«Музыка тоўстых», «мастацтва недачалавекаў». Пераслед джаза ў краіне саветаў і нацысцкай Германіі
У 1928 годзе ў газеце «Правда» Максім Горкі назваў джаз «музыкай тоўстых». Праз 10 гадоў Гебельс пойдзе далей і назаве самую свабодную музыку «мастацтвам недачалавекаў». На шчасце, гэтае мастацтва перажыло ўсе рэжымы.
«Наша моладзь вырасла ў новым свеце высокага доўгу, а не забаў»
У СССР джаз успрымаўся
як музыка галоўнага ідэалагічнага ворага, але фармальна не быў забаронены. З 1945
года джаз нават падтрымліваўся камсамолам, які фінансаваў канцэрты і фестывалі.
Але гэта была пралетарская пародыя на джаз, у той час як сапраўдныя джазмены
падвяргаліся рэпрэсіям.
Максім Горкі ў 1928 напіша эталоннае пасланне савецкага чалавека джазменам:
«...Раптам у чуйную цішыню пачынае суха стукаць нейкі ідыёцкі малаточак — раз, два, тры, дзесяць, дваццаць удараў, і ўслед за імі, нібы кавалак бруду ў найчыстую празрыстую ваду, падае дзікі віск, свіст, грукат, выццё, роў, трэск; урываюцца нечалавечыя галасы, нагадваючы конскае іржанне, раздаецца рохканне меднай свінні, крыкі аслоў, любоўнае кваканне вялізнай жабы; увесь гэты абразлівы хаос шалёных гукаў падпарадкоўваецца рытму ледзь улоўнаму, і, паслухаўшы гэтыя крыкі хвіліну, дзве, пачынаеш мімаволі ўяўляць, што гэта гуляе аркестр вар'ятаў, яны з'ехалі з глузду на сексуальнай глебе, а дырыжыруе імі нейкі чалавек-жарабец, размахваючы велізарным фаласам. Гэта радыё суцяшае свет тоўстых людзей, свет драпежнікаў, паведамляючы ім па паветры новы факстрот у выкананні аркестра неграў. Гэта — музыка для тоўстых».
Заўважым, што, нягледзячы на рэзка негатыўную канатацыю гэтых слоў, спадар Горкі ўсё ж фантастычна заахвочвае чытача дакрануцца да гэтага забароненага плода, апынуцца за спінай «чалавека-жарабца», падзяліць экстаз «аркестра вар’ятаў» і нават разам з імі «з’ехаць з глузду на сексуальнай глебе». Таму што Максім Горкі мімаволі намацаў саму сутнасць джаза, якой ёсць свабода, абсалютнае разняволенне і асалода — паняцці савецкай ідэалогіі, вядома ж, варожыя.
Дарэчы, пра «сексуальнае вар’яцтва» пазней, у 1944 годзе, напіша газета «Das Schwarze Korps» — афіцыйны друкаваны орган СС (верагодна, натхніўшыся «Праўдай»):
«Мы не асцерагаемся і таго, што наша моладзь можа ўпасці ў сексуальнае вар’яцтва, пачуўшы смактанне саксафона. Нашы дзяўчаты, якія шмат працуюць і дапамагаюць авіяцыі, не пабягуць на танцмарафоны, дзе кудлатыя і потныя пераможцы атрымаюць толькі пабоі. Наша моладзь вырасла ў новым свеце высокага доўгу, а не забаў. Небяспека амерыканізму ў тым, што ён адводзіць маладых ад адказнасці, прыстойнасці і таварыства».
З 1933 года выкананне
джаза ў Германіі рэгламентавалася распараджэннем Рэйхсмюзікфюрэра Міністэрства культуры
III Рэйха. У гэтым дакуменце былі, напрыклад, наступныя пункты:
«Творы ў рытме факстрота (так званы свінг) не могуць перавышаць 20 працэнтаў рэпертуару аркестраў танцавальнай і забаўляльнай музыкі».
«У рэпертуары так званага джазавага тыпу павінны пераважаць мажорныя п'есы, а таксама тэксты, якія абвяшчаюць радасць жыцця («Сіла праз радасць»), чым мінорныя і габрэйска-песімістычныя».
«Тэмп варта абіраць хуткі, а не павольны (як, напрыклад, блюз). У той жа час тэмп не павінен перавышаць належнай ступені allegro ў адпаведнасці з арыйскай умеранасцю і пачуццём дысцыпліны. Ні ў якім разе не варта дапушчаць экватарыяльнай распусты ў рытме так званага хот-джаза ці ў сольных выступленнях (так званых брэйках)».
«Забараняецца правакацыйнае ўставанне пры выкананні сольных партый».
