Топ-10 фільмаў пра вясельлі
Канец лета – залаты час для нявестаў і жаніхоў. Маладыя імкнуцца законна аформіць свае адносіны. У кіно гэты працэс паказаны з усіх магчымых бакоў. Склалі сьпіс з дзесяці лепшых стужак, у якіх справа ў тым ліку вядзецца пра вясельле, вянчаньне, шлюб. Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Чатыры вясельлі і адно пахаваньне (Four Weddings and a Funeral). 1993
Усё як у жыцьці. Стужка Майка Ньюэла зьяўляецца выдатным абразцом кіно 90-х. Х’ю Грант і Эндзі Макдаўэл зьняліся ў незьлічонай колькасьці не самых сьмешных і не самых рамантычных камедыях. Але гэты фільм – безумоўнае выключэньне ў іх паслужных сьпісах.
Мы будзем назіраць за вечнай гісторыяй, калі хлопец, які і ня думаў браць шлюб, пад уплывам тых ці іншых абставінаў вымушаны каардынальна зьмяніць свой жыцьцёвы плян.
Прыемная, лёгкая камедыя. Дарэчы, у пракаце яна акупілася больш чым у 60 разоў і да канца ХХ стагодзьдзя была самай прыбытковай стужкай брытанскага кінематографу!
Нумар 9. Выпускнік (The Graduate). 1967
З такой назвай на мяжы тысячыгодзьдзяў маглі выйсьці няхітрыя падлеткавыя фільмы, дзе амэрыканскія амаль дарослыя спрабуюць усё тое, што было афіцыйна забароненым у дзяцінстве, са шматлікімі камічнымі сытуацыямі ніжэй поясу. Як вы разумееце, Дасьцін Хофман не падпісваўся на падобнага кшталту стужку, а таму перад намі – выдатнага ўзроўню кіно.
Вы ўбачыце па-майстэрску зьнятыя рознагалосьсі паміж пакаленьнямі, юнацкае расчараваньне і моцны бунт супраць чаканьняў грамадзтва. Ня будзе памылкаю заявіць, што гэтая стужка зрабіла Дасьціна Хофмана новай зоркай экрану. Сцэна, у якой Хофман робіць нечаканы ўчынак на вясельлі – не пакіне вашае сэрца чэрствым.
Атмасфэра фільма чароўным чынам падкрэсьліваецца легендарнымі песьнямі гурта Simon & Garfunkel. Іх песьні "The Sound of Silence" і "Mrs. Robinson" дадаюць інтымнай шчырасьці ўсяму кінавыказваньню рэжысэра і актора.
Нумар 8. Пра час (About Time). 2013
Стужка дазваляе гледачам паспрабаваць падарожнічаць у часе, але з глыбокім дасьледаваньнем сямейных адносінаў, асабліва паміж бацькамі і дзецьмі. На першы погляд, фільм уяўляе сабой звычайную рамантычную камедыю, якая зьбіраецца паказаць нам як галоўны герой, калі ён выяўляе сваю здольнасьць падарожнічаць у часе, спрабуе знайсьці і скарыць сваё каханьне. Тым не менш, пад камедыйным выглядам стужка зьвяртаецца да тэмаў сям’і, страты і няўмольнай плыні часу.
У цэнтры фільма – сяброўскія адносіны паміж бацькам і сынам. Бацька адкрывае дзіцю ўнікальную сямейную здольнасьць па мужчынскай лініі – магчымасьць падарожнічаць у часе. Гэта магчыма зрабіць толькі ў тыю абставіны, якія ўжо здараліся з падарожнікам, але ёсьць абмежаваньне – нельга вярнуцца ў той час, які папярэднічаў нараджэньню свайго дзіця.
Марго Робі выконвае ролю дзяўчыны, якая прымушае сэрца галоўнага героя біцца хутчэй. Вельмі кранальная стужка.
Нумар 7. Рэйчэл выходзіць замуж (Rachel Getting Married). 2008
Рэжысэр Джонатан Дэмэ выносіць на экраны грубыя эмоцыі і непахісную сапраўднасьць галоўнай гераіні ў выкананьні Эн Хэтуэй. Яе гераіня вяртаецца з рэабілітацыйнага цэнтра ў родны дом на галоўную падзею — вясельле яе сястры Рэйчэл. Разгортваецца не толькі падрыхтоўка да вясельля і сьвяткаваньня, але і апэрацыя вы выкрываньні даўніх крыўдаў і траўмаў, якія ляжаць у аснове гэтай, здавалася б, амаль ідэальнай сям'і.
Неспакойнае мінулае гераіні Эн Хэтуэй, у тым ліку трагічны выпадак, кідае цень на ўсе ўрачыстасьці. Сям’і прыйдзецца прайсьці праз ачышчэньне напярэдадні пабудовы новага.
Нумар 6. Як выйсьці замуж за мільянэра (How to Marry a Millionaire). 1953
У стужцы гераіня Мэрылін Манро не валодае капіталамі, але толькі імкнецца іх атрымаць. Стары як сьвет спосаб: выйсьці замуж за мільянэра. Рэжысэр Жан Негулеску знаёміць нас з трыма сяброўкамі, чый стартап палягае на тым, каб зьняць максімальна шыкоўную кватэру ў Нью-Ёрку, заляцацца да мясцовай эліты і ўрэшце прадаць сябе як мага даражэй.
Падчас няўдалых спробаў сяброўкам прыходзіцца прадаваць начыньне здымнай кватэры, каб замовіць ежы. Поўная камэдыйных сітуацый стужка, дзе гераіні апранаюць, як бы зараз сказалі, рэтрастроі. Паглядзіце, цалкам верагодна, вы б жадалі мець нешта падобнае ў сваім гардэробе (альбо гардэробе сваёй музы).
Нумар 5. Знаёмства з бацькамі (Meet the Parents). 2000
У кожнай пары адбываецца гэты няёмкі момант, калі неабходна пазнаёміць сваю «палову» з бацькамі. Усё можа пайсьці па ідэальным сцэнары, але што калі нехта валодае непераадольнымі супярэчаньнямі? Што калі гэтыя людзі не могуць знаходзіцца ў адным пакоі? Робэрт Дэ Ніра грае ролю вельмі падазронага бацькі, а Бэн Стылер — небараку — жаніха, якому неабходна выкарыстаць усе свае здольнасьці, каб завалодаць блаславеньнем патэнцыйнага цесьця.
Стужка пранізаная сьмешнымі сытуацыямі, у якія трапляюць героі. Паспрабуйце паставіць сябе на месца аднаго зь іх? Яшчэ больш вясёлым прагляд фільма будзе, калі сумясьціце яго з агульна-сямейнай сустрэчай. Няхай ужо няёмка будзе ўсім. Праходзіць праз такое – тая яшчэ забава.
Нумар 4. Бацька нявесты (Father of the Bride). 1991
Улюбёная мільёнамі мілая стужка пра вясельле і пра кранальныя адносіны дачкі са сваім бацькам напярэдадні ўрачыстасьці. Стыў Марцін у вобразе таго, хто ў бліжэйшы час згубіць шалёныя грошы на падрыхтоўцы вясельля, і самае галоўнае – дачку ў фінале. Не самыя радасныя ўводныя дадзеныя для бадай што кожнага бацькі нявесты.
У стужцы гледачы пройдуць усе этапы падрыхтоўкі: ад агалошваньня да вясельнай вечарыны пасьля вянчаньня. Стыва Марціна ў фільме падтрымлівае Даян Кітан у вобразе маці.
Нумар 3. Шлюб па-італьянску (Matrimonio all'italiana). 1964
Клясычная стужка выбітнага Віторыа Дэ Сіка з шыкоўнай экраннай парай – Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні. Гэтых трох імёнаў у адным сказе звычайна ўжо павінна хапіць, каб без прамаруджваньня пачаць глядзець фільм, але мы яшчэ крыху панахвальваем яго.
Перад гледачамі насамрэч ня лёгкая італьянская камэдыя пра прыгоды і рамантычныя здарэньні. Рэжысэр прапануе вельмі складаную гісторыю пра трагічны лёс жанчыны, якая праўдамі і няпраўдамі прагне самага простага: шчасьця з каханым чалавекам. Але яна працуе ў бардэлі, а ён – ня з тых, хто марыць зьвязаць сябе вечнымі абавязкамі.
Дэ Сіка пагружае гледачоў у сапраўднае жыцьцё, якое мала чым адрозьніваецца: Італія за вакном ці Беларусь.
Нумар 2. Мэлянхолія (Melancholia). 2011
Які стан душы найбольш пасуе чалавеку для зьмястоўнага жыцьця? Ларс фон Трыер стварыў фільм, дзе чалавечыя слабасьці шукаюць шляхі пераходу ў стан цалкам адваротны, дзе абыякавасьць дзівосным чынам пераўвасабляецца ў прагу да жыцьця і творчасьці. А імпэт і энэргія саступаюць месца безвыходнасьці ў той самы момант нябачнага пераходу. Мы бачым двух сёстраў у выкананьні Кірстэн Данст і Шарлот Гінзбур, якія становяцца ў цалкам іншую пазыцыю ў параўнаньні з тым, кім яны былі напачатку.
Гісторыя адбываецца на фоне набліжэньня да нашай Зямлі іншай плянэты — з назвай Мэлянхолія. Штосьці страшэннае альбо выратавальнае чакае кожнага несельніка Зямлі. Зьмены адбудуцца і з галоўнымі гераінямі. А вакол – адбываецца вясельле.
Падчас прэм’еры стужкі на Канскім кінафэсьце адбыўся скандал, куды часта трапляе фон Трыер. У выніку рэжысэр быў абвешчаны асобай нон-грата і ягоныя стужкі больш не траплялі ў конкурсную праграму. Але за гэтую — Кірстэн Данст атрымала ўзнагароду як лепшая акторка.
Нумар 1. Філадэльфійская гісторыя (The Philadelphia Story). 1940
Гэтая камедыя Джорджа К'юкара займае асобнае месца сярод лепшых прадстаўнікоў жанру ў гісторыі.
Кэтрын Хёпбэрн зьзяе тут у ролі маладой сьвецкай ільвіцы, на вясельле якой запрошаныя шматлікія госьці і прэса. Усё мусіць адбыцца праз некалькі дзён, але ў загарадны дом, месца цырымоніі, якая мае адбыцца, прыяжджае былы муж гераіні ў выкананьні Кэры Гранта, а таксама пара незапрошаных журналістаў, якія мараць зрабіць сакавіты рэпартаж. Аднаго зь іх грае выдатны Джэймс Сьцюарт.
Фільм абавязковы для прагляду аматарам вечных рамантычных камедый і клясычнага галівудзкага глямуру.
Прыемнага прагляду!