Радзівілы — ваяры і палітыкі

Выходзіць у свет кніга пісьменніка Уладзіміра Арлова і мастака Паўла Татарнікава «Айчына. Маляўнічая гісторыя». Прапануем вам урыўкі з яе...

221756_900.jpg

Кніга найперш адрасаваная дзецям і падлеткам, але прачытаць яе будзе карысна і дарослым: бацькам, дзядулям і бабулям, настаўнікам. Першая частка надзвычай багата ілюстраванага выдання, якое ахоплівае час ад з’яўлення на нашай зямлі людзей да канца ХVІІІ стагоддзя, — выдатны навагодні падарунак для кожнай беларускай сям’і. Прапануем вам урыўкі з новай кнігі.

***

Найбольш багатыя і магутныя роды ў Вялікім Княстве называліся магнатамі. Гэта была наша арыстакратыя. Вельмі часта жыццё дзяржавы залежала ад яе нават больш, чым ад вялікага князя. Шмат хто з магнатаў меў княскі або графскі тытул: Сапегі, Гальшанскія, Хадкевічы, Астрожскія, Слуцкія, Друцкія, Тышкевічы, Алелькавічы.

Да самай багатай ды ўплывовай арыстакратыі не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсёй Еўропе некалькі стагоддзяў належаў ліцьвінскі род князёў Радзівілаў. Трапляліся сярод іх людзі хцівыя і жорсткія, аднак больш было іншых. Радзівілы далі Беларусі вельмі шмат выдатных палітыкаў, палкаводцаў і дзеячоў культуры, вартых удзячнай памяці і пашаны нашчадкаў.

«Каралі — у Варшаве, а мы — у Нясвіжы»

Пачынальнікам самага знакамітага беларускага роду стаў Радзівіл Осцікавіч, старэйшы сын баярына Осціка.

Осцік паходзіў з-пад Вільні і быў хаўруснікам гаспадара Вітаўта ў змаганні за незалежнасць Вялікага Княства. Осцікаў подпіс стаіць пад Тарунскай мірнай дамовай, у якой тэўтонцы прызналі сваю паразу пад Грунвальдам.

Вітаўту паспеў паслужыць і Радзівіл Осцікавіч. Ён займаў пасаду гаспадарскага маршалка, гэта значыць, кіраваў вяліка­княскім дваром. Пазней першы з роду Радзівілаў здабыў сабе славу як таленавіты пасол і ваявода. Ён адваяваў у маскоўцаў і вярнуў у склад Вялікага Княства гарады Бранск, Старадуб, Ноўгарад-Северскі і Пуціўль.

За службу дзяржаве вялікія князі шчодра адорвалі Радзівіла Осцікавіча ды ягоных нашчадкаў.

У XVI–XVII стагоддзях яны валодалі некалькімі сотнямі гарадоў і мястэчак і дзесяццю тысячамі вёсак.

Радзівілы гаспадарылі ў Нясвіжы, Слуцку, Клецку, Міры, Койданаве, Шчучыне, Копысі, Капылі, Любчы... Род меў уласныя збройныя сілы, а ў агульнадзяржаўнае войска пасылаў 1000 коннікаў і больш за 1500 пяхотнікаў.

Сталіцаю Радзівілаў некалькі стагоддзяў лічыўся горад Нясвіж, які часам называлі «маленькім Парыжам».

Магутнасць гэтага роду засведчыла тагачасная прымаўка: «Каралі ў Варшаве, а Радзівілы ў Нясвіжы». Кажучы іншымі словамі, Радзівілы былі для Вялікага Княства і ўсёй Рэчы Паспалітай не менш важныя за вялікіх князёў і каралёў.

91c8b63a_21e6_46be_922d_8f153db917d2_w610_r1_s.jpg

Літоўскі Геркулес

Праўнук першага з Ра­дзівілаў, князь Юрай, застаўся ў беларускай гісторыі як абаронца Айчыны ад захопнікаў з усходу і поўдня. Ён перамог маскоўцаў і татараў у трыццаці бітвах.

Сучаснікі так і называлі яго — Віктар (Victor), што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «пераможца».

