Сакавік — месяц майстроў слова

Першы вясновы месяц — багаты на святы майстроў слова. І пачынаецца ўсё з Сусветнага дня пісьменніка.



susvietny_dziehnj_paezii.jpg

Адзначаць 3 сакавіка як прафесійнае свята пісьменнікаў было вырашана ў 1986 годзе падчас кангрэсу Міжнароднага ПЭН-Клуба — міжнароднага саюза пісьменнікаў (ад англійскага скароту PEN — poets, essayists, novelists).

А 21 сакавіка, згодна з рэзалюцыяй трыццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, з 1999 года адзначаецца яшчэ адно, яшчэ больш маладое штогадовае свята — Сусветны дзень паэзіі.

Асноўнай мэтай гэтага свята стала падтрымаць моўную разнастайнасць праз магчымасці  паэтычнага  слова, садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртацца да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, аднаўляць дыялог паэзіі з іншымі відамі мастацтва: тэатрам, музыкайжывапісам. І гэтая дата для нас актуальная, бо калі згадваем сваіх найбуйнейшых класікаў — Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, дык думаем пра іх найперш як пра паэтаў, як пра песняроў. Ёсць пэўная сімволіка і ў тым, што дзень нараджэння Францішка Багушэвіча, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, прыпадае на гэтую дату.

У сакавіку мы таксама можам згадаць пра прыход у гэты свет такіх майстроў прыгожага пісьменства, як Кандрат Крапіва, Ізі Харык, Францішак Аляхновіч, Алесь Гарун, Тодар Кляшторны, Міхась Чарняўскі, Павел Місько, Аляксей Пысін, Уладзімір Мархель...

У першым месяцы вясны мы маем мажлівасць павіншаваць з днём народзінаў Лявона Баршчэўскага, Анатоля Сідарэвіча, Лідзію Савік, Серафіма Андраюка, Міхала Анемпадыстава, Кастуся Цвірку, Хрыстыну Лялько, Аляксея Марачкіна, Алега Мінкіна, многіх іншых літаратараў.

А вось Уладзімір Мехаў, Уладзімір Папковіч ды Аляксей Рагуля нарадзіліся 25 сакавіка, у Дзень волі.

Вось такі атрымліваецца сакавіцкі літаратурны беларусацэнтрычны часаслоў.