Сарамлівасць, беднасць, бездапаможнасць… і іншыя прычыны нашага “бескультур’я”

7 высноваў з ток-шоў у Пінску «Беларуская культура: як перастаць прасіць міласціну?» з удзелам Віктара Марціновіча, якое арганізавала кампанія «Будзьма беларусамі!». 



dsc_2119.jpg

Вечарам 23 ліпеня на другім паверсе пінскай кавярні «Бона Сфорца» быў аншлаг. На ток-шоў завіталі не толькі  жыхары сталіцы Палесся, але і госці з Лунінецкага раёна. Пісьменнік і мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч адзначыў, што яму першы раз даводзіцца выступаць у кавярні, таму акрэсліў сваю ролю на ток-шоў як ролю тамады. Галоўныя высновы дыскусіі — ніжэй у нашым артыкуле.

budzma.by__wp_content_gall_a1157da3dda2dd70472ec980230e2915.jpeg

Ёсць якасны культурны прадукт, але ёсць праблема з яго дастаўкай да спажыўца

У пачатку ток-шоў Кацярына Раманчык, рэгіянальны каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!», задалася пытаннем, чаму культура ў сучаснай Беларусі ў самым нізе  рэйтынгу “сапраўды важных” для беларусаў тэм.

— Будзем самакрытычнымі: у нас няма высокай культуры. Інакш абавязкова знайшоўся б прайдзісвет, які захацеў бы на ёй зарабіць, — выказаў думку інжынер Валер Савіч.

Жыхар Пінска Аляксей Лубацэвіч агучыў блізкую пазіцыю: ці варта мастаку думаць пра грошы, ствараючы культурны прадукт?

— Ні Купала, ні Колас, калі пісалі, не думалі, колькі яны заробяць за свой твор, — сказаў ён.

— Так, не варта думаць пра грошы, калі ствараеш культуру. Але адначасна трэба думаць на тым, каб вывесці культуру з гета, — акрэсліў сваю пазіцыю Віктар Марціновіч. — Давайце задумаемся, чаму  прозвішча Алеся Наварыча мала хто ведае. Затое  ўсе чытаюць Марыніну ці Акуніна і не ведаюць, што ў нас ёсць уласная літаратура. Мне здаецца, гэта праз тое, што ў нас няма індустрыі папулярызацыі беларускай культуры. А калі ёсць попыт і няма прапановы, то попыт пачынае замяшчацца нечым іншым. Да прыкладу, добра выдадзенымі кнігамі рускіх аўтараў, — сказаў Віктар Марціновіч. — У Берліне 70% рэкламы ў метро — рэклама кніг. У Варшаве паўсюдна натыкаешся на рэкламу нацыянальнай польскай літаратуры. І ўсё прыносіць прыбытак. У нас таксама ўсё ўжо падрыхтавана, але няма людзей з грашыма, якія б звярнулі на гэта ўвагу.

budzma.by__wp_content_gall_59801b961b67cf6c17f3652688680743.jpeg

Пытанне “Ці можаце вы назваць культурнае жыццё Пінска насычаным?” стала крыху няёмкім: госці сустрэчы ўсміхаліся, але адказваць на яго наўпрост не спяшаліся.

— Па-мойму, у нас на сёння з культурай у Пінску ўсё нармальна, — адзначыў Аляксей Лубацэвіч. І пад смех залы ўдакладніў: — Не, не падумайце, я не ад райвыканкама!

Бескультур’е не варта апраўдваць недахопам грошай на каўбасу 

Старшыня праўлення культурна-творчага грамадскага аб’яднання «Калегіум» Надзея Аўсіевіч выказала думку, што прычынай нізкага попыту на беларускую культуру ёсць эканамічны фактар.

— Калі ў чалавека не задаволеныя базавыя патрэбы, то ў яго не будзе жадання задаволіць эстэтычныя і мастацкія. Мне здаецца, супраць гэтага не папрэш, — адзначыла яна.

Аднак Кацярына Раманчык звярнула ўвагу на цікавы факт: у Магілёве, Бабруйску, Баранавічах і любых іншых гарадах Беларусі людзі скардзяцца, што ў іх няма грошай на канцэрты і выставы. Разам з тым на канцэрты расійскіх музыкаў збіраюцца поўныя залы за непараўнальна большыя цэны. Калі ёсць раскручаная зорка, то і грошы знаходзяцца.