А ў 1938-м годзе ў Берліне адбылася выстава «Дэгенератыўнае мастацтва / дэгенератыўная музыка», прысвечаная, вядома ж, джазу.
Але вяртаемся ў краіну, «где так вольно дышит человек». Там дзейнічалі больш элегантна — у 1936 годзе па прамым указанні ЦК з’яўляецца Дзяржджаз СССР, вялізны ўзорна-паказальны аркестр, створаны з мэтай скіраваць гэтае моднае захапленне ў патрэбнае, «пралетарскае» рэчышча. Але праіснуе ён толькі 5 гадоў — да 1941-га.
«Савецкі джаз уяўляў сабой кадыфікаваны набор музычных штампаў, любое адхіленне ад якіх разглядалася як злачынства. Таму развіццё наваджазавых напрамкаў у той час насіла падпольны характар і часцей за ўсё адбывалася па-за сталіцай», — пісаў у артыкуле джазмен Сяргей Летаў.
Эдзі Рознер
Надзвычай паказальным з’яўляецца драматычны лёс Эдзі Рознера.
Адольф Рознер нарадзіўся ў 1910 годзе ў Берліне, у сям’і польскіх гарбэяў. У Германіі малады Адольф атрымаў бліскучую адукацыю — скончыў кансерваторыю Штэрна і Берлінскую вышэйшую музыкальную школу. Ужо ў 1928-м 18-гадовы Рознер стаў адным з самых запатрабаваных салістаў-трубачоў Германіі.
З прыходам Гітлера да ўлады Адольф Рознер пакідае радзіму. У Польшчы Рознер збірае джазавы аркестр, з якім гастралюе па Еўропе з надзвычайным поспехам. Тады ж, у 30-х, Адольф становіцца Эдзі, бо не жадае асацыявацца з нацысцкім лідарам. У Варшаве Эдзі знаёміцца з актрысай габрэйскага мастацкага тэатра Рут Камінскай (дачкой знакамітай рэжысёркі Іды Камінскай), паміж джазменам і рэжысёркай успыхвае каханне.
На пачатку вайны джазавы аркестр трапляе пад бамбёжку, у выніку якой былі знішчаны ўсе інструменты. Аркестр Рознера і трупа Камінскай з’язджаюць у беларускі Беласток. У Беларусі малады джазмен знаёміцца з 1-м сакратаром ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймонам Панамарэнкам. Панамарэнка вырашае паспрыяць поспеху Рознера, так Эдзі стаў кіраўніком Дзяржаўнага джазавага аркестра БССР і нават атрымаў у распараджэнне аркестра цэлы цягнік, на якім гастраляваў. У верасні 1940-га Рознер з аркестрам быў запрошаны ў Сочы, дзе граў для пустой залы, у якой, аднак, быў адзін слухач — Сталін.
У 1946 годзе жорны рэпрэсіўнай сталінскай машыны абрынуліся на джаз. Тады Рознер разам з жонкай і дачкой хацелі вярнуцца ў Польшчу праз Украіну, аднак Эдзі быў арыштаваны Львоўскім упраўленнем НКУС. Учорашняга кіраўніка дзяржаўнага джазавага аркестра прысудзілі да 10-ці гадоў высылкі ў Хабараўскі край. Але і там няспынны Эдзі здолеў сабраць лагерны аркестр! Пазней жа Рознер быў пераведзены на Калыму. Яго жонка Рут была асуджана на 5 гадоў лагераў і выслана пад Кокшэтаў. Дачку Эдзі і Рут, чатырохгадовую Эрыку, забрала ў Маскву сяброўка іх сям’і.
На Калыме Эдзі Рознер закахаўся ў танцорку Маглагу Марыну Бойка, якая нарадзіла яму дачку Ірыну. Брак з Рут не перажыў гэтай высылкі.
Пасля вызвалення ў 1954 годзе Рознер стварыў у краіне саветаў Эстрадны аркестр і нават зняўся з ім у фільме «Карнавальная ноч». Ізноў аркестр Рознера з поспехам і аншлагамі гастраляваў па ўсім СССР. Вядома ж, свінгавыя, джазавыя кампазіцыі даводзілася міксаваць са зразумелымі пралетарыям песенькамі. Вядома ж, аркестр быў невыязным.
Напрыканцы 1960-х быў новы віток савецкай барацьбы са свабоднай музыкай, і ў 1971-м Рознера ўсё ж прымусілі пайсці на пенсію. Свой апошні джазавы ансамбль Рознер сабраў у Гомелі. А ў 1973-м годзе Эдзі ўсё ж здолеў выехаць у Заходні Берлін, дзе ў 1976-м годзе памёр.