Раман пра Франца Кафку на беларускай мове

У рамках тыдняў Германіі, якія пачынаюцца ў Мінску 26 верасня ў кнігарні «логвінаЎ», адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу рамана «Хараство жыцця» Міхаэля Кумпфмюлера.



kafka.jpg

Франц Кафка
Пераклад на беларускую мову рамана пра Франца Кафку стаў магчымы дзякуючы падтрымцы Інстытута імя Гётэ і сродкам Міністэрства замежных справаў Германіі. Кніга выйшла ў выдавецтве «Логвінаў».
Раман Міхаэля Кумпфмюлера «Хараство жыцця» быў апублікаваны ў 2011 годзе і ўжо перакладзены на 19 моваў свету. У ім апавядаецца пра апошні год жыцця Франца Кафкі і пра яго каханне да Доры Дыямант. Чакаецца, што на прэзентацыю 28 верасня ў Менск прыедзе аўтар — Міхаэль Кумпфмюлер.
Сярод першых чытачоў беларускага тэксту — філосаф Валянцін Акудовіч:

«Нечакана для мяне гэтая кніга аказалася проста выдатная. Адна з найлепшых, якія я чытаў цягам апошніх гадоў. Гэта кніга не столькі пра Франца Кафку, колькі пра каханне адной маладой жанчыны да не вельмі ўдалага закамплексаванага літаратара. Проста рэдкая па моцы кахання і напісаная ў вельмі адэкватным адносна творчасці Кафкі стылі. Гэта трэба чытаць».


Спадар Акудовіч адзначае, што цяпер адбыўся рэнесанс, перакладчыцкі выбух, бо вельмі шмат кніг перакладаецца на беларускую з польскай, нямецкай і іншых моваў. Таму новы пераклад, паводле Акудовіча, — у гэтым агульным рэчышчы.
«Да таго ж вельмі цікавая падзея, што ў Беларусі сфармавалася маладая плынь таленавітых перакладчыкаў. І мы можам гаварыць пра новую школу беларускага перакладу. Гэты бум і паўставанне новай школы беларускага перакладу звязаны з рознымі фундацыямі. У нашай сітуацыі дзяржава не тое што не збіраецца падтрымліваць перакладчыкаў, бо ўсе найлепшыя перакладчыкі знаходзяцца ў дыскурсе незалежнай беларускай культуры, яна хацела б, каб і гэтае не перакладалася».
Перакладчыца «Хараства жыцця» Ірына Герасімовіч кажа, што такой кнігі ў Беларусі яшчэ не было:

«Чаму я з задавальненнем узялася за гэты пераклад? Па-першае, гэта біяграфічны раман, які добра, дэталёва даследаваны. Усё што мажліва было дакументальна пацвердзіць, яно пацверджана. А па-другое, гэтая кніга спрацоўвала б, нават калі б чытач не ведаў, што яна пра Кафку».


Паводле Ірыны Герасімовіч, кніга на беларускай мове «гучыць яшчэ шчыльней, бліжэй да чытача, чым на нямецкай».
Тыдні Германіі пройдуць у Мінску з 26 верасня па 20 кастрычніка.
Падчас іх запланаваны шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх адкрыццё лекава-прафілактычнай установы, фельдшарска-акушэрскага пункту ў вёсцы Стары Лепель, фестываль кароткаметражных фільмаў, дзень нямецкай эканомікі, спектакль Штэфана Кегі «Проба грунту ў Казахстане», фотавыстава Хельгі Парыс, свята нямецкай мовы і іншыя.
svaboda.org