«Мы шмат гадоў шукаем нацыянальную ідэю, а магчыма, трэба проста трымацца свайго»
Людзі прыходзяць да беларускасці рознымі шляхамі, часта — нечаканымі. Лідар музычнага гурта «Дразды» расказаў пра тое, як стаў спяваць па-беларуску.
Днямі лідар гурта Віталь Карпанаў «Дразды» падвёў вынікі вялікага тура па Беларусі, піша «Народная воля» са спасылкай на «Беларускую думку».
«95 канцэртаў бесперапыннага штодзённага тура “Хата бацькоў”! — падлічыў Карпанаў. — Мы зрабілі тое, што ў гэтай краіне ніхто не рабіў!
Нашы канцэрты наведала больш за 70 тысяч чалавек, мы праехалі каля 50 тысяч кіламетраў, у некаторых гарадах мы давалі па 2, а то і па 3 канцэрты!
На восень мы плануем другую частку нашага тура з абласнымі гарадамі і вялікім канцэртам у Мiнску! Мы абавязкова прыедзем у кожны горад, аграгарадок і пасёлак, дзе ёсць нашы слухачы!
Дзякуй кожнаму, хто з намі! Мы шчаслівыя граць і спяваць для вас!»
А вот што нядаўна расказваў Карпанаў пра тое, як гурт «Дразды» сустракаюць у рэгіёнах:
«Спытаеце, з чаго пачалося? — гаварыў музыка ў інтэрв’ю «Беларускай думцы». — Напісалася песня "Хата бацькоў", у 2021-м яна загучала. І, ведаеце, праз яе мы адчулі такую любоў да беларускай песні на роднай мове — цяжка перадаць словамі свае эмоцыі. З "Хатай бацькоў" паехалі на Дзень беларускага пісьменства ў Капыль. Пазней нам патэлефанавалі са студыі Андрэя Малахава і запрасілі паўдзельнічаць у перадачы. Але ў нас былі ўжо запланаваны канцэрты. Увогуле да СМІ ў мяне асаблівае стаўленне: пятнаццаць гадоў на тэлебачанні, хадзіў усюды, куды клікалі. І, шчыра скажу, крыху стаміўся ад гэтага, бо, як ні стараўся, яно не давала таго, што патрабуе душа. Тэлебачанне аднімала шмат часу, і бракавала галоўнага, пра што марыў, — залы, непасрэднага кантакту з публікай. Ды і стаўленне ў грамадстве да тэлеэкранных "галоваў" з забаўляльных перадач, ведаеце, такое паблажлівае, як мне падаецца.
І я спачатку катэгарычна адмовіўся ехаць, бо нецікава і, зноў жа, канцэрты. Але калі сказалі, што давай, хлапец, едзь ты з "Хатай бацькоў", я зразумеў галоўнае: на адным з вядучых расійскіх каналаў загучыць беларуская песня. Згадалася, што падобная гісторыя некалі здарылася з "Песнярамі". А тут "Дразды"…
Рэзананс быў вялікі і ў Расіі, і ў нас. Прыйшло канчатковае ўсведамленне таго, што гэта якраз тая самая беларуская песня, якой не было доўгі час, пра якую я марыў дваццаць гадоў. Мы нешта стваралі, глядзелі то на адных, то на іншых, а найбольш — на сусветны і расійскі шоу-бізнес. А гэта памылка наша. Трэба было глядзець пад ногі сабе, у душу сваю. І калі звярнуліся да саміх сябе, такіх, якія мы ёсць, — у нас атрымалася.
Я адчуваю вялікую зацікаўленасць людзей да нашай творчасці. Загадчыкі дамоў культуры на вёсцы, асабліва невялікіх, дзе працуюць усяго, можа, два чалавекі, наўпрост кажуць, што яны нават не марылі пра гэта. Бяруць квіткі і старыя, і малыя. Пытаюцца: "Можаце прыехаць, у нас 150 месцаў?" І мы едзем, таму што гэта не дзеля заробку, а для людзей. Я ведаю іх жыццё, іх нялёгкую працу. А тут да іх прыязджае нейкі хлапец, як часам яны самі кажуць, з тэлебачання і, гледзячы у вочы, з імі размаўляе, спявае. Я добра памятаю, калі ў дзяцінстве да нас прыязджалі артысты з раёна. Мне здавалася тады: адбываецца нейкі цуд — вось гэты момант судакранання з душою. Ён заварожвае, прыцягвае, хвалюе.
