Васіль Быкаў і музейныя каштоўнасці
Як
вядома, Глеб Лабадзенка прывёз у падарунак бычкоўскаму Музею-сядзібе Васіля
Быкава плазменны тэлевізар, фотаздымкі (і тое, і другое — падарунак слухачоў і
сяброў курсаў «Мова Нанова») і бясплатна адрэстаўраванае майстрам Яўгенам
Зарубайкам крэсла сям’і Быкавых. Але...
Але Ушацкі райвыканкам, спаслаўшыся на тое, што зроблена ўсё было без узгаднення з кіраўніцтвам Ушацкага музея народнай славы і «дадзеныя дзеянні з’яўляюцца парушэннем дзеючага заканадаўства ў галіне музейнай справы», вырашыў, што падораныя рэчы «не могуць быць залічаны ў разрад экспанатаў».
Ніхто не спрачаецца: Лабадзенка сапраўды зрабіў падарунак у парушэнне пэўных музейных палажэнняў. Але ж ёсць літара закону, а ёсць яшчэ дух закону. Па сутнасці, Глеб здзейсніў тое, што даўно ўжо належала зрабіць ушацкім музейшчыкам.
Цяпер
хтосьці згаджаецца, што ўшацкія ўлады павялі сябе правільна, бо калі б
Лабадзенка заявіўся са сваім тэлевізарам у Луўр, дык яго туды наўпрост не
пусцілі б. І ўвогуле, плазма ў вясковай хаце — гэта нонсенс!.. Але Бычкі — не
Парыж, а быкаўскі музей — далёка не Луўр, і хіба адсутнасць экскурсавода ў
бычкоўскім музеі не большы нонсенс? Лабадзенка і ўсталяваў той тэлевізар, каб
наведвальнікі маглі ўбачыць экскурсіі, якія праводзіла сястра Васіля Быкава
Валянціна Уладзіміраўна (і праводзіла, між іншым, дзякуючы таму ж Глебу) і якія
ён зафіксаваў на відэа. 89-гадовая Валянціна Уладзіміраўна была не толькі найлепшым
— яна была адзіным экскурсаводам па бычкоўскім музеі.
Што ўжо казаць пра крэсла, на якім рукой маленькага Васіля Быкава выразаны ініцыялы ягонага бацькі Уладзіміра Хведаравіча і якое не ўзялі, калі музей арганізаваўся, толькі таму, што яно… зламанае!..
Насамрэч многае вырашае не закон, а самі людзі. У звязку з гэтай прыкрай гісторыяй міжволі прыгадаліся тыя часы, калі я яшчэ працаваў над кнігай пра Васіля Быкава. Неяк выпадкова даведаўся ад Валянціны Уладзіміраўны, што ў адным з віцебскіх музеяў захоўваюцца франтавыя лісты яе брата — іх забралі на пачатку 1980-х, пасля таго, як Быкаву было нададзена званне народнага пісьменніка. Папярэдне патэлефанаваўшы, мы накіраваліся ў Віцебск разам з Рыгорам Барадуліным і маім сябрам Андрэем Палудам (увогуле, Барадулін разам з Генадзем Бураўкіным не толькі падтрымлівалі мяне падчас працы над быкаўскай кнігай — ён неаднойчы суправаждаў мяне ў вандроўках па быкаўскіх мясцінах).
Але ў Віцебску здарылася нечаканае: супрацоўніца музея па прозвішчы Казлова (яе імя цяпер не прыгадаю, затое прозвішча добра ўмацавалася ў памяці) заявіла, што копіі ўсіх лістоў яна не дасць. Матывацыя: «Калі вы надрукуеце гэтыя лісты, наша калекцыя згубіць каштоўнасць. Таму толькі шэсць лістоў». Але перад тым трэба, каб Барадулін напісаў мне… рэкамендацыю.