Жыхарка Пінска Кацярына, якая займаецца экалагічным дызайнам, дадала, што ў Пінску ёсць групы людзей, якім патрэбная культурніцкая актыўнасць, але яны не ведаюць, як яе рэалізаваць:

— Была ў раёне новабудоўляў — па-мойму, гэта патэнцыйнае месца “насаджэння” культуры. Людзі пасля засялення ходзяць з усмешкамі і адчуваюць патрэбу ў чымсьці, што самі не могуць вызначыць. Там жа бегаюць дзеці, якія не ведаюць чым заняцца акрамя таго, як маляваць на сценах. Варта звярнуць увагу на такія лакальныя месцы.

budzma.by__wp_content_gall_3a645a797000450bef2541bf220fccec.jpeg

Маленькія крокі наперад у прасоўванні беларускай літаратуры ўсё ж ёсць

Калі Віктар Марціновіч папрасіў удзельнікаў ток-шоў назваць вядомых ім сучасных беларускіх празаікаў, то быў агучаны цэлы шэраг прозвішчаў, у тым ліку Бахарэвіч, Федарэнка, Вежнавец, Бабіна, Рыжкоў.

— Пятро Васючэнка — the best! — выгукнуў нехта з залы.

Віктар Марціновіч выказаў думку, што самая буйная беларуская кнігарня ў інтэрнэце oz.by прасоўвае пераважна творы расійскіх аўтараў і не набывае беларускіх аўтараў, а пра такія рэсурсы як knihi.by і prastora.by, што могуць даставіць беларускія кнігі ў ваш горад, амаль ніхто не ведае. Але пачуў нечаканае ўдакладненне.

— У oz.by з’явіўся раздзел “Мая беларуская кніга”, прысвечаны нашай класіцы. Я спачатку здзівілася, а пасля ўзрадавалася, — паведаміла жыхарка Пінска Таццяна.

— Гэта вельмі добрая навіна. Год звяртаў на гэта ўвагу, — адрэагаваў «тамада».

Аляксандр Бурундукоў распавёў гасцям з Мінска: у мясцовых кнігарнях дастаткова сучасных беларускамоўных выданняў і, надзіва, па невысокіх цэнах.

Патрэбу ў культуры і мастацтве трэба фармаваць з малых гадоў

— Каб культура прыносіла мастакам і аўтарам прыбытак, трэба, каб людзі адчувалі ў ёй патрэбу. А патрэба фармуеццца з малых гадоў. Культуру ў чалавеку трэба ўзгадаваць. Інакш Моцарта ў нас не будзе, а будзе тыц-тыц-тыц, — выказаў думку Генадзь Гурын, настаўнік выяўленчага мастацтва на пенсіі. Тэза была падтрыманая незадаволенасцю прыбіраннем пару гадоў таму курса “Сусветнай мастацкай культуры” са школьнай праграмы. Сапраўды: якія альтэрнатывы базавай культурніцкай адукацыі маюць нашыя дзеці?

Дзяржава мусіць займацца беларускай культурай, інакш тут будзе чужая…

Грамадскі актывіст з Кажан-Гарадка Віталь Каратыш падкрэсліў, што роля дзяржавы ў сферы культуры вельмі важная.

— Дзяржава, якая не інвестуе ў сваю армію, інвестуе ў чужую. Тое самае з культурай. Мы павінныя прызнаць, што сёння знаходзімся паміж двума светамі. Польшча інвестуе ў сваю культуру. Вазьміце «карту паляка» — многія хочуць быць палякамі, хоць яны і не палякі. Другая частка нашых суайчыннікаў хоча быць рускімі, бо глядзіць тэлевізар і бачыць: о, класна быць рускімі. Наша дзяржава ў найлепшым выпадку проста ігнаруе працэсы культуры, а ў горшым мэтанакіравана злівае на сметнік незалежную беларускую культуру разам з гісторыяй і літаратурай, — адзначыў Віталь Каратыш.

budzma.by__wp_content_gall_a4d337a534125f39cf0d058a8e98158f.jpeg

— Іншыя краіны інвестуюць мільёны і мільярды ў культурную экспансію. Калі нічога не зменіцца, то ў хуткай будучыні будзе не 30%, не 15%, а 0% тых, хто чытае па-беларуску. Трэба берагчы сваю нацыянальную культуру. У нармальных краінах гэтым займаецца дзяржава. І гэта нармальна. Людзі выбіраюць  дзяржаву, якая размяркоўвае іх грошы. Мы задаёмся пытаннем: як перастаць прасіць міласціну? Спадарства, няма дзяржаўных грошай, ёсць грошы падаткаплатнікаў. Нашыя беларускія грошы.

