Топ-10 фільмаў Джона Ўэйна, героя вэстэрнаў, які мог стаць прэзідэнтам раней за Рэйгана
Да надыходу эпохі Клінта Іствуда менавіта Джон Уэйн напрацягу дзесяцігодзьдзяў быў каралём фільмаў пра Дзікі Захад. Вядома, гэта не адмяняла і іншыя драматычныя амплуа. Напрыканцы 1960-х Джон Уэйн разглядаўся як магчымы кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на выбарах прэзідэнта ЗША. Раптоўная цяжкая хвароба перашкодзіла тым плянам. З нагоды народзінаў вялікага актора мы склалі сьпіс зь яго лепшых роляў. Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Вайсковы фургон (The War Wagon). 1967
Выдатны вэстэрн ад Бэрта Кэнэдзі з Кіркам Дугласам і каролём гэтага жанру Джонам Уэйнам у галоўных ролях. Іх экраннае партнэрства па-сапраўднаму ўзьвялічвае гэтую не самую складаную на першы погляд гісторыю пра помсту і рабаваньне.
Рэжыср Бэрт Кэнэдзі ўмела ўраўнаважвае традыцыйныя перастрэлкі, якія можна чакаць ад вэстэрну, з тонкасьцямі і напружанасьцю плянаваньня рабаваньня. Аднайменны «Вайсковы фургон» — гэта браняваная крэпасьць на колах, якая становіцца сымбалем індустрыяльнай магутнасьці новага часу, супраць якой героі павінны супрацьстаяць сваім розумам і здольнасьцямі, набытымі на Дзікім Захадзе.
Ці атрымаецца Дугласу і Ўэйну абрабаваць фургон?
Нумар 9. Па мэтадзе Харма (In Harm's Way). 1965
Стужка Ота Прэмінджэра з Кіркам Дугласам Генры Фонда і Джонам Уэйнам разгортваецца на фоне Ціхаакіянскага тэатра падчас Другой сусьветнай вайны. Дуглас, які грае змучанага камандзіра, зьяўляецца чалавекам, які трапіў у пастку глыбокіх нутраных канфліктаў, якія адбываюцца паралельна зь вялікай бітвай.
Фільм, хоць і грандыёзны па сваім размаху, ніколі не губляе з-пад увагі людзей, якія жывуць і паміраюць у гэты ваенны час. Адносіны, суперніцтва і раманы, якія ўзьнікаюць, дадаюць глыбіні карціне, без якіх гэта было б простым ваенным апавяданьнем «Беларусьфільма».
Даўжыня стужкі сягае амаль трох гадзінаў, і, магчыма некаторыя падсюжэты можна было б зрабіць больш дынамічна.
Нумар 8. Самы доўгі дзень (The Longest Day). 1962
На вайне кожны дзень як жыцьцё. Калі ты не выцягнуў шчасьлівы квіток на заўтра — тваё жыцьцё прыйшло да скону. Апроч гэтага перажыць дзень — гэта не проста прачнуцца, пасьнедаць, схадзіць на працу і павячэраць перад сном — гэта значыць зрабіць неймаверныя высілкі, каб цябе не разарвала, не прастрэліла. Самы доўгі дзень у герояў Генры Фонда, Джона Ўэйна і Шона Конэры быў 6 чэрвеня 1944 года — калі адбылася знакамітая высадка войскаў хаўрусьнікаў у Нармандыі.
Гэта толькі зараз, праз гады мы бачым хібы і слушныя захады вайсковага кіраўніцтва, але тады, у той самы дзень, у тую самую хвіліну, калі яно пачалося — было зусім невідавочна, як складзецца апэрацыя, якую рыхтавалі месяцамі. Усё сапсаваць і трагічна зьнішчыць армію мог звычайны дождж ці наадварот сонца.
Гледзячы гэты фільм, вы пройдзеце шлях ад авіяносца да земляў на поўначы Францыі, паспрабуеце застацца ў жывых, будзеце аплакваць загінулых сяброў.
