Прэзентацыя матэрыялаў краязнаўчай канферэнцыі
18 кастрычніка ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі у мінскай сядзібе РГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
адбылася прэзентацыя зборніка матэрыялаў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух, выдадзенага грамадскім
аб’яднаннем сумесна з Міністэрствам культуры.
У 224-старонкавае навуковае выданне на беларускай і англійскай мовах, укладзенае старшынёй ТБМ Алегам Трусавым і першым намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання Аленай Анісім, ўвайшлі
36 дакладаў навукоўцаў, аспірантаў, студэнтаў, краязнаўцаў і кіраўніка музыкальнага гурту “Палац Алега Хаменкі -- удзельнікаў канферэнцыі, якая адбылася 16 красавіка 2012
года ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі (Мінск) у межах выканання праекта “Захаванне гістарычнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці. Гэты праект быў падтрыманы
праграмай малых грантаў амбасады ЗША ў Беларусі, узгоднены з Міністэрствам культуры і зарэгістраваны ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці кіраўніцтва справамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі
Беларусь.
Як адзначыла Алена Анісім, у межах праекта, які ажыццяўляўся на працягу 2011-2012 гадоў, адбыліся шмат мерапрыемстваў, у тым ліку конкурс па мікратапаніміі, краязнаўчая каферэнцыя і фестываль.
Паводле яе слоў, напярэдадні канферэнцыі адбыліся круглыя сталы, рэгіянальныя канферэнцыі і семінары па навучанні валанцёраў, а таксама сустрэчы з гісторыкамі і краязнаўцамі. Ва ўсіх гэтых
мерапрыемствах змаглі прыняць удзел людзі, якія не толькі цікавяцца мінулым Бацькаўшчыны, але і нешта робяць дзеля захавання яе гістарычнай спадчыны, сказала Анісім. Паводле яе слоў, пад час
канферэнцыі працавалі секцыі па тапаніміі, ахове і выкарыстанні спадчыны, валанцёрскаму руху па ўзнаўленні помнікаў дойлідства, фармаванні турыстычнага іміджу краіны праз папулярызацыю
краязнаўства, а таксама лінгвістыцы, як аспекту краязнаўства. Намеснік старшыні ТБМ паведаміла, што лагічным працягам канферэнцыі стаў краязнаўчы фестываль, які адбыўся ў сталіцы 28 траўня з удзелам
больш як 150 чалавек, у тым ліку выкладчыкаў і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКМ), фальклорных ансамбляў з Веткаўскага (Гомельская вобласць) і Бешанковіцкага
(Віцебская вобласць) раёнаў, маладзёвага гурту з Мінска, а таксама краязнаўцаў і журналістаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Анісім выказала спадзяванне, што зборнік паспрыяе развіццю розных галін
айчыннага краязнаўства, а таксама папулярызацыі роднай мовы ў грамадстве.
Паводле слоў Алега Трусава, яму пашанцавала быць бацькам валанцёрскага руху на помніках архітэктуры яшчэ ў савецкія часы, калі яму ўдалося па лініі ЦК ЛКСМБ стварыць у 1977 годзе першы на Беларусі
будаўніча-археалагічны атрад для правядзення раскопак Лідскага замка XIV стагоддзя на Гарадзеншчыне. Гэты атрад з хлопцаў гістфаку БДУ атрымаў імя яго першага рэктара Уладзіміра Пічэты і дзейнічаў да
1991 года, сказаў Трусаў. Паводле ягоных слоў, падобныя атрады былі створаныя ў шэрагу сталічных ВНУ, у тым ліку ў педагагічным і палітэхнічным інстытутах, а таксама ў Гарадзенскім універсітэцэ.
Акрамя таго, да раскопак далучылася нефармальная моладзь, у першую чаргу выхаванцы маладзёвых творчых згуртаванняў “Беларуская спеўна-драматычная Майстроўні і
“Талака, адзначыў Трусаў. Паводле ягоных слоў, у незалежнай Беларусі гэтую справу падоўжылі аб’яднанне студэнтаў “Этна, створанае Паўлам Каралёвым у
БДУКМ, добраахвотніцкія маладзёвыя структуры ў Гомелі, Магілёве і Горадні, а таксама рыцарскія клубы. Зараз цэнтрам валанцёрства з’яўляецца Любчанскі замак XVI стагоддзя ў Наваградскім раёне
Гарадзеншчыны, дзе шмат гадоў пад час міжнародных маладзёвых летнікаў вядуцца аднаўленчыя працы на помніку, сказаў Трусаў.