Вось што яшчэ цікава. Чым больш мы ездзім па краіне, тым лепей, выразна і яскрава акрэсліваецца наша мэта: што мы робім і дзеля чаго. Ясная справа, музыканцкая праца мае на ўвазе нейкі заробак, так павінна быць. Гэта адно. Іншая справа, што хлопец я з вёскі і бязмежна адданы ёй. І мне заўсёды балела, як лёгка і бяздумна мы адракаемся ад яе, ад нашых каранёў, ад усяго таго, чым ганарыцца трэба, а не саромецца. Як я заўсёды кажу на канцэртах, ад’язджаючы з вёскі на вучобу ці на працу, ужо "возле магазина на остановке начинаем разговаривать…". А што ў горадзе? Раствараемся, губляем сябе, становімся як усе. Горад з’ядае нас, нівелюе.
У мяне таксама такое было. Можна сказаць, перабраўшыся ў горад, згубіў сябе. Саромеўся, як усе вяскоўцы, што распазнаюць ува мне "калхозніка", гэтыя "г" і "ч", а замест слова "коўдра" казаў "колдра", хаця і слова такога няма. Перажываў, што не магу добра размаўляць на рускай мове. Да матулі неяк прыехаў, навіны ўключыў — а я не адзін такі (смяецца). І адпусціў гэту сітуацыю. Расказваю сваю гісторыю на канцэрце — і людзі смяюцца. Бо галоўнае не адкуль ты і як размаўляеш, а каб ты чалавек быў харошы.
Дык і нясі ты сваё — тую ж гаворку бацькоў, яна цікавая, у розных кутках Беларусі па-свойму адметная. А мы чамусьці саромеемся, што з вёскі, што ў нас ёсць мова і мы можам на ёй размаўляць, што мы аўтэнтычныя ці, іншым словам, сапраўдныя.
(…) Мы шмат гадоў шукаем нацыянальную ідэю, і яна ўсё неяк не вымалёўваецца. А, магчыма, яна якраз заключаецца ў гэтай нашай адданасці ўласным караням, роднай гісторыі!? Трэба трымацца свайго.
Вось што хочам данесці да людзей Беларусі, дзе б яны ні жылі.
(…) Родную мову я ўвабраў з дзяцінства дзякуючы найперш свайму класнаму кіраўніку, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алене Бярнардаўне Рослік. Яна, мова, ляжала ў мяне недзе там на палічках (усміхаецца). Пачаў размаўляць з людзьмі на канцэртах па-беларуску — цяжка, складана спачатку, але слова за словам мова неяк усплывае. І становіцца цікава, гэта яшчэ больш натхняе. Чаму? Бо людзі, выходзячы з залы, кажуць: "Хочацца размаўляць на беларускай мове". Значыць, мы, артысты, вядзём асветніцкую працу таксама.
(…) У нас дзве дзяржаўныя мовы, а карыстаемся мы збольшага адной. Добра гэта ці дрэнна — на гэты конт можна доўга разважаць, але ж пагадзіцеся: калі ў цябе нечага ў два разы больш, то ты і багацейшы ўдвая. На жаль, нават у некаторых знакавых беларускіх артыстаў няма аніводнай песні на роднай мове. Што тут скажаш — для мяне гэта дзіўна.
На маю думку, родная мова — гэта тое, за што сёння кожны чалавек можа ўхапіцца. Яна ўлагодзіць непаразуменні і спрэчкі, "склеіць" — з’яднае нас, дасць дабрыню, якая цяпер у надзвычайным дэфіцыце…»