Рэкамендацыю проста як чалавеку. Варта зазначыць, што такога патрабавання ў музейнай справе не існуе ў прынцыпе, тым не менш дзядзька Рыгор вымушаны быў напісаць. Калі рэкамендацыя была гатовая, я пажартаваў, што, маўляў, цяпер яе таксама можна здаць у музейны архіў, і пачуў у адказ на поўным сур’ёзе: «Гэта пасля. Вы яшчэ не з’ехалі». Пазней я спрабаваў даведацца пра тую рэкамендацыю, але яна ў музейныя сховішчы, відаць, не патрапіла — ва ўсялякім выпадку, яе не знайшлі…
Між іншым, наступным разам мы збіраліся ўжо ў Гародню, але Барадулін чамусьці марудзіў і не пагаджаўся на новую вандроўку. Прычыну пасля патлумачыў: ён чакаў у Гародні такога ж «прыёму», як у Віцебску. Але гэты заходні старажытны горад сустракаў іначай — жонка пісьменніка Аляксея Карпюка Інга Анатольеўна, прафесар Аляксей Пяткевіч, паэт Юрка Голуб, супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча на чале з тагачаснай яго дырэктаркай Аленай Гайко былі ўзорам ветлівасці і гасціннасці, і неаднойчы потым мы гаварылі з Барадуліным, што варта было б яшчэ раз наведаць Гародню…
Але што да франтавых лістоў: мо гады два потым я не раз тэлефанаваў і пісаў Казловай з просьбай не адмовіць у копіях іншых лістоў. Зрэшты, усё было марна. Нарэшце, аднойчы мы разам з Андрэем Палудам і Валянцінай Уладзіміраўнай без папярэджання прыехалі ў Віцебск і чатыры гадзіны запар угаворвалі Казлову не адмовіць у маёй, у нашай просьбе…
Бедная Валянціна Уладзіміраўна, якой было 80 гадоў і якая дзеля гэтага праехала больш сотні кіламетраў, плакала, просячы пра тыя лісты. І гэта пры тым, што яны некалі належалі ёй і яе сям’і, гэта яна першай чытала іх, бо мама была непісьменная, і гэта і да яе ў тым ліку звяртаўся Быкаў, калі пісаў з фронту: «Добрый день, дорогие мои Тата, Мама, Валичка и Николка!.. Как работает Валичка, как учится Николай? За эти четыре года Валичка и Николка, наверное, на много подросли. Я вот считаю: ведь Вале в 40 г. было 14 лет, а сейчас 18, наверное, уж ни одной вечеринки не пропускает. А Николаю уже пятнадцатый год. Это почти столько, сколько мне было, когда я уезжал от Вас. В эти годы им бы учиться да учиться…»
Аднак Казлова была няўмольная. Увогуле, мне ў Віцебску было заяўлена: «А чаму вы ўзяліся пісаць пра Быкава? Небеларус ніколі не зразумее беларускую душу». Я, па шчырасці, разгубіўся тады: мо і сапраўды не маю такога права, калі ўжо беларус(-ка) кажа мне, небеларусу, такое? Я яшчэ не збіраў у той час не толькі па Беларусі — па ўсім свеце лісты Васіля Быкава, яшчэ была не завершана праца над быкаўскім двухтомнікам, не было нават думкі пра кнігу «Дажыць да зялёнай травы…», дзе разам былі надрукаваны лісты двух сяброў — Быкава і Барадуліна, ужо не кажу пра «Гарадзенскі архіў» Васіля Уладзіміравіча і непадцэнзурныя выданні «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыі» («Сотнікава»)…
І зноў пайшлі гады на ліставанне з Віцебскам (а дакладней — з Казловай), пакуль, нарэшце, у Бычкі не прыйшоў пакет з копіямі франтавых лістоў Быкава, праўда, зноў жа не ўсіх, але як добрая, сардэчная Валянціна Уладзіміраўна была тады рада!.. А ўсе копіі я змог атрымаць толькі праз дзесяць гадоў ад пачатку гэтай гісторыі — ужо калі Казлова не працавала ў музеі…
І вось цяпер ушацкая гісторыя… Калі бычкоўскі музей быў толькі пабудаваны, я заўважыў Генадзю Бураўкіну, што музей гэты мала падобны на ранейшую хату, але Генадзь Мікалаевіч адказаў: «Цяпер наша задача заключаецца ў тым, каб там з’явіўся дух Васіля». Аднак тое, пра што яшчэ дванаццаць гадоў таму сказаў блізкі сябар Васіля Быкава, не адбылося, на мой погляд, і да сёння. І наўрад ці здзейсніцца, пакуль тыя, ад каго гэта залежыць, будуць дбаць выключна пра літару закону, забываючыся пры гэтым дух гэтага закону.
P. S. Ужо пасля таго, як гэтая гісторыя стала вядомая, Глебу пазванілі з мінскага Музея гісторыі беларускай гісторыі: яны былі б рады прыняць усё тое, ад чаго адмовіліся ва Ушачах. Але Глеб Лабадзенка лічыць, што гэта на выключны выпадак, бо гэтыя рэчы ўсё ж павінны знаходзіцца ў Бычках. І, безумоўна, ён і тут мае рацыю.