«Свае гісторыі» ў Віцебску: фатаграфія ў сучасных інтэр’ерах

У Віцебскім мастацкім музеі 2 лютага адкрыецца выстава фатографкі Марыны Бацюковай «Свае гісторыі». Праект уключае і выданне аднайменнага фотальбома, які ўжо вядомы мінскай публіцы.

svae_historyi_u_vicebsku__3_.jpg

Праект “Свае гісторыі” прысвечаны даследаванню месца старадаўняй фатаграфіі ў жыцці сучаснага грамадства. У прадмове да альбому сказана: “Свае гісторыі” — гэта серыя здымкаў старых партрэтаў ў інтэр’ерах і экстэр’ерах рэальнага жыцця”.

Праца над праектам пачалася яшчэ ў 2005 годзе пяццю-шасцю здымкамі на клубнай выставе. Яны былі адразу прафесійна зробленыя, адзначаныя фатаграфічнай супольнасцю ды сталі штуршком і асновай для далейшага развіцця праекта. Дастаткова сказаць, што ў канчатковым варыянце гісторый яны займаюць ключавыя пазіцыі.

Асабліва сюжэты, зробленыя ў доме бабулі. Ужо ў іх былі вырашаныя асноўныя камунікацыйныя праблемы, такія як — злучэнне мінулага і цяперашняга, аб’яднанне двух відаў фатаграфіі, вызначэнне стылю і эстэтыкі асобных прац ды праекта ў цэлым.

Выкананыя ў традыцыйнай тэхніцы, старыя фотаграфіі (назавём іх дакументальнымі) трапляюць у якасці арт-аб’екта ў сучасны асяродак, далёка не дакументальны. Хутчэй — культурна-бытавы. А разам з тым, па волі аўтаркі, у іншую фатаграфію — лічбавую. Гэта асноўны лейтматыў праекта.

Марына Бацюкова

Марына Бацюкова

Марына знаходзіць дакладныя хады, якія раскрываюць магчымасці фатаграфіі як прызнанай і самай выверанай крыніцы памяці. Што датычыцца аб’яднання фатаграфій, то лічбавая на дзіва вольна паглынае дакументальную, праўда, не робячы яе лепей. Не аднаўляе  якасці першапачатковай выявы.

Але аўтар і не ставіла такой задачы. Аформленая ў рамы і прыстасаваная чалавекам да канкрэтнага месца, яна ўсё роўна пераважае над  фонам, застаючыся цэнтрам прыцягнення ўжо новай працы. Быццам бы распавядае сама пра сябе: якой яна была і якой стала зараз.

У фатаграфіях, створаных Бацюковай, прысутнічаюць асобы, з якімі яна ніколі не сустракалася. Гэта як вядомыя Янка Купала ці Ян Райніс, так і простыя людзі, абліччы якіх захоўваюцца ў сем’ях. Гэта самая парадаксальная сітуацыя ў праекце. З аднаго боку, прадметны свет вельмі блізкі да нацюрморта. З іншага — гісторыі людзей ў адпаведным часе і антуражы. Усё побач.

svae_historyi_u_vicebsku__4_.jpg

Але, як сцвярджае Сюзан Зонтаг, “усё ў свеце існуе для таго, каб быць захаваным на фатаграфіі”. Паверым. І назавем “нацюрмортамі, якія маюць душу”. Жывы рэальны свет, у якім уладкавалася фатаграфія: сцены кватэр і драўляных дамоў, падваконне, бібліятэчны стэлаж, музейныя вітрыны. Няма анічога прыдуманага і пастановачнага. Усё знойдзена і падгледжана ў натуральных умовах і асветлена — асабаліва звяртаю ўвагу — такім жа натуральным святлом, якое не толькі ўдзельнічае першапачаткова ў стварэнні фатаграфіі, але і робіць яе мастацтвам.

І яшчэ. Праект збіраўся доўга, здымаўся не толькі ў розных месцах, але ў розных гарадах і краінах. А значыць, і ў розных культурах. Паштучна. І ў гэтым поспех таксама.

Зараз пра альбом. У наш час аўтарскі альбом — вялікая рэдкасць. І калі праект не ўваходзіць у праграму, якія падтрымліваецца дзяржавай ці ведамствам, то, як правіла, абыходзяцца без друкаваных выданняў. Прычына простая — дорага выдаваць і цяжка прадаваць.

А шкада. Застаемся без важнага звяна ў ланцужку візуальнай культуры. Усе спасылкі на захаванне прац у інтэрнеце беспадстаўныя. Усё ж гэта інфармацыйная сістэма.

svae_historyi_u_vicebsku__2_.jpg

Альбом жа фарміруецца па іншых канонах. Ён збіраецца па крупіцах, ад старонкі да старонцы, з  выбудаваным па сэнсе выяўленчым шэрагам. І робіцца гэта аўтарам-складальнікам з цалкам пэўнай творчай скіраванасцю. Такая індывідуальная праца ў замкнёнай прасторы. Дзякуючы гэтаму, альбом не толькі захоўвае эмацыйны настой, якія аўтар укладваў ў свае працы, але і робіць іх даступнымі масаваму гледачу.

І што яшчэ больш важна — захоўвае для будучых  пакаленняў. Гэта стала магчымым толькі са з’яўленнем сучаснай паліграфіі.

svae_historyi_u_vicebsku__1_.jpg

Вядома, гэта ўсё мае разважанні, але менавіта такі альбом удалося стварыць Марыне Бацюковай у супрацоўніцтве з дызайнерам, аўтарамі цудоўных тэкстаў, выдаўцом. Зрабіць яго часткай праекта, і, напэўна, нават болей. З такой адэкватнай якасцю выявы фатаграфій альбом становіцца цалкам самастойным і самадастатковым арт-аб’ектам. Яго хочацца мець дома, у сваёй бібліятэцы. Дарэчы, на прэзентацыі альбом можна было набыць. Гэта ўжо па-еўрапейску. Раю — “Свае гісторыі”.

Аўтарку трэба павіншаваць з паспяховым завяршэннем адзінаццацігадовай працы, а гледачу пажадаць няспешеных, уважлівых хатніх праглядаў.