Такой Францыі мы ўжо ня ўбачым: памяці Алэна Дэлона

Жыцьцё вялікага актора магло трагічна скончыцца яшчэ некалькі гадоў таму, калі разыйшлася чутка аб яго рашэньні забіць сябе праз працэдуру эўтаназіі. На шчасьце, мэсье Дэлон зьмяніў свае пляны і да канца так ці інакш удзельнічаў у грамадзкім жыцьці. Якім мы яго запомнім?

3_812.jpg

Алэн Дэлон дзівосным чынам праз усё жыцьцё быў амаль пазбаўлены прызнаньня сярод прафэсійнай супольнасьці. Усяго некалькі ўзнагародаў за 88 пражытых гадоў. У 1985 годзе ён атрымаў перамогу ў намінацыі «лепшы актор» на галоўнай французскай кінапрэміі Сэзар за ролю ў фільме Бэртрана Бліэ «Наша гісторыя». Апроч гэтага былі дзьве ганаровыя статуэткі за так званыя дасягненьні ў кар’еры: Залаты Мядзьведзь у Бэрліне ў 1995 годзе, і ганаровая пальмовая галіна ў Канах у зусім нядаўнім 2019 годзе.

Але хіба гэтымі рэчамі вымяраецца веліч актора? Алэн Дэлон прыйшоў у кіно напрыканцы 1950-х гадоў і зьняўся ў некалькіх стужках, якія сталі разагрэвам для выбуху кар’еры ў 1960 годзе. Дзьве ролі, якія засьведчылі зьяўленьне новай суперзоркі французскага (і больш за тое, агульнаэўрапейскага) кіно, паставілі Алэна Дэлона ў вечны пантэон.

Гэта была драма Лукіна Вісконці «Рока і яго браты», а таксама трылер Рэнэ Клемана «На яскравым сонцы». І як жа фантастычна, з гістарычнай перспэктывы, адбылося так, што той самы 1960-ы год стаў сьведкам акторскага нараджэньня вечнага канкурэнта Дэлона на французкіх кінаэкранах – Жан-Поля Бэльмандо. Тады «Мадэрата Кантабіле» і «На апошнім дыханьні» праклалі сьцяжыну славы для Бэльмандо.

Пераглядаючы сёньня стужкі 1960-х з Алэнам Дэлонам, дзе яго героі: ад шчырага ці прадажнага паліцэйскага, да хітрага ці выпадковага злачынцы, ад сярэдніх гадоў жыхара 16-га раёна французскай сталіцы да шляхетнага спадчыньніка вялікага багацьця – заўважаеш, што ўявіць у наш час такіх людзей надзвычай ня проста. Вока сочыць за падзеямі на экране, а там – нібы іншая Францыя. Падобным чынам і нашыя папярэднікі згубілі сувязь з часамі Бальзака і Гюго, і каб сустрэцца з тым часам, ёсьць толькі адна магчымасьць – даўно напісаныя старонкі вялікай літаратуры. Так і сёньня, Парыж Алэна Дэлона – ужо зусім ня тое месца, у якім жывуць, кахаюць, забіваюць, паміраюць героі яго кінавобразаў.

Алэн Дэлон прынес арыстакратычны шык у французскае кіно. Вядома, па чыстым таленце ён не сягаў да тытана «да-Дэлонаўскага» кіно Жана Габэна ці прадстаўніка наступнага акторскага пакаленьня – Жэрара Дэпардзье. Але, хіба існуюць вагі, на якіх мы можам безапэляцыйна заяўляць ці вымяраць падобнае?

Глядзець «на Дэлона», а не глядзець фільм – прыблізна такая фраза існавала ў Францыі ў часы росквіту вялікага артыста. Яго экранныя дуэты з Катрын Дэнёў, Жанай Маро, Монікай Віці, Клаўдыяй Кардынале, Брыжыт Бардо выклікалі шалёнае захапленьне.

Па-сутнасьці, гэта была адна вялікая гісторыя каханьня, падзеленая на некалькі эпізодаў. Гісторыя каханьня да французскага кіно.

1_1041.webp

Калі я быў маленькі, мая мама часта слухала песьню тагачаснага папулярнага расейскага гурта, якая была прысьвечаная французскаму актору. Песьня вельмі ўражвала тады дзівоснымі словамі: Алэн Дэлон не п’е адэкалон, Алэн Дэлон размаўляе па-французску.

Менавіта гэты актор знаёміў з тым, якая яна, сапраўдная Францыя. Гэта былі і танныя правінцыйныя бары, дзе нават апошні п’яніца прыходзіў напіцца ў прыстойным гарнітуры, а даўно пакінутая ўсімі некалі сьпявачка, а цяпер па-сумяшчальніцтву жанчына самай старажытнай прафэсіі, была апранутая ў элегантны строй, магчыма стары і падзёрты, але поўны чалавечай годнасьці.

Гэта былі і шыкоўныя палацы, дзе самае сапраўднае шампанскае магло з лёгкасьцю напоўніць цэлы басэйн, каб гаспадары вырашылі ўсё спусьціць з прычыны неэстэтычнага ценю ад кедра. У кожным з выпадкаў герой Алэна Дэлона выглядаў цалкам дарэчна і на сваім месцы.

Да сярэдзіны 1980-х можна казаць галоўная слава,а разам зь ёю і лепшыя ролі Дэлона скончыліся. Далей была хутчэй прысутнасьць у прафэсіі, дастаткова пасрэдныя фільмы з рэдкімі ўспышкамі. У 1998 годзе выйшаў фільм «Адзін шанец на дваіх», у якім, нарэшце, напрыканцы вялікіх кар’ераў на экране разам апынуліся Алэн Дэлон і Жан-Поль Бэльмандо.

Гэты фільм, па-шчырасьці, не зьяўляецца шэдэўрам. Ён цікавы і патрэбны для прагляду перадусім самім фактам зьяўленьня Жан-Поля і Алэна побач. Ветэранскае кіно, у якім ўжо мала істотныя сюжэтныя нюансы, дзе хутчэй дзейнічае настальгія па 1960-80 гадах, калі гэтыя два акторы квітнелі і захаплялі сваімі працамі.

2_936.jpg

Вельмі сымбалічным стала і тое, што разам з сумеснай заваёвай экранаў, яны абодва пражылі аднолькавую колькасьць гадоў – па 88. Адзін пайшоў у лепшы сьвет у 2021 годзе, а другі ўсьлед – 18 жніўня 2024 года.

Калі не браць пад увагу ўжо на восьмым дзясятку гадоў Жэрара Дэпардзье, у Францыі і блізка няма актораў, якія маглі б стаць на адну прыступку з Алэнам Дэлонам. Пры ўсёй павазе да такіх зорак як Жан Дюжардэн ці Марыён Каційяр.

Проста маленькім дапаўненьнем будзе варта адзначыць той вельмі істотны на сёньня факт, што ад самага пачатку барбарскай вайны Расеі супраць Украіны, актор актыўна і публічна патрымліваў бок сьвятла і нават запісваў урыўкі з твораў Тараса Шаўчэнкі.

Вызваліце бліжэйшы вечар і прысьвяціце яго прагляду аднаго з фільмаў Алэна Дэлона са старой добрай Францыяй у якасьці дэкарацыяў.