Канстанцін Гарачы: І да вертухаяў прыходзіць разуменне, што яны — ізгоі беларускага грамадства
Канстанцін Гарачы — піяніст-віртуоз, яркі прадстаўнік сучаснага беларускага джаза. Паглядзець на яго эмацыйныя адносіны з музычным інструментам, якія ператвараюцца ў выдатнае гучанне джазавых гармоній, збіраюцца поўныя залі не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой.
Канстанцін шмат падарожнічаў, але заўсёды жыў і працаваў у Мінску. А ў лістападзе 2020 года з’ехаў у Кіеў, каб больш не баяцца быць затрыманым, калі выходзіць з дому.
— У 2020 годзе вы сталі актыўным удзельнікам пратэсных акцый. Ці прысутнічала палітыка ў вашым жыцці раней?
— Пачнём з таго, што я вырас у дысідэнцкім асяроддзі. Мой бацька ў 1962 годзе быў асуджаны па палітычным артыкуле. Таму ў сям’і ёсць пэўныя традыцыі іншадумства. Дома заўсёды гучалі так званыя «варожыя галасы» па прыёмніку, былі размовы пра актуальныя падзеі ў краіне. Ад моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады ў нас не было ніякіх ілюзій. Апошняй кропляй, якая абвастрыла мае адносіны з дзеючай уладай, стаў 2010 год. Я лічу, што нармальны чалавек не мог не заўважаць страшэннага абсурду, які адбываўся ў нашай краіне на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Таму для мяне гісторыі пра беларусаў, якія, як кажуць, расплюшчылі вочы толькі ў 2020 годзе, гучаць дзіўна.
— Як вам жылося тут з разуменнем гэтага абсурду?
— Пасля 2010 года я максімальна абмежаваў усе свае кантакты з дзяржаўнымі выданнямі, тэлебачаннем, увогуле з усім дзяржаўным... Наколькі гэта было магчыма.
— Рыхтуючыся да размовы, я заўважыла ваша інтэрв’ю з Андрэем Мукавозчыкам ад 2018 года. Ці далі б вы яму інтэрв’ю цяпер?
— Ад 2018? Гэта проста немагчыма. Я сапраўды размаўляў з ім, але гэта было значна раней. І скажу шчыра, я тады не ведаў, хто такі Мукавозчык. Тады выйшаў альбом з маёй музыкай, таму я спрабаваў даваць як мага больш інтэрв’ю, каб пра яго распавесці. Напэўна, у 2018 годзе тую нашу размову проста недзе перадрукавалі… Мукавозчык звяртаўся да мяне апошнім часам, зразумела, ніякай размовы ў нас не атрымалася. Мне няма аб чым з ім размаўляць.
— Вы былі на Плошчы пасля выбараў у 2010 годзе?
— На самой Плошчы не. Мой сын быў тады зусім маленькім, яго проста не было з кім пакінуць. Але мая маці і брат у той дзень прынцыпова выйшлі на Плошчу, каб выказаць свой пратэст.
— Фактычна, усё жыццё вы жылі і працавалі ў Мінску, хаця ў шэрагу іншых краін маглі б быць нашмат больш свабодным у творчым і чалавечым плане. Чаму вы не з’ехалі раней?
— Я ўвогуле ніколі не жадаў з’язджаць, і ў 2020 годзе таксама. З’ехаў тады, калі альтэрнатывай было сядзець і чакаць арышту. Што тычыцца музыкі, я заўсёды лічыў, што і ў Беларусі можна працаваць на высокім узроўні. Хаця ў арганізацыйным і тэхнічным плане гэтая мэта станавілася ўсё больш складанай. Але за час працы ў Мінску былі створаны сапраўды выдатныя праекты. Напрыклад, гурт «Dee Tree», якім варта ганарыцца. Калі б я з’ехаў — як бы ў ім паўдзельнічаў?
— Што вы адчувалі, калі выходзілі на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі?
— Безумоўна, было страшна. Усім было страшна, асабліва з кастрычніка. Але я заўважыў, што, калі заставацца дома, становіцца яшчэ горш. Дома вельмі трывожна. А выходзіш на пратэст — бачыш, што не адзін, адчуваеш нешта правільнае ў гэтым.
