Супраць траўмаў гісторыі
Кнігатэрапія ці тэрапія з дапамогай літаратуры — здаўна вядомы чалавецтву досыць эфэктыўны і даступны сродак змаганьня з траўмамі. Прагаворваньне, прачытваньне, артыкуляваньне праблемаў (як індывідуальных, так калектыўных) сродкам мастацкай літаратуры — цуд, які вядомы ўсім: у нас кожнай і кожнага ёсьць свае ўлюбёныя аўтары-ркі і літаратурныя жанры, якія дапамагаюць нам супрацьстаяць кепскаму настрою, часам траўмам, суперажываць і выходзіць з экзыстэнцыйных тупікоў.
Сёлетняю Нобэлеўскую прэмію па літаратуры якраз атрымала паўднёвакарэйская пісьменьніца Хан Канг — як пазначана ў камуніке «за глыбіню ейнай паэтычнай прозы, якая супрацьстаіць траўмам гісторыі і паказвае крохкасьць чалавечага жыцьця». У сваіх навэлях і раманах пісьменьніца бярэцца за недасказанае, часта неагучанае, наагул за нязручныя тэмы: палітычны гвалт, дыктатарскі досьвед, грамадзянская вайна, спробы перамір’я паміж падаецца непрымірымімі бакамі, боль сваякой ахвяраў дыктатуры і пад. Тэмы да ўсяго вельмі важныя, актуальныя ў беларускім кантэксьце. Для сучаснай Беларусі асабліва актуальным і важным тэкстам пісьменьніцы ёсьць раман — «Надыходзіць хлопец» (2014). Кніга вяртае грамадзтва ў 1980 год, калі дыктатура ўсталявалася ў Паўднёвай Карэі. Дасюль тая траўма да канца не прапрацаваная, не прааналізаваная, таму спроба пісьменьніцы прааналізаваць гвалтоўнае мінулае і даць галасы мёртвым, забітым, а таксама засталым жывымі, выклікала незадаволенасьць кансэрватыўных, правых сілаў, часткова зьнітаваных з ваеннай хунтай 1979-1987 гадоў на чале з генэралам-дыктатарам Чон Ду Хванам. Карэйскі гвалт у мінулым перагукваецца з сучасным беларускім гвалтам рэжыму Лукашэнкі. І калі многім з ахвяраў рэжыму словы пісьменьніцы дапамагаюць пакуль мала, гэтыя самыя словы бязупынку сьведчаць супраць любога гвалтоўнага рэжыму. Сьведчаць ня проста ў паветра, але акумулюцца для будучых судоў супраць рэжымнікаў.
Такім парадкам, сваімі творамі аўтарка проста суцяшае. Кнігі для Хан Канг зьяўляюцца своесаблівымі ахоўнікамі. Яны не вынішчаюць цалкам боль, але дазваляюць нам жыць зь ім, быць сьведкамі чалавечай далікатнасьці, крохкасьці. Раманы Хан Канг ў гэтым пляне вельмі ўнівэрсальныя, псыхалягічныя, якія аб’ядноўваюць, заклікаюць да перамір’я.
Але піша яна і пра іншыя ўнівэрсальныя тэмы: каханьне, раставаньне, вэгетарыянства. Так, у сьвеце Хан Канг стала папулярнай якраз дзякуючы раману «Вегэтарыянка» (2007). Гераіня раману вырашае больш не ўжываць мяса, нягледзячы на крытыку мужа і бацькоў. Яна хоча стаць «гароднінай», здабыць павольнае і расьцягнутае існаваньне расьлінаў, адкрыць і зьведаць зусім іншую эратычнасьць. Ейнае імкненьне да абсалютаў ставіць пад пагрозу грамадзтва і ягоныя агрэсіўныя і патрыярхальныя правілы. Вегэтарыянку памяшчаюць у псыхіятрычную лякарню, адкуль яе паспрабуе выцягнуць ейная сястра.
Цікава, што пісьменьніца ўдзельнічае ў праекце «Бібліятэка будучыні» шкоцкай мастачкі Кэці Патэрсан, прадставіўшы ў 2019 годзе свой рукапіс раману Dear Son, My Beloved. Ён не павінен быць раскрыты да 2114 году і будзе надрукаваны з дрэваў, пасаджанымі вакол гэтай бібліятэкі.
Гэта першая Нобэлеўская прэмія па літаратуры ў кошыку Паўднёвай Карэі і наагул першая прэмія для літаратуры, напісанай хангылям, адным з кшталтаў карэйскага пісьма.
Варта адзначыць, Нобэлеўская прэмія, самая ўплывовая прэмія, якая доўгі час арыентавалася на Эўропу і Захад, спрабуе дагнаць упушчанае. Дагэтуль яна вельмі рэдка ўзнагароджвала азіяцкую літаратуру. У 1913 годзе прэмію атрымаў адзіны індыйскі пісьменьнік Рабіндранат Тагор, які жыў у краіне, якая тады знаходзілася пад уладай Вялікабрытаніі. Толькі ў 1968 годзе іншы азіяцкі аўтар — японец Кавабата Ясунары быў узнагароджаны прэміяй. У 1994 годзе таксама быў узнагароджаны ягоны суайчыньнік Кэндзабура Оэ. З кітайскага боку толькі Мо Янь і Гао Сыньцянь (апошні, які стаў французам, больш не пражывае ў краіне) фігуруюць у сьпісе набэляраў, які ў значнай ступені дамінуе аўтар-к-амі англа- і франкамоўнай літаратуры.
У чаканьні перакладаў пісьменьніцы на беларускую беларусы, раскіданыя ў сьвеце могуць чытаць яе па-француску, па-польску, па-ангельску, па-летувіску ці па-ўкраінску.