Нумар 7. Рустэр Кёгбарн (Rooster Cogburn). 1975
Перад намі жорсткі вэстэрн, сюжэт якога хаця і не падасца аматарам жанру звышнаватарскім, але праз сапраўдную магію ўзаемадзеяньня Кэтрын Хёпбэрн і Джона Ўэйна — увасабленьня фільмаў пра дзікі захад, мы атрымаем вартае кіно.
Гісторыя фільма апавядае пра жорсткую і кемлівую місіянэрку, якая аб'ядноўвае сілы з Рустэрам Кёгбарнам, сівым аднавокім маршалам ЗША, у пошуках справядлівасьці. Дзеяньне адбываецца ў прыгожых суровых краявідах Дзікага Захаду, дзе дуэт сутыкаецца з небясьпечнымі сытуацыямі і стракатай камандай разбойнікаў.
Стужка — глыток сьвежага паветра ў жанры, дзе дамінуюць жорсткія мужчынскія героі.
Нумар 6. Узьяднаньне ў Францыі (Reunion in France). 1942
Фільм, які разгортваецца на фоне акупаванай нацыстамі Францыі, засяроджваецца на тэмах мужнасьці, вернасьці і абуджэньня нацыянальнага духу. Гераіня Джоан Кроўфард тут – звонку звычайная францужанка, але гледачы назіраюць за яе шляхам ад незацікаўленай сьвецкай ільвіцы да адданага чальца фрацузскага Супраціву. Яе вобраз адлюстроўвае нявызначанасьць і маральныя дылемы, зь якімі сутыкаюцца людзі ў ваенны час. Незвычайнае вакно ў чалавечы досьвед сярод хаосу сусьветнага канфлікту.
Яе партнэрам выступае Джон Уэйн, кароль вэстэрнаў. У гэтай стужцы ён грае амэрыканскага пілота, які знаходзіцца ў Францыі. Фільм Жуля Дасэна — гэта столькі ж гісторыя каханьня, колькі і ваенная драма, якая спалучае гісторыю шпіянажу з асабістай гісторыяй каханьня і здрады.
Нумар 5. Чалавек, які застрэліў Лібэрці Вэланса (The Man Who Shot Liberty Valance). 1962
Вялікі вэстэрн ад бацькі-заснавальніка, рэжысэра Джона Форда. Разам зь імяніньнікам Джонам Уэйнам на экране яго кампаньёнам зьяўляецца легендарны Джэймс Сьцюарт.
Ад першых кадраў да захапляльнай кульмінацыі фільм раскручвае незвычайную гісторыю пра закон, парадак і праўду. Джэймс Сьцюарт грае ролю адваката, які ўзброены падручнікамі па заканадаўству. Ён трапляе ў змрочны сьвет, дзе куля працуе хутчэй за літару закона. Яго калега — ветэран і маўклівы каўбой з жорсткімі праявамі характару ў выкананьні Джона Ўэйна.
Гэты вэстэрн пазбаўлены бясконцых перастрэлак, ён хутчэй скіроўвае гледачоў на роздум пра празьмерную гераізацыю перыяду Дзікага Захаду.
Нумар 4. Форт Апачы (Fort Apache). 1948
Адзін з самых захапляльных вэстэрнаў у гісторыі. Джон Форд, рэжысэр, які стаў сваеасаблівым каралём жанра, зьняў шыкоўнае кіно. Ён распавядае гісторыю, якая паказвае гледачам заблытаную сацыяльныя герархію ўсярэдзіне ваеннага фарпоста. Разам з гэтым адбываюцца эпічныя сутыкненьні паміж пасяленцамі і карэннымі амэрыканцамі.
Па-сапраўднаму магутная апэратарская праца фільма, на фоне самай знакамітай даліны Дзікага Захаду, стварае велічную візуалізацыю, якая захапляе з першых кадраў.
Джон Уэйн у ролі капітана і Генры Фонда ў ролі бескампраміснага падпалкоўніка будуць спрабаваць высьветліць хто мае больш моцны стрыжань. Вайсковы абавязак часам уваходзіць у страшэнны канфлікт з чалавечнасьцю.
Нумар 3. Дыліжанс (Stagecoach). 1939
Гэтая стужка Джона Форда — самае лепшае што можна абраць для азнаямленьня з клясычным фільмам у жанры вэстэрн. Менавіта тут набраў абароты самы галоўны каўбой Дзікага Захаду — Джон Уэйн. Чалавек, які на дзесяцігодзьдзі стаў сынонімам слова «вэстэрн». Менавіта Джон Уэйн, а ня Рональд Рэйган, мог стаць першым прэзыдэнтам, які раней быў акторам. Шалёная папулярнасьць і аўтарытэт Уэйна стаў прычынай яго вылучэньня ад рэспубліканскай партыі на выбарах у 1960-х, але сам Джон вырашыў не працягваць палітычную кар’еру.
Фільм Джона Форда зрабіў сапраўднае пераасэнсаваньне жанру ў вачах тагачасных гледачоў, бо папярэднія сотні і сотні карцінаў былі нібы экранізацыяй гатовых слайдаў са штампамі. Тут жа мы становімся сьведкамі, як цэлы акторскі ансамбль атрымлівае свой голас. Героі — не проста дэкарацыі на фоне пустыні, але жывыя і драматычныя героі. Сядайце на дыліжанс разам зь імі, і паехалі! Не забудзьцеся толькі адстрэльвацца ад дрэнных.
Нумар 2. Яна апранала жоўтую стужку (She Wore a Yellow Ribbon). 1949
Што гэта за жоўтая стужка, якая вынесеная ў назву? Па вельмі старажытнай традыцыі, паненкі, якія чакалі сваіх мужчынаў з вайсковага паходу, адкуль яны доўга не маглі вярнуцца, выкарыстоўвалі ў сваім гардэробе такую дэталь, каб падкрэсьліць сваю тугу.
У героя Ўэйна, вайскоўца амерыканскай арміі, перад выйсьцем на заслужаны адпачынак застаецца адно заданьне. Яму неабходна эвакуяваць з форта дваіх паннаў – жонку старшыні і яе пляменьніцу, якая запляла ў валасы жоўтую стужку. Сымбалізм зразумелы ўсім навокал, але хто той, па кім яна зрабіла гэты знак? Вельмі рамантычная гісторыя, насычаная жорсткімі спробамі індзейцаў адпомсьціць за папярэднія паразы.
Адзначым, што перастрэлкі не зьяўляюцца ў гэтым фільме галоўным лейтматывам. Калі вам жадаецца паглядзець цікавую гісторыю з сярэдзіны ХІХ ст. – гэта тое, што трэба.
Нумар 1. Шукальнікі (The Searchers). 1956
Ідэальная каманда — Джон Форд, які здымае Джона Ўэйна — зноў у справе. Ці можна знайсьці сваю чалавечнасьць, якая нібы даўно пахавана пад попелам спаленых дамоў і закапаная разам з застрэленымі ворагамі? Герой Уэйна нечакана знаходзіць у сабе праявы таго, што пры нараджэньні называлася чалавекам. Стары жаўнер часоў грамадзянскае вайны адпраўляецца на ўласную вайну супраць каманчы, якія забілі кожнага ў яго сям’і. Жывой засталася толькі пляменьніца, якую схапілі чырванаскурыя.
Брутальнасьць галоўнага героя будзе разьбітая аб кволую, ціхую і спакойную дэталь.
У гэтым фільме вы зможаце пранесьціся на кані, як сапраўдны вершнік з «Пагоні» па самых вядомых месцах на Дзікім Захадзе. Тыя краявіды сталі другім домам, і ў нейкім сэнсе «малой радзімай» для тых, каму вэстэрны забраліся ў самае сэрца.
Прыемнага прагляду!