— Як даўно вы знаёмыя з Марыяй Калеснікавай?
— Два з паловай гады таму нас пазнаёміў віяланчэліст Міхаіл Радунскі. Мы зладзілі невялікі канцэрт утрох — флейта, віяланчэль і фартэпіяна. Так і пазнаёміліся. Потым сустракаліся ў прасторы «ОК 16», дзе Марыя працавала дырэктаркай. А пазней бачыліся на пікетах Святланы Ціханоўскай.
— Як бы вы ахарактарызавалі Марыю?
— Яркая, моцная, мэтанакіраваная. Жанчына з вельмі цвёрдай жыццёвай пазіцыяй.
— Ці моцна вас здзівіла ўсё, што здарылася з ёй у 2020 годзе?
— Так, вельмі моцна. Але я памятаю, як яна казала, што адчувае, што цяпер жыве правільна. Што музыка, мастацтва — гэта ўсё цікава і цудоўна, але тое, чым яна займалася на працягу прэзідэнцкай кампаніі і пасля яе — нашмат больш істотна. Для яе гэта стала больш важным за ўсё астатняе.
— А сярод вашых калег, беларускіх музыкаў, шмат прыхільнікаў дзеючай улады?
— З усімі яе прыхільнікамі я абмежаваў адносіны даўно. Ёсць музыкі, якія працягваюць працаваць у дзяржаўных установах, ёсць тыя, якія маюць нейкае дачыненне да ганебных праўладных шабашоў... Я не гатовы нікога асуджаць, але сапраўды не разумею, чаму людзі працягваюць працаваць.
— Як вы прымалі рашэнне з’ехаць з краіны?
— Мне прыйшоў ліст, што ў дачыненні да мяне вядзецца працэс па артыкуле 23.34. Да таго ж, тады па невядомых прычынах пачалі масава затрымліваць музыкаў… Я не жадаў правяраць, як далёка ўсё гэта можа зайсці. Шчыра кажучы, на той момант у мяне ўжо з’явілася адчуванне бессэнсоўнасці майго ўдзелу ў пратэсным руху. Кожны тыдзень я выходзіў на маршы. Не толькі ў нядзелю, але ў нядзелю — абавязкова. Лічыў, гэта мой грамадзянскі абавязак. Але пазней з’явілася адчуванне таго, што гэта нічога не вырашыць... Я з глыбокай павагай стаўлюся да Паўла Аракеляна, які пачаў ладзіць дваровыя імпрэзы. Але ў мяне такі фармат не складваўся. Я б жадаў зрабіць падобны канцэрт, але гэта было вельмі складана з тэхнічнага боку.З Паўлам я размаўляў за дзень да яго затрымання, тэлефанаваў яму ўжо з Кіева. Ён добра разумеў усе магчымыя пагрозы, але ўсё роўна не спыняўся. Гэта моцнае рашэнне, вартае захаплення.
— Вы разумелі, што з’язджаеце ў Кіеў надоўга?
— Я ведаў, што ўсё вырашыцца не ў самы хуткі час. Але чамусьці здавалася, што да сакавіка неяк атрымаецца вярнуцца ў Мінск.
— Гледзячы на вашу старонку ў Instagram, цяпер у Кіеве вы занятыя ў шматлікіх музычных праектах…
— Зразумела, я выстаўляю тое, чым жадаю падзяліцца… А праблемы застаюцца ў ценю. У Кіеве, як і ў любым развітым горадзе, няма недахопу ў добрых музыках. Я вымушаны пастаянна пра сябе дзесьці нагадваць, каб атрымаць прапановы працы. Не магу сказаць, што праектаў шмат. Ёсць нейкія разавыя запрашэнні, прапановы. Гэта звязана і з тым, што ў Кіеве культурнае жыццё не да канца аднавілася пасля даволі жорсткіх каранцінных мер. Нават мясцовым музыкам не заўсёды ёсць чым заняцца.
— А з беларускімі музыкамі вы працягваеце супрацоўнічаць?