У 1511 годзе ён разам з слуцкім князем Юр’ем уначы напаў на лагер татарскіх наезнікаў і разбіў вялікі варожы загон. Нашыя ваяры вызвалілі тады тысячы палонных. Праз год разам з Канстанцінам Астрожскім Юрай Радзівіл атрымаў перамогу над стэпавікамі пад Вішняўцом.

Надзейным памочнікам гетмана Астрожскага Юрай быў і ў славутай Аршанскай бітве. Там князь Радзівіл камандаваў ліцьвінскай конніцай на левым крыле нашага войска. Спачатку ён адбіў атаку маскоўцаў, а потым пагнаў ворага прэч. З узнятым над галавой мячом князь, як быццам не кранаючыся зямлі, ляцеў наперадзе сваіх вершнікаў, і маскоўцы ў жаху кідаліся ў Дняпро або прасілі літасці.

Пазней Юрай спыніў пад Крэвам паход маскоўскага войска на Вільню. Тады ж ён дапамог палякам у вайне з Тэўтонскім Ордэнам. Рыцарскі аддзел князя Радзівіла ўзяў Брандэнбург і яшчэ пяць варожых замкаў. Не вытрымаўшы такога напору, крыжакі папрасілі міру.

Калі Канстанцін Астрожскі сканаў, Юр’ю Радзівілу перадалі вялікагетманскую булаву. З новым правадыром беларускае войска вызваліла ад маскоўскіх захопнікаў Гомельскую і Старадубскую землі.

Старажытны герой Геракл, якога называлі таксама Геркулесам, вылучаўся незвычайнай сілаю і здзейсніў дванаццаць славутых подзвігаў. Юр’я Радзівіла часта параўноўвалі з гэтым героем і далі яму ганаровае імя «Літоўскі Геркулес».

Не будзем забывацца, што Літвой тады звалася ўсё Вялікае Княства і ягоная галоўная частка — Беларусь.

У Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску вы можаце ўбачыць вялікі партрэт Літоўскага Геркулеса ў поўным рыцарскім узбраенні.

Дачка Юр’я Радзівіла прыгажуня Барбара стала жонкаю вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, а сын Мікалай, названы Рудым, як і бацька, увайшоў у гісторыю выдатным ваяводам.

Мікалай Руды

Мянушку Руды яму далі за рыжыя валасы. Здаўна існуе прыкмета, нібыта людзі з такімі валасамі часцей за іншых робяцца знакамітымі. Мікалай хутка пацвердзіў гэта. Ягоныя вялікі розум і кемлівасць сваякі заўважылі яшчэ ў дзяцінстве.

Хлопец вучыўся ў бацькоўскім палацы, але ад ліцьвінскіх і замежных настаўнікаў атрымаў адукацыю не горшую, чым ва ўніверсітэце. Потым некалькі гадоў ён набываў патрэбны дзяржаўнаму чалавеку досвед пры каралеўскім двары ў сталічным Кракаве. Гэтаксама добра, як і па-беларуску, Мікалай гаварыў на польскай і лацінскай мовах.

Бацька, вялікі гетман Юрай, пачаў браць сына ў паходы з юных гадоў. У дваццаць адзін год Мікалай ужо сам паспяхова камандаваў аддзелам кавалерыі. Ён праславіўся ў новай вайне з Масковіяй, якая пачалася ў 1534 годзе. Конніца маладога Мікалая Радзівіла Рудога асабліва вызначылася ў штурме горада Старадуба.

Пасля бацькавай смерці князь Мікалай застаўся ўладальнікам багатых земляў і маёнткаў, а таксама апекуном малодшай сястры Барбары, у якой памёр муж. Каб заўдавелая сястра не засталася без спадчыны, Ра­дзівіл напісаў ліст гаспадару Жыгімонту Аўгусту… Вялікі князь і княгіня Радзівіл спадабаліся адно аднаму. Яны пачалі сустракацца, а затым пабраліся шлюбам. Тады ўплыў Мікалая Рудога на палітыку Вялікага Княства Літоўскага зрабіўся яшчэ большым. Ад’язджаючы з Вільні ў Кракаў, Жыгімонт Аўгуст прызначыў Радзівіла Рудога сваім намеснікам. Але найбольшую славу князь Мікалай здабыў, стаўшы вялікім гетманам.

