У Мінску не прадаюць квіткі на фільм «Смерць Сталіна», забаронены ў Расіі

Папярэдні продаж квіткоў на фільм «Смерць Сталіна» забаранілі ў Мінску. Нават калі Міністэрства культуры дазволіць пракат фільма ў Беларусі, «Смерць Сталіна» беларускаму гледачу пакажуць значна пазней, паведаміла «Радыё Свабода».

ca3c4aed_0675_4e41_8b72_c15d1459fe72_w1023_r1_s.jpg

Паказ брытанскага фільма «Смерць Сталіна» быў запланаваны ў Мінску 25 і 26 студзеня ў камерцыйных кінатэатрах Falcon Club Буцік кіно і Silver Screen у гандлёвым цэнтры Дана Мол.

Дырэктар па рэпертуарным планаванні сеткі Silver Screen Анастасія Гурына паведаміла “Радыё Свабода”, што папярэдні продаж квіткоў на фільм «Сьмерць Сталіна» пакуль часова прыпынілі:

«Пакуль пытанне „падвісла“, І ўжо ёсць інфармацыя, што наша Міністэрства культуры хоча папярэдне паглядзець фільм, каб прыняць рашэнне. І мы з пракатчыкам менавіта цяпер тэрмінова вырашаем, як стужку запісаць і прадаставіць экспертам. Яны будуць вырашаць, дазволіць ці не дазволіць выстаўляць фільм у пракат. Але папярэдне нам ужо забаранілі прадаваць квіткі. Так было і ў Расіі: яго спачатку дазволілі, але за два дні адклікалі пракатнае пасведчанне. Выглядае, што ў Беларусі фільм таксама забароняць. Нават калі і не забароняць, а дазволяць, своечасова мы не стартуем, фільм пакажуць пазней за сусветную прэм’еру», — кажа Анастасія Гурына.

У аддзеле інфармацыі і рэкламы дзяржаўнага «Кінавідэапракату» “Радыё Свабода” паведамілі, што фільму «Смерць Сталіна» у іх няма, і ў кінатэатрах «Кастрычнік», «Масква» ды іншых яго наагул не пакажуць.

Начальнік аддзела па кінематаграфіі Аляксандр Рыдван адмовіўся адказваць на пытанне  “Радыё Свабода”, ці пакажуць фільм у Беларусі, які парадак прагляду фільмаў і параіў звярнуцца з афіцыйным запытам. Спадар Рыдван спаслаўся на закон і парадак.

«У нас ёсць заканадаўства, якое рэгулюе ўсемагчымае праяўленне экстрэмізму, альбо прапаганды парнаграфіі, жорсткасці, гвалту ў дачыненне дзяцей. Калі ўсе гэтыя палажэнні заканадаўства будуць выкананыя, ніякіх прэтэнзій не будзе. Калі нашы эксперты знойдуць нейкія неадпаведнасці, натуральна, будзем забараняць», — сказаў чыноўнік Мінкульту Аляксандр Рыдван.

Апрача Мінску нідзе ў Беларусі не планавалі паказу гэтага фільму.

Напярэдадні стала вядома пра адмену паказу фільму «Смерць Сталіна» ў Расіі. Там фільм брытанскага рэжысёра Арманда Іанучы павінен быў выйсці ў пракат 25 студзеня. За два дні да прэм'еры міністэрства культуры адклікала пракатнае пасведчанне стужкі — нагадвае “Медуза". — Фільм будзе накіраваны на дадатковую юрыдычную экспертызу, заявіў кіраўнік Мінкультуры Уладзімір Мядзінскі. У камітэце па культуры Дзярждумы фільма назвалі «пасквілем, правакацыяй, спробай пераканаць нас, што і краіна ў нас жудасная, і народ у нас ідыёт, і кіраўнікі нашы дурні». Іанучы ў інтэрв'ю ў «Медузе» казаў, што «з адчувальнымі тэмамі трэба быць далікатным, але гэта не значыць, што яны не могуць стаць асновай для камедыі».

Сусветная прэмʼера брытанскай сатырычнай камедыі «Смерць Сталіна» адбылася ў верасні 2017 года. Сюжэт кінакарціны засяроджаны на гонцы за ўладу ў СССР пасля смерці Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе.

 Паводле www.svaboda.org, meduza.io