ТОП–5 дарагіх карцін у галерэях Гродна

Колькі каштуюць самыя дарагія карціны ў Гродне і чыйму пэндзлю яны належаць? Мы абышлі гарадзенскія галерэі, каб дазнацца, колькі каштуе сапраўдны талент і якія тэндэнцыі назіраюцца сярод гарадзенскіх аматараў мастацтва.



get_img76.jpg

Калі на заводах заўсёды можна распісаць, з чаго складаецца кошт прадукцыі, то ў мастацтве, вядома, усё па-іншаму. Галоўнае, ад чаго залежыць кошт — імя аўтара, колькасць у яго персанальных выставаў на радзіме і за мяжой, наяўнасць яго прац у мастацкіх музеях.

Можа стацца, што галерэя складае кантракт з мастаком і пасля дыктуе, па якіх коштах яму прадавацца. Здараецца і так, што мастакі адмыслова завышаюць кошт сваіх прац, каб яны доўгі час знаходзіліся ў галерэях і рабілі аўтару рэкламу.

Мы пастараліся сабраць пяць самых дарагіх карцін, якія на сённяшні момант упрыгожваюць сцены гарадзенскіх галерэй. Прадстаўляем іх у парадку ўзрастання коштаў.

5 месца. Галерэя “Хата мастака”, працы Наталлі Ляпкінай, цана 2 000 000

get_img?ImageId=32740

 

 

— Серыя прац была напісана мастачкай пасля паездкі ў Непал, дзе дзяўчына жыла пэўны час. Тут праглядаецца тэма будызму і мясцовага каларыту. На адной з карцін — сын духоўнага настаўніка Наталлі,  расказала гісторыю ўзнікнення твора дырэктарка “Хаты мастака” Жана Жукава.  Наталля Ляпкіна — мастачка даволі вядомая ў Гродне. У нас была яе персанальная выстава. Яна ўжо мае сваіх пакупнікоў: людзі яе ведаюць, хтосьці нават серыямі купляе карціны.

— Наконт тэндэнцыяў казаць цяжка, але мне падаецца, працягвала Жана, —што народ наш ужо адышоў ад рэалізму. Калі раней былі запатрабаваны рэалістычныя пейзажы, нацюрморты, то зараз пад сучасныя інтэр’еры людзі абіраюць нейкія абстрактныя філасофскія карціны.

4 месца. Галерэя “У майстра”,  Васіль Мартынчук “Вавілонская вежа”, цана 4 253 000

 

get_img?ImageId=32745

 

— Васіль Мартынчук — гарадзенскі мастак. Ён рабіў серыю прац на біблейскую тэматыку. Гэта “Вавілонская вежа”, а ёсць яшчэ “Каханне караля”, ёсць “Давідавы песні”, расказала дырэктарка галерэі, мастацтвазнаўца Ала Матук— Праца гэтая — паўтор з выставы, што ладзілася ў Варшаве. Звычайна паўторы каштуюць троху танней за арыгіналы, але творчасць Васіля даволі папулярная і ў нас, і на Захадзе — таму вось так…

get_img?ImageId=32743

 

Спадарыня Ала заўважае, што зараз гарадзенцаў цікавіць крэатыўнае мастацтва, а класічны рэалізм ужо троху надакучыў. Але ж карціны, якія адлюстроўваюць Гродна і гарадзенскую архітэктуру актуальныя заўсёды.

— Трэба адчуваць мяжу паміж высокім мастацтвам і тым, што прынята называць “кічам”. Таму што звычайна спажывец просіць нешта такое, каб яно было “Ах!”. Калі ты паказваеш яму нешта высокае, ён кажа: “Не цікава”. Яны хочуць нешта “ВАЎ”  — феерверк фарбаў…

Аднак мае меркаванне мастацтвазнаўцы не заўсёды правільнае. Пакуль працую тут, зразумела, што колькі карцін — столькі і пакупнікоў. Гэтаксама, як колькі хлопчыкаў, столькі і дзяўчатак, якім яны падабаюцца.

3 месца. Гарадзенская выставачная зала, Сяргей Грыневіч “Ванна Клеапатры”, кошт 9 800 000

 

get_img?ImageId=32738

 

 

— Грыневіч — адзін з самых знакамітых мастакоў у Гродне. Ён выстаўляецца ў Швейцарыі, Польшчы, Кіеве, Маскве, расказала пра аўтара карціны дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч.  У свой час ён скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. Гэта мастак-манументаліст, такіх прафесіяналаў выпускаюць 5–6 чалавек у год, і яны валодаюць рознымі тэхнікамі. У старым корпусе ўнівермага ёсць вітражы Грыневіча, у 4-й лякарні — яго графіка на сценах. Грыневіча ўсе ведаюць і ўсе галерэі хочуць з ім супрацоўнічаць.

Як лічыць спадарыня Ірына, галоўны крытэр, па якім гарадзенцы зараз абіраюць карціну, “каб падабалася і пасавала да інтэр’еру”. Але зацікаўленасць мастацтвам ідзе зараз на спад: як у Гродне, так і ў Мінску карціны купляюць радзей.

2 месца. Галерэя “Тызенгаўз”, Ганна Сілівончык, кошт каля 13 000 000

 

get_img?ImageId=32749

 

 

Ганна вядомая мінская мастачка. Шматслойнасць і метафарычнасць яе выяўленчай мовы ўражвае. Творчасць Ганны — гэта своеасаблівая філасофія жыцця, народжаная з глыбінных эмацыйных перажыванняў.

1 месца. Галерэя “Тызенгаўз”, Сяргей Грыневіч “Чарлі Чаплін”, кошт 18 250 000

 

get_img?ImageId=32747

 

 

get_img?ImageId=32748

 

— Аўтар — Сягрей Грыневіч, і, я думаю, гэтым усё сказана, была нешматслоўнай дырэктарка галерэі Галіна Сарока.

 

 

get_img?ImageId=32746

— Кожная карціна павінна знайсці свайго чалавека. Да таго ж, у чалавека павінны аказацца грошы, якіх яна каштуе, растлумачыла асноўную тэндэнцыю спадарыня Галіна.  А гэтыя параметры супадаюць рэдка. Таму прадаць добрую дарагую карціну ў наш час вельмі няпроста.

Мы паспрабавалі высветліць, колькі каштуюць карціны, што вісяць у арт-кафэ “Палітра”, аднак там нам чамусьці сказалі, што карцін яны не прадаюць. На вока мы ацанілі, што сярод прац, што вісяць на сценах кавярні, дакладна павінны быць карціны ў дыяпазоне ад 5 да 10 мільёнаў, якія маглі б патрапіць у наш топ.

 

get_img?ImageId=32736


 

У “Крыгу” мы завіталі акурат падчас пленэру польскіх і нямецкіх мастакоў, таму вырашылі не турбаваць спадарыню Марысю, бо ў дырэктаркі галерэі і без нас было шмат-шмат клопатаў. Але сапраўдныя аматары мастацтва ведаюць, што там можна сустрэць творы вельмі рознага кошту: як цалкам даступныя, гэтак і не вельмі.

www.t-styl.info

Здымкі Яўгена Кандратовіча