Віктар Марціновіч паспрабаваў запярэчыць:

— Давайце адсунем дзяржаву ў бок. Я не хачу, каб яна мяне турбавала, не хачу, каб мае кнігі выходзілі ў дзяржаўных выдавецтвах. Самае прыгожае ў гэтай краіне робіцца, калі людзі займаюцца гэтым самастойна,  без удзелу дзяржавы. Шмат што залежыць ад прыватнай ініцыятывы.  На Захадзе такія кампаніі, як Bosch, Siemens, Samsung выдаткоўваюць грошы на культуру, каб выглядаць прыстойна. Бізнес адчувае сацыяльную адказнасць.

Але Віталь Каратыш не здаваўся:

— За інвеставанне ў дабрачыннасць, экалагічныя і культурныя праекты гэтыя карпарацыі атрымоўваюць ільготы ад дзяржавы. Інакш мала хто захацеў бы расстацца з грашыма.

…Але спадзявацца трэба перш за ўсё на сябе

— Кожны думае, што няма прарока ў сваёй Айчыне. Але калі мы азірнёмся, то пабачым, што тут сабраліся цудоўныя таленавітыя людзі. Мне падаецца, мы самі сябе не цэнім. І таму спадзяемся на дапамогу звонку, — сказаў Віталь Каратыш.

— Гэта характэрна і для Мінска, — дадаў Віктар Марціновіч. — У нас таксама з раскрытым ротам глядзяць у бок іншага свету. Да прыкладу, прыезд Задорнава заўсёды выклікае цікавасць. Аднак свае Задорнавы ёсць і ў нас. Але прамоўтары пра гэтых беларускіх Задорнавых нічога не ведаюць.

— Мне здаецца, што кожны з нас можа быць агентам культуры ў тым коле, дзе ён жыве. Вельмі проста зрабіць горад крыху лепшым, калі расказваць сябрам пра вартыя кнігі і музыку. І ніякай школы для гэтага не трэба, — распавёўВіктар Марціновіч.

— Я ганаруся, што ў прыватную калекцыю «Белгазпрамбанка» ўвайшлі творы Станіслава Юльянавіча Жукоўскага — беларуска-польскага шляхціча, пра якога да пэўнага моманту ніхто не казаў. Я мэтанакіравана згадваў, пісаў, казаў пра яго. Калі ёсць вартыя мастакі, празаікі, паэты — пішыце і расказвайце пра іх.

Пісьменнік таксама заклікаў: калі ў Пінску ёсць вартыя паэты і празаікі, няхай людзі пішуць яму ў Facebook, ён, прынамсі, паспрабуе расказаць пра іх сябрам у буйных медыях.

А на заканчэнне зноўку ўзяла слова  Кацярына Раманчык, якая заклікала  прадстаўнікоў культурнай сферы Пінска  пачынаць змяняць свет з сябе, самім папулярызаваць свае творы і праекты, праяўляць больш актыўнасці і не забывацца збірацца разам, абменьвацца вопытам і дыскутаваць.

Віктар Марціновіч жа адзначыў:

— Сёння не савецкія часы, і мы назіраем адсутнасць новых беларускіх механізмаў давядзення культуры да чытача і гледача. Але я аптыміст, у мяне ёсць адчуванне, што гэтая індустрыя паўстане, як паўстала індустрыя кавярняў. 20 гадоў таму ў Мінску не было дзе выпіць кавы, мы хадзілі паміж чатырма кавярнямі на праспекце Незалежнасці. Паўстала індустрыя кавярняў, паўстане і індустрыя культуры.

Руслан Гарбачоў, budzma.by

Фота Марыя Серабракова