— Так, дыстанцыйна. Працягваем запісваць новы матэрыял з калектывам «Apple Tea», працуем з гуртом «Dee Tree». Часам звяртаюцца асобныя беларускія музыкі, стараюся дапамагчы. Такім чынам, працягваю ўдзел у беларускім культурным жыцці.
— Як вам Кіеў? Ці камфортна вы там сябе адчуваеце?
— Кіеў — цудоўны горад. Я і раней бываў тут. У Кіеве сапраўды вельмі шмат варыянтаў для таго, каб бавіць час — як і з карысцю, так і без. Вядома, тут ніхто асабліва не сустракае з абдымкамі, але агульны эмацыйны фон мне вельмі падабаецца, з задавальненнем знаходжуся тут.
— На канцэрты ў Кіеве вы часта выходзілі з бел-чырвона-белым сцягам. Як рэагавала мясцовая публіка?
— Сустракалі радасна, падтрымлівалі… Але, скажу шчыра, многія тут нават не вельмі разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Не ўсе цікавяцца падрабязнасцямі, а некаторыя ўвогуле ўпэўненыя, што дарэмна мы так узняліся. На маю думку, гэта сведчыць, што тут, ва Украіне, ужо ўсё ў прынцыпе нядрэнна. Людзі не звяртаюць увагі на тое, з чым змагаліся не так даўно. На жаль, беларусы ў Кіеве не ўяўляюць сабою нейкую аб’яднаную суполку.
У Кіеве ёсць тыя, хто выходзяць на акцыі, але гэтых людзей не так шмат, як здаецца. Наконт фондаў, аб’яднанняў магу сказаць, што іх дзейнасць даволі неадназначная.
— Ці ёсць у вас час і натхненне на стварэнне новай музыкі?
— Так, пастаянна пішу і запісваю нешта новае. На жаль, не ўсё неабходнае абсталяванне атрымалася перавезці, таму ў тэхнічных магчымасцях я крыху абмежаваны. Але мясцовыя жыхары, мае сябры і новыя знаёмыя ў гэтым кірунку вельмі дапамагаюць. Да таго ж узровень, кіеўскіх музыкаў вельмі натхняе на творчасць. Ён сапраўды высокі, у мяне ўвогуле спачатку было адчуванне, што апынуўся дзе-небудзь у Нью-Ёрку.
Зразумела, што ў Мінску цяпер уся музыка замерла. Але і да дваццатага года з ёй было складана. Таленавітых людзей у нас шмат. Але большасць з іх хутка сыходзяць з дыстанцыі, таму што сутыкаюцца з адсутнасцю творчых і працоўных перспектыў у краіне. Гэта абумоўлена не толькі ўзроўнем адукацыі, але і традыцыямі, і, так бы мовіць, ступенню адкрытасці краіны. Вельмі спадзяюся на тое, што сітуацыя з музыкай і ўвогуле з культурным жыццём у Беларусі палепшыцца. Я заўсёды гатовы працаваць на гэты вынік.
— Калі паспрабаваць вызначыць адзіную, каранёвую прычыну таго, што музычнае жыццё ў Беларусі не развіваецца, што б вы назвалі?
— Ведаеце, у савецкім канцлагеры быў джазавы аркестр Эдзі Рознера. Выдатна, што ён быў, але ж гэта не аркестр Глена Мілера.
Я памятаю, што ў першыя месяцы пасля выбараў я ўвогуле не мог нічога рабіць. У многіх музыкаў праца проста стала на месцы. Пазней ужо пачалі пакрыху штосьці ствараць, таму што немагчыма было не працаваць увогуле. Я размаўляю з калегамі, сябрамі, якія засталіся ў Беларусі… У іх творчым стане адчуваецца здранцвенне, псіхалагічнае нежаданне раскрывацца. Я гэта добра разумею. Памятаю апошні тыдзень у Беларусі. Я проста сядзеў і чакаў, што ў дзверы пагрукаюць ці затрымаюць, калі буду выходзіць з кватэры. Многія жывуць з такім адчуваннем і цяпер. Якая там музыка?
— Якія інтуітыўныя прадчуванні ў вас наконт развіцця падзей у Беