У Мінску адкрыецца выстава «Чароўны свет выцінанкі»
18 верасня а 17-ай гадзіне ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» (Палац Рэспублікі) адкрываецца выстава «Чароўны свет выцінанкі».
Удзельнікі выставы – унікальныя аўтары, члены
Беларускага саюза майстроў народнай творчасці: Галіна Жураўлёва, дыпламант
Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў «Вясновы букет» (2014, 2017 гг), выкладчык
Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, Наталля Клімко, дырэктар
Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў, прыхільнік традыцыйнага мастацтва
Навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай
культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, Наталля Клютко, педагог дадатковай
адукацыі Косаўскай сярэдняй школы, Вольга Налівайка, педагог Цэнтра дадатковай
адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк» г. Мінска, удзельніца міжнародных
конкурсаў у Беларусі, Літве, Польшча, Валянціна Слюнчанка, выкладчык выяўленчага
і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, удзельніца міжнародных выстаў у Беларусі,
Расіі, Украіне.
***
На тэрыторыі Беларусі выцінанка распаўсюджваецца з XVI ст. У асяродку шляхты існавала сілуэтная выразка (чорна-белыя рэалістычныя выявы людзей, прыродных матываў, бытавых сцэн). Пашырэнне выцінанкі ў беларускім народным побыце прыпадае на канец ХІХ – пачатак ХХ стст. і звязана са зменамі ў характары народнага жылля, з адноснай даступнасцю і таннасцю паперы, з новымі тэндэнцыямі ў народным мастацтве. З канца ХІХ ст. знікаюць курныя хаты, на змену якім прыходзяць так званыя “чыстыя”, што выклікала патрэбу ў аздабленні інтэр’ера, стымулявала пашырэнне новых відаў беларускага народнага мастацтва. Карункі з белай, чорнай ці каляровай паперы аздобілі сцены, бэлькі, вокны, мэблю, паліцы для посуду, абразоў.
Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.
У рамках выставачнага праекта адбудуцца майстар-класы і творчыя сустрэчы з аўтарамі.
Выстава будзе працаваць да 28 верасня.
Адрас галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі)