Пяць цікавостак пра зборную Ісландыі

Сенсацыйная перамога зборнай Ісландыі над Англіяй у Чэмпіянаце Еўропы, спарадзіла небывалую цікавасць да каманды краіны, насельніцтва якой складае ўсяго 331 тысячу чалавек. Пры гэтым 30 тысяч заўзятараў прыехалі ў Францыю. Прапануем вам пяць цікавых гісторыек пра гэту неверагодную каманду.

futbol_1.jpeg

1

Ісландыя раней ніколі не гуляла ў фінальных стадыях чэмпіянату Еўропы. Адной з найбольш паспяховых кваліфікацыйных кампаній для краіны быў адборачны цыкл чэмпіянату Еўропы–2004, калі каманда пад кіраўніцтвам Асгейра Сігурвінсана мела шанцы заняць першае ці другое месца. Для гэтага трэба было перамагаць Германію і чакаць асечкі зборнай Шатландыі. Аднак Германія атрымала перамогу над ісландцамі з лікам 3:0 і пазбавіла іх шанцаў на першае месца, а перамога шатландцаў над Літвой пакінула ісландцаў без плэй-оф адбору Еўра–2004.


Аднак 6 верасня 2015 года, згуляўшы нулявую нічыю са зборнай Казахстана, зборная Ісландыі гарантавала сабе першы ў сваёй гісторыі ўдзел у чэмпіянаце Еўропы.


Дарэчы, хатняй арэнай зборнай Ісландыі з'яўляецца стадыён у Рэйк'явіку, які носіць назву «Лаўгардалсвёллур». З 1958 па 1997 год гэта была арэна з адной трыбунай і драўлянымі лавамі. Пасля мадэрнізацыі і будаўніцтва другой трыбуны стадыён стаў змяшчаць 15 000 гледачоў.


І яшчэ, Хеймір Хальгрымсон, памочнік галоўнага трэнера ісландскай зборнай Ларса Лагербека, доўгі час працаваў стаматолагам.

2

У адным з матчаў на полі за зборную Ісландыі гулялі бацька і сын. Гэта быў таварыскі матч з Эстоніяй (Талін, 24 красавіка 1996 гады). У другім тайме Эйдур Смары Гудзьёнсен выйшаў на замену замест свайго бацькі Арнара. І гэта было ўпершыню ў гісторыі міжнародных футбольных спаборніцтваў.

3

Рэкардсменам зборнай па колькасці згуляных матчаў з'яўляецца Рунар Крыстынсан, які ў 1987–2004 гадах правёў 104 матчы (3 галы). Таксама ў тройку лідараў уваходзяць Херман Хрэйдарсан і Эйдур Гудзьёнсен. Гудзьёнсен з'яўляецца лепшым бамбардзірам у гісторыі зборнай. Бацька Эйдура Арнар таксама ўваходзіць у дзясятку лепшых па згуляных матчах і забітых мячах.

Дарэчы, толькі ў аднаго ісландскага футбаліста, якіх мы дасюль бачылі на полі, Эйдура Гудзьёнсена, прозвішча заканчвалася на -sen. Ва ўсіх астатніх прозвішча заканчваюцца на -son. Ісландцы не маюць прозвішчаў у нашым разуменні. Сын атрымлівае імя бацькі, да якога дадаецца канчатак -son. Літаральна гэта імя па бацьку. Гунарсан азначае сын Гунара.

4

Цяперашні капітан зборнай Ісландыі Аран Гунарсан да 15 гадоў займаўся гандболам, лічыўся ўзыходзячай зоркай гэтага спорту ў сваёй краіне. Аднак затым ён вырашыў сысці ў футбол, патлумачыўшы гэта тым, што гандбол занадта просты і надакучыў яму. Дарэчы, гандбол у Ісландыі заўсёды быў вельмі моцным.

5

Галкіпер зборнай Ісландыі, Ханес Хадльдоўрсан, прафесійным футбалістам стаў салідным узросце.


«Я кідаў мяч у сцяну, ён адскокваў, і я спрабаваў яго злавіць. Так я стаў галкіперам. Я надаваў практыкаванням гадзіны, тыдні, месяцы і гады. Пазней яно мне спатрэбілася, калі я гуляў у маленькім клубе з Рэйк'явіка, у якога не было грошай на падрыхтоўку брамнікаў», — кажа Хадльдоўрсан.

Ханес кінуў футбол у 14 гадоў пасля траўмы падчас катання на сноўбордзе. Толькі ў 19 гадоў хлопец аднавіў футбольныя трэніроўкі, і за гэты час  захапіўся рэжысурай і мантаваннем відэаролікаў. Да 23 гадоў Хадльдоўрсан дарос да вышэйшай лігі.

Але вялікі футбол прыйшоў у жыццё ісландскага галкіпера ў 27 гадоў: тады ён перайшоў у лепшы клуб краіны «КР» і дэбютаваў у зборнай, захапіўшы месца ў варотах каманды Ларса Лагербека. З 2014-га Ханес гуляе толькі за мяжой.

«Калі я жыў у Ісландыі, кожны дзень з 8 да 17 я сядзеў у офісе, а потым ішоў на трэніроўку. Праца рэжысёрам была для мяне асноўнай, таму што прыносіла больш грошай»,— распавядае Ханес.

Зараз Хадльдоўрсан жыве ў Нарвегіі. Ён ажыццявіў мару і стаў запатрабаваным прафесіяналам, у яго з'явілася больш вольнага часу, які ён плануе выдаткаваць на напісанне сцэнара для фільма жахаў.

«Працадаўцы пайшлі мне насустрач, падаўшы бестэрміновы адпачынак да заканчэння кар'еры. Зараз я магу расслабіцца, таму што раней ездзіў на зборы з ноўтбукам і мантаваў відэа паміж трэніроўкамі. Эйдур Гудзьёнсен, які быў маім суседам па нумары, увесь час мяне троліў з-за гэтага».


І не толькі пра зборную



Яшчэ адной зоркай Ісландыі, акрамя футбалістаў, на Еўра–2016 стаў каментатар Гудмундур Бенедыктсан. Пасля перамогі зборнай Ісландыі над камандай Аўстрыі ён настолькі эмацыйна святкаваў поспех, што сарваў голас. Адначасова яго звольнілі з асноўнай працы — ён з'яўляўся памочнікам галоўнага трэнера клуба «Рэйк'явік», і за той час, што Гудмундур быў паглынуты нацыянальнай зборнай, яго ўласная каманда пацярпела пяць паразаў.


Ну і,  нарэшце, асаблівую ўвагу звярнула на сябе «крычалка» ісландскіх заўзятараў, якая многім здаецца магічным абрадам вікінгаў.


Паводле замежных СМІ