Неўзабаве зноў распачалася вайна з Масковіяй, якая прагнула захапіць суседнія з Вялікім Княствам Інфлянты. Даведаўшыся, што сабранае гетманам Мікалаем войска перайшло Дзвіну і рушыла на дапамогу лівонцам, маскоўскія ваяводы спалохаліся і пачалі адступаць. Ліцьвіны гналі іх ажно да Балтыйскага мора.

Пасля таго, як войскі цара Івана Жахлівага захапілі Полацак, над Вялікім Княствам навісла смяротная пагроза. Але ўзімку 1564 года на беразе ракі Вулы, паблізу вёскі Іванск, беларуская конніца Радзівіла раптоўным ударам разбіла ў тры разы большае 25-тысячнае маскоўскае войска. Пасля гэтага захопнікі ўжо не насмельваліся ісці ўглыб Беларусі.

Пазней войска гетмана Мікалая ўдзельнічала ў вызваленні Полацка. Вялікі князь і кароль Сцяпан Батура шмат разоў дзякаваў Радзівілу за добрыя парады і ставіў у прыклад ягоную кавалерыю.

Адзін тагачасны паэт з захапленнем напісаў пра Мікалая Рудога: «Нават калі б у мяне было сто языкоў і сто вуснаў, я не змог бы пералічыць усе бітвы, якія вёў гэты пераможца на варожых палях».

Мікалай Чорны

Надзейным хаўруснікам Мікалая Рудога ва ўсіх справах быў стрыечны брат Мікалай Чорны, які атрымаў мянушку таксама за колер валасоў. Ён займаў высокія пасады, кіраваў вялікакняскай Радай і паседжаннямі соймаў, дапамог брату выдаць яго сястру Барбару замуж за Жыгімонта Аўгуста.

У 1550 годзе Мікалай стаў канцлерам — другім у краіне чалавекам пасля вялікага князя. Сябры і непрыяцелі называлі яго некаранаваным уладаром Вялікага Княства. Пра тое, што ніхто не мог запярэчыць канцлеру, казала дасціпная прымаўка: «Дзе Чорны прывяжа карову ў Літве, там яна і стаяць паслухмяна будзе».

За заслугі перад дзяржавай вялікі князь зрабіў канцлера Мікалая віленскім ваяводам і дазволіў захоўваць у нясвіжскім замку Радзівілаў архіў Княства. Амаль кожную пастанову Жыгімонт Аўгуст прымаў толькі са згоды канцлера. За гэта зласлівыя языкі распускалі чуткі, нібыта князь Мікалай пасябраваў з нячыстай сілаю і навёў на вялікага князя чары.

Мікалай Чорны меў шмат ворагаў, але асабліва ненавідзелі яго каталікі. Канцлер, а следам за ім амаль усе іншыя магнаты перайшлі з каталіцтва ў новую веру, якая называлася кальвінізмам. Кальвіністы былі хрысціянамі, але не прызнавалі ўлады рымскага папы і выступалі супраць велізарнага багацця каталіцкай царквы. Яны хацелі зрабіць веру больш простай і чыстай — такой, як у часы Ісуса Хрыста і ягоных вучняў.

Радзівіл Чорны адчыняў кальвінісцкія школы, храмы, друкарні. У Нясвіжскай друкарні выдаваў кнігі паслядоўнік Францішка Скарыны асветнік Сымон Будны. На сродкі Радзівіла выйшла славутая Берасцейская Біблія.

Канцлер і ягоныя аднадумцы хацелі, каб ліцьвіны-каталікі і ліцьвіны-праваслаўныя злучыліся ў адной царкве. Гэта абараняла б Вялікае Княства і ад каталіцкай Польшчы, і ад праваслаўнай Масковіі. Мікалаю Чорнаму не хапіла часу ажыццявіць свой намер. Але, як вядома, праз некалькі дзесяцігоддзяў гэта зрабілі яго паслядоўнікі на Берасцейскім аб’яднаўчым царкоўным саборы.

