Тэлевядоўца з СТБ: «З Азаронкам ніхто з калег не хацеў ездзіць у ліфце»
Таццяна Бародкіна жартуе: яе працоўная кніжка так і засталася на СТБ. Падчас выбараў 2020 года яна хварэла на кавід, а пасля сумленне ўжо не дазволіла ёй вярнуцца на працу. Яна распавяла пра атмасферу на тэлеканале ў 2020-м, пагрозы КДБ, трансфармацыю Азаронка ў Азвяронка.
Трывога на карпаратыве
Пра тое, што краіну нешта чакае, на СТБ пачалі здагадвацца яшчэ напрыканцы 2019 года, распавядае Таццяна «Нашай Ніве». У снежні навагодні карпаратыў атрымаўся нейкім злавесным:
— Тады генеральным дырэктарам СТБ быў Ігар Луцкі. Пасля грубага Казіяткі, якога мы баяліся, Луцкі выглядаў даволі мілым. Ён ведаў па імёнах усіх супрацоўнікаў, а не толькі тых, хто ў кадры, цікавіўся, як маемся, чаго не хапае. Гутарыў з усімі шчыра.
І вось на навагоднім карпаратыве напрыканцы 2019 года я пабачыла ў ім першыя змены. Яго прамова была напоўнена нейкай жахлівай прапагандай. Сутнасць святочнай гаворкі была такой: «Рыхтуйцеся, будзе нешта страшнае. Гэта будзе вельмі цяжкі год. Вы павінны быць вельмі адданымі». За ўсімі столікамі раптам наступіла такая звінючая цішыня, што сапраўды стала вельмі страшна.
Але ўсё роўна большасць людзей у калектыве чакала перамен.
— Якая была атмасфера на СТБ перад выбарамі? Мы ўсе чыталі навіны і абмяркоўвалі іх — нават не шэптам. Ніхто не баяўся адно аднаго. Большасць верыла ў тое, што ўсё будзе добра, Лукашэнкі больш не будзе. Бадзёры быў настрой. Ва ўсіх, мабыць, акрамя кіраўніцтва. І ў інфармацыйнай рэдакцыі было нейкае напружанне. Памятаю, калега бегала па калідоры і лямантавала: «Вы разумееце, калі гэта адбудзецца, мы ўсе страцім працу, нас больш ніхто нікуды не возьме!».
Таццяна згадвае, што летам кіраўніцтва пачало ладзіць розныя сустрэчы з тэлевядучымі. Кажа, што наўпрост пра выбары не гаварылі, але намёкаў было шмат.
— Здаецца, у чэрвені дырэктарка мастацкага вяшчання (я працавала ў мастацкай рэдакцыі) паклікала нас і стала казаць пра тое, каб мы нічога не публікавалі ў сацсетках, не пакідалі каментарыяў, сачылі за тым, дзе лайкі ставім. «Нікуды не хадзіце, нічога не кажыце, ні на што не рэагуйце». Але ўсё неяк здалёк. Па-добраму, з усмешкай.
Дарэчы, тая самая дырэктарка і патэлефанавала Таццяне, калі пабачыла яе эмацыйны пост на фэйсбуку, у якім тая заклікала не баяцца і не пазбаўляць будучыні дзяцей.
— Я толькі-толькі націснула кнопку апублікаваць — і амаль адразу зазваніў тэлефон. Зразумела, што за нашымі паводзінамі ў сацсетках сапраўды сачылі. Рэдактарка пачала казаць: «Ну што ты робіш?! Мы з табой нядзельнае шоу пачалі здымаць. Ты добра падумала?!». Я кожны ранак з’яўлялася ў эфіры з дочкамі і гатавала нешта, але ж мы паспелі запісаць 6 выпускаў новага кулінарнага шоу, якое павінна было ў хуткім часе выйсці на СТБ.
Яшчэ адна сітуацыя, якая вельмі ўразіла Таццяну перад выбарамі, — гэта паводзіны Кірыла Казакова, які летам 2020 года выконваў абавязкі генеральнага дырэктара СТБ (Луцкі тады стаў міністрам інфармацыі).
— Я ішла на абед, а Казакоў чамусьці вывеў з ньюсрума ўсіх карэспандэнтаў на калідор (там былі ўжо дасведчаныя супрацоўнікі, а не нейкія студэнты журфака) і крычаў на іх матам. Не ведаю, што адбывалася, але чалавек 10-15 стаяла перад ім, моўчкі схіліўшы галовы.
Кірыл пабачыў мяне і пачаў крычаць: «Бародкіна! Скажы, ты − ахвяра рэжыму?!» Я паспрабавала зрабіць выгляд, што не пачула, але ён не супакойваўся: «Таццяна, ты лічыш сябе ахвярай рэжыму?!». Я павярнулася і толькі адкрыла рот, каб сказаць усё, што сапраўды думаю, як да мяне хуценька падскочыў іншы вядучы і схапіў пад руку і пацягнуў да ліфта: «Якая ў цябе прыгожая спаднічка! Якія цудоўныя туфелькі ты да яе падабрала!». Я так здзівілася, што вырашыла, што ён з глузду з’ехаў — чалавек ніколі мне кампліментаў не рабіў, а цяпер балбоча без перапынку. Так і не дазволіў мне нічога адказаць Казакову. Я толькі чула, як за нашымі спінамі Кірыл зноў лаецца матам на супрацоўнікаў СТБ. Мабыць менавіта ў той самы момант зразумела: сапраўды нейкі трындзец хутка будзе.
Казакоў пісаў Таццяне яшчэ прыкладна месяц пасля таго, як яна з сям’ёй з’ехала ва Украіну.
— Ён заўсёды пісаў мне ноччу, і, мяркуючы па паведамленнях, здаваўся моцна выпіўшым. Я казала: «Слухайце, ну а калі я ўсе гэтыя скрыншоты выкладу?» Там такі трэш быў. Калі зразумеў, што «па-добраму» да мяне не атрымліваецца дагрукацца, то пачаў пагражаць. Пісаў, што прызнае мой бальнічны ліст несапраўдным, што будзе судзіцца з-за таго, што я няправільна звольнілася.
«З Азаронкам ніхто з калег не хацеў ездзіць у ліфце»
Азаронак, дарэчы, выдаў Таццяне свой «ордэн Юды». Яна смяецца, згадваючы гэта, і дадае, што з такой падзеяй яе павіншаваў Латушка і падарыў ружу.
— Я ніколі не сябравала з Азаронкам, але, канешне, мы перасякаліся. Магу сказаць, што ён, калі прыйшоў на СТБ, быў зусім іншым чалавекам. Саромеўся, прыходзіў у мантажку ціхенька, каб нешта паглядзець, пасміхаўся, гаварыў ціха. Азаронак ператварыўся ў Азвяронка за паўгода.
Таццяна кажа: калі Азаронак пачаў рабіць першыя палітычныя відэа (спачатку ён здымаў сюжэты пра сельскую гаспадарку), яна шчыра здзівілася і пачала пытацца ў іншых, ці сапраўды той шчыры фанат Лукашэнкі.
— Тыя, хто больш шчыльна працаваў з Азаронкам, адзначалі: «Так, ён сапраўды моліцца на Лукашэнку». Дарэчы, першапачаткова ў Азаронка быў адзін з найніжэйшых заробкаў сярод тых, хто працуе ў кадры. Ён дакладна працуе не для грошай, а з фанатызму.
Жанчына згадвае, што пасля пачатку палітычнай кар’еры Азаронка калегі нават не хацелі ездзіць з ім разам у ліфце. Ён заўсёды чакаў, што нехта зойдзе яшчэ, але людзі прынцыпова заставаліся. Аднак такія сітуацыі прапагандыста не хвалявалі.
— Яшчэ пра адну цікавую гісторыю, звязаную з Азаронкам, я пачула ўжо ў Польшчы, калі сустрэла былога аператара СТБ. У жніўні 2020 года адзін з супрацоўнікаў СТБ патрапіў на Акрэсціна і перажыў усе жахі. Вярнуўшыся на працу, ён перш за ўсё пайшоў звальняцца. Але грошай на жыццё хаця б на першы час у яго не было — тым больш, што кіраўніцтва СТБ не хацела нават выплачваць яму рэшткі заробку.
Тады калегі вырашылі скінуцца — і вось той самы аператар, які распавёў мне гэтую гісторыю, пайшоў збіраць грошы. Сярод першых, хто скінуўся, быў Азаронак. Той толькі папрасіў аб гэтым нікому не казаць.