Затрыманаму ва Украіне беларусу вынеслі абвінаваўчае заключэнне

Затрыманаму ва Украіне беларусу вынеслі абвінаваўчае заключэнне, яму пагражае 10–15 гадоў турмы

Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Затрыманаму ва Украіне за шпіянаж беларусу вынеслі абвінаваўчае заключэнне і працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. Пра гэта TUT.BY распавялі ў пасольстве Беларусі ва Украіне. Беларусу інкрымінуюць ч. 1 арт. 114 КК Украіны «Шпіянаж. Перадача або збіранне з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам звестак, якія складаюць дзяржаўную тайну, калі гэтыя дзеянні здзейсненыя замежнікам або асобай без грамадзянства».

Калі віна беларуса будзе даказаная, яго могуць пасадзіць на 10–15 гадоў. Таксама паводле гэтага артыкулу прадугледжана магчымасць канфіскацыі маёмасці.

Зараз абвінавачваны знаходзіцца ў СІЗА Чарнігава. Тэрмін утрымання пад вартай яму працягнулі амаль да канца лютага. Цяпер справа будзе накіравана пракурору, які пасля праверкі можа накіраваць абвінаваўчы акт у суд.

Грамадзяніна Беларусі затрымалі ў чэрвені 2017 года ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы. З чэрвеня яго трымаюць у чарнігаўскім СІЗА. Сам затрыманы сваю датычнасць да шпіёнскай дзейнасці адмаўляе і запэўнівае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расіі.

Генеральная пракуратура Беларусі лічыць, што крымінальная справа супраць беларуса, затрыманага за шпіянаж ва Украіне, мае палітычны падтэкст, і ў ведамства «ёсць абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці шпіянажу».

Напрыклад, як распавяла Генпракуратура, украінскі бок паведамляў, што затрыманы, дзейнічаючы ў інтарэсах трэцяга боку, збіраў на тэрыторыі Украіны інфармацыю, якая з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай у сферы абараназдольнасці Украіны, звесткі аб ходзе правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны.

 Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона. Але беларускімі следчымі была атрымана дадатковая інфармацыя, згодна з якой файл з дадзенымі быў загружаны ў тэлефон не самім затрыманым, а яго ўкраінскім таварышам, які дзейнічаў пад кантролем Службы бяспекі Украіны.

Беларуская Генпракуратура таксама лічыць, што недакладнае расследаванне справы «ставіць пад сумнеў бесстароннасць украінскай Феміды і адсутнасць палітычнага падтэксту ў дадзенай справе».

www.radyjo.net