Незвычайны лёс княгіні Барбары

Гэтай жанчыне вялікага розуму і чароўнай красы выпаў дзіўны і цяжкі лёс.

Калі красуня Барбара адз­начыла сямнаццаты дзень нараджэння, бацькі выдалі яе замуж за нашмат старэйшага наваградскага ваяводу Станіслава Гаштаўта. Ваявода неўзабаве памёр, і маладая ўдава засталася самотнічаць у родавым мужавым замку ў Геранёнах.

Калі скончылася жалоба, Барбара пачала прыязджаць у сталічную Вільню. Аднаго разу на балі яна і пазнаёмілася з вялікім князем.

Неўзабаве ён прыехаў на пару дзён у Геранёнскі замак, а прагасцяваў там ажно некалькі тыдняў. Жыгімонт патлумачыў, што хаваўся ад чумы, якая забрала шмат жыццяў у сталіцы. Аднак у сапраўднасці ён закахаўся ў Барбару.

Сталася так, што вялікі князь па нейкім часе таксама заўдавеў. Тады Барбара жыла з маці ў Вільні. Жыгімонт Аўгуст загадаў пабудаваць патаемны пераход з свайго палаца ў дом Радзівілаў.

Барбарына маці спрыяла маладым, бо марыла ўбачыць дачку ў кароне вялікай князёўны і каралевы. А вось ейныя браты Мікалай Руды і Мікалай Чорны папрасілі гаспадара Вялікага Княства, каб ён «не чыніў іх дому няславы». Князь паабяцаў больш не прыходзіць, але ўжо страціў ад кахання волю. Кожны дзень расстання з Барбарай, якую Жыгімонт Аўгуст ласкава называў дарагой Басяй або Басенькай, быў для яго пакутай.

Аднаго разу ўначы ён зноў выправіўся на спатканне, ды яго сустрэла не каханая, а яе раз’юшаныя браты. Яны запатрабавалі або ажаніцца з іхняй сястрою, або ніколі больш з ёю не бачыцца. Жыгімонт адважыўся на адчайны крок і ў тую ж ноч таемна абвянчаўся з каханай Барбарай.

Чутка пра гэта дайшла ў Кракаў да бацькоў вялікага князя — караля Жыгімонта Старога і каралевы Боны. Яны былі супраць шлюбу, бо лічылі, што род Радзівілаў хоць і дужа знатны, але ўсё роўна ніжэйшы за вялікакняскі і каралеўскі. Каралева Бона залілася слязьмі і адразу зненавідзела нявестку.

d285f268_b785_4368_bb9d_a7403ae27809_w610_r0_s.jpg

Аднак Жыгімонт Аўгуст і ягоная абранніца перамаглі ў барацьбе за сваё каханне. Барбара Радзівіл атрымала ў Кракаве каралеўскую карону.

На вялікі жаль, шчасце было нядоўгім. Ужо праз некалькі дзён Барбара, якой толькі што споўнілася трыццаць гадоў, цяжка захварэла і не падымалася з ложка. Муж праводзіў каля яе дні і ночы, ды нічым не мог памагчы. Хадзіла пагалоска, што каралева Бона падаслала да нявесткі свайго сакратара з атрутай.

Выконваючы жончыну волю, Жыгімонт пахаваў Барбару ў любай яе сэрцу Вільні. На памяць пра каханую ён загадаў пабудаваць там касцёл святой Барбары.

І праз шмат гадоў Жыгімонт Аўгуст не мог забыць любую Басю. Паданне апавядае, што ён паклікаў да сябе самага знакамітага ў краіне чараўніка-чарнакніжніка пана Твардоўскага, каб той паказаў яму ў люстэрку хоць бы цень Барбары.

Убачыўшы яе аблічча, вялікі князь у роспачы закрычаў: «Басенька мая!» Люстэрка разбілася, пакой напоўніўся дымам. Ад таго часу прывід Барбары, які называюць Чорнай Паннай, нібыта з’яўляецца ў Нясвіжскім замку і яго ваколіцах.

90efdb3f_d6ec_4245_bf58_094285fed273_w610_r1_s.jpg

Сіротка і егіпецкія муміі

Гэты князь быў сынам Мікалая Радзівіла Чорнага, а мянушку атрымаў ад самога гаспадара Жыгімонта Аўгуста. Выпраўляючыся да вялікакняскага двара, бацькі аднаго разу ўзялі з сабою і зусім маленькага сыночка Мікалая Крыштопа. Калі Жыгімонт Аўгуст падышоў да яго, Міколка жаласна плакаў на маленькім ложачку. Гаспадар ласкава загаварыў з ім і са шкадобаю назваў сіроткам.

У гады дзяцінства Сіроткі ў Нясвіжы жылі і працавалі вядомыя еўрапейскія вучоныя, якіх сабраў да сябе Мікалай Чорны. Яны і сталі для хлопчыка першымі настаўнікамі. Потым ён паспяхова спасцігаў навуку ва ўніверсітэтах далёкіх Страсбурга і Цюбінгена.

З юнацтва Мікалай Сіротка любіў вандраваць. Ён пабачыў італійскія гарады Рым, Мілан і Падую, быў у швейцарскім Цюрыху. Знатнасць роду і багацце дазвалялі яму сустракацца з рымскім папам і каралямі, выступаць на самых славутых у Еўропе рыцарскіх турнірах.

Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, князь Мікалай на чале ўласнага аддзелу ваяваў з маскоўскімі захопнікамі. Пры вызваленні Полацка войскам Сцяпана Батуры Радзівіл быў паранены, а пад час аблогі Пскова атрымаў яшчэ адну цяжкую рану. Каб хутчэй акрыяць, Мікалай Сіротка намерыўся здзейсніць вандроўку ў Святую Зямлю і шчыра памаліцца там, дзе калісьці навучаў людзей Ісус Хрыстос.

З Нясвіжа Сіротка накіраваўся ў італійскі горад Венецыю, а далей паплыў на караблі морам. Па дарозе ў Ерусалім і назад падарожнік наведаў астравы Крыт і Кіпр, а таксама Сірыю і Егіпет. Ён аглядаў старажытныя гарады і помнікі, цікавіўся прыродай, звычаямі, гаспадаркай тых далёкіх краін і народаў. Паўсюль князь занатоўваў назіранні ў дзённіку.

На зваротным шляху карабель, на якім плыў Сіротка, трапіў у страшны шторм. Князевы спадарожнікі вырашылі, што Бог гневаецца, бо Радзівіл вязе з сабой егіпецкія муміі для нясвіжскай музейнай калекцыі. Муміі давялося выкінуць за борт, але дзве з іх князь усё ж прыхаваў.

У Нясвіж ён прывёз таксама шмат іншых старажытных рэчаў, а таксама дзіўных для нашых краёў жывёлін і птушак: малпаў, леапардаў, чыюкоў-папугаяў. Аднак самым галоўным багаццем былі падарожныя нататкі. Дзякуючы ім князь напісаў на лацінскай мове кнігу, якая скарочана называлася «Пэрэгрынацыя» («Падарожжа»).

Кніга ў знакамітага вандроўніка атрымалася такой цікавай і карыснай, што дваццаць разоў выдавалася на розных еўрапейскіх мовах, у тым ліку на беларускай.

Мікалай Сіротка адмовіўся ад бацькавай кальвінісцкай веры і стаў каталіком. Ён нават скупляў і загадваў паліць выдадзеную бацькам Берасцейскую Біблію. Але князь заставаўся патрыётам роднай краіны. Ён быў паслом вялікага князя на царкоўным з’ездзе ў Берасці і спрыяў царкоўнай вуніі. Каля Нясвіжа ён заснаваў вуніяцкі манастыр.

Землякі найперш памятаюць і шануюць Радзівіла Сіротку за тое, што ён перабудаваў родны Нясвіж і зрабіў яго адным з найпрыгажэйшых гарадоў не толькі дзяржавы, але і ўсёй Усходняй Еўропы.

Добра распараджаючыся велізарным багаццем, князь запрашаў да сябе таленавітых дойлідаў, мастакоў і майстроў розных спецыяльнасцяў. Якраз у тыя часы ў Нясвіжы з’явіліся славутасці, якія сёння вабяць да сябе сотні тысяч турыстаў. Гэта замак, ратуша, Фарны касцёл, які пабудаваў на ўзор аднаго з самых знакамітых рымскіх храмаў архітэктар Ян Марыя Бернардоні.

У Сіроткі плённа працаваў таленавіты мастак Тамаш Макоўскі. Ягоныя творы дапамагаюць нам уявіць, як чатыры стагоддзі таму выглядалі Нясвіж, Вільня, Горадня, Клецак. Макоўскі быў і выдатным картографам — майстрам у складанні геаграфічных картаў. На замову Сіроткі ён стварыў першую дакладную карту Вялікага Княства Літоўскага, якая і цяпер лічыцца адным з шэдэўраў еўрапейскага картаграфічнага мастацтва.

«Хачу Айчыну шчаслівай бачыць»

Князь Януш Радзівіл, як і ягоныя продкі, быў патрыётам Вялікага Княства і змагаром за яго незалежнасць ад Польшчы. Яшчэ ў юнацтве ў спрэчцы з польскімі пасламі ў Вільні Януш сказаў ім, што прыйдзе час, і ліцьвіны будуць выкідаць хцівых палякаў праз вокны.

Князь вучыўся ва ўніверсітэтах Нямеччыны, Галандыі, Францыі ды Англіі. Апрача глыбокіх ведаў у розных навуках, ён меў надзвычайны вайсковы талент. У сорак гадоў стаў віленскім ваяводам, а затым і вялікім гетманам. «Спачатку хачу Айчыну шчаслівай бачыць, а потым дом родны», — казаў князь Януш.

Якраз тады Расея зноў напала на Рэч Паспалітую. Уся дзяржава глядзела на Януша Радзівіла з надзеяй, бо на яго плечы лёг цяжар яе галоўнага абаронцы. У гетмана было толькі дзесяць тысяч жаўнераў, на якіх ішло амаль 100-тысячнае расейскае войска.


Павел Татарнікаў. Рэчыца (Зімовы паход Януша Радзівіла)

Павел Татарнікаў. Рэчыца (Зімовы паход Януша Радзівіла)

Першую бітву ворагу Януш даў у жніўні 1654 года пад Шкловам. Ліцьвіны святкавалі бліскучую перамогу: яны страцілі 700 ваяроў, а маскоўцы ледзь не ў дзесяць разоў болей. Але ўсё роўна на аднаго ліцьвіна прыпадала па дзясятку захопнікаў. Царскім ваяводам удалося ўзяць корпус Радзівіла ў абцугі. Блізу тысячы нашых жаўнераў палегла, а сам вялікі гетман быў паранены.

Царскія войскі захапілі большую частку Беларусі разам з Вільняй. Трэба было ратаваць Бацькаўшчыну.

Не маючы дастатковай збройнай сілы, каб змагацца з расейцамі, у 1655 годзе Януш Радзівіл падпісаў у Кейданах пагадненне пра вунію Вялікага Княства Літоўскага з Шведскім каралеўствам.

Такім чынам ранейшая вунія з Польшчай зрабілася несапраўднай.

З дапамогаю шведскай арміі князь Радзівіл разлічваў разбіць маскоўцаў і ўмацаваць самастойнасць Княства. Аднак супроць гетмана-патрыёта ўзбунтавалася частка войска.

Вунія не ажыццявілася, а сам Януш падазрона хутка памёр — напэўна, пастараліся ягоныя ворагі.

З удзячнасцю князя згадвалі не толькі верныя паплечнікі-ваяры. Студэнтам-ліцьвінам ён даваў стыпендыі на навучанне ў еўрапейскіх універсітэтах. На сродкі вялікага гетмана Януша Радзівіла будаваліся храмы і школы.

Ад ягонага імя паходзіць назва славутага Радзівілаўскага летапісу, уладальнікам якога быў князь Януш.

Малюнкі Паўла Татарнікава