Выйшаў першы том Збору твораў Яўгеніі Янішчыц
У выдавецтве «Беларуская навука» пабачыў свет першы том чатырохтомнага збору твораў паэткі Яўгеніі Янішчыц. Кніга рыхтавалася з 2012 года, укладальніцамі выдання сталі даследчыца Святлана Калядка і аднакурсніца і сяброўка Яўгеніі Тамара Аўсяннікава.
У першы том увайшлі вершы Яўгеніі Янішчыц, прыжыццёва апублікаваныя ў шасці паэтычных зборніках паэтэсы і кнізе выбранай паэзіі. Упершыню вершы прадстаўлены разам з літаратуразнаўчымі і навуковымі каментарыямі да іх. Таксама ў томе чытач знойдзе ўступны біяграфічны артыкул, хроніку жыцця і творчасці, радаводы па лініі маці і бацькі, успаміны родных, суседзяў, аднакласнікаў, настаўнікаў. Вялікая частка літаратуразнаўчых каментарыяў да вершаў была адмыслова напісаная для гэтага выдання.
Гэта своеасаблівая энцыклапедыя, прысвечаная жыццю і творчасці адной пісьменніцы. Да другога і чацвёртага тамоў будуць прыкладацца дыскі: першы дыск з запісам песень на словы Я. Янішчыц у выкананні беларускай спявачкі Таццяны Беланогай, фотаздымкі паэтэсы і вершы ў прачытанні Я. Янішчыц. У другі дыск увойдуць фільмы, прысвечаныя паэтэсе.
Першы том можна набыць у мінскай «Акадэмкнізе», а таксама ў самім выдавецтве.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"