандра Змітровіч, Гарык Вепшкоўскі, Таццяна Новік, Андрэй Гладкі, Вольга Давыдава-Роік, Аляксандр Корнеў, Дзяніс Майсейчык, Яўген Лук'янаў.

• рэжысёр-пастаноўшчык — Аляксей Шутаў

• мастак-пастаноўшчык — Вольга Калабан

• музычнае афармленне — Міхаіл Коранеў

Паводле прэс-рэлізу