У гродзенскай Каложы завяршыліся рамонтныя работы
З гэтай нагоды ў Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве адслужылі падзячны малебен.
— Сёння храм жыве паўнавартасным богаслужбовым літургічным жыццём. Абсалютна ўсе, хто яго наведвае, адзначаюць высокую якасць праведзеных работ. І ў першую чаргу пра гэта кажуць прыхаджане. Шматкроць чую словы пра тое, што нашмат радасней стала гучаць малітва кожнага, хто прыходзіць сюды. З радасцю дзякуем кожнаму, хто спрычыніўся да гэтага значнай падзеі, хто прыклаў намаганні да таго, каб беларуская святыня здабыла годны выгляд, — сказаў настаяцель царквы протаіярэй Аляксандр Балоннікаў.
Работы ў храме пачаліся ў 2017 годзе. Рамонт прадугледжваў нямала карпатлівай працы, патрабаваў нестандартнага падыходу. З вялікім прафесіяналізмам вырашылі задачу прадстаўнікі УП «Інстытут Гроднаграмадзянпраект», ААТ «Гроднажылбуд», упраўленне культуры і УКБ аблвыканкама. У пачатку мінулага года завяршылі рамонт драўлянай сцяны храма, сродкі на які былі выдзелены з фонду кіраўніка дзяржавы па падтрымцы культуры і мастацтва.
— Дзякуючы вылучаным сродкам было зроблена самае галоўнае — адноўлена драўляная частка сцяны з пілястрамі, якія паўтараюць архітэктурны контур каменнай часткі храма. Унутраны рамонт выконваўся за кошт сродкаў абласнога бюджэту, спонсарскай дапамогі. Завершана аздабленне драўлянай сцяны знутры, замененыя столь, падлога ў алтарнай частцы, узведзены балкон для пеўчых. Важна, што на гэтым аб'екце добра спрацавалі і праекціроўшчыкі і будаўнікі. Галоўным прынцыпам было — не нашкодзіць. Усе работы праводзіліся асцярожна, пры пастаяннай прысутнасці навуковага кіраўніка і галоўнага архітэктара праекта капітальнага рамонту Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы Алены Счаснай, прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёння таксама добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, устаноўлены свяцільні і пражэктары, што асвятляюць Каложскую царкву ў цёмны час сутак, — адзначыла начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч.
На гэтым працы ў храме не завершацца. Ужо цяпер абмяркоўваюцца пытанні кансервацыі каменнай часткі храма, стабілізацыі тэмпературна-вільготнаснага рэжыму ўнутры царквы. А 14 студзеня ў Каложскай царкве пройдзе боская літургія, прысвечаная абнаўленню храма.
Кацярына Весялуха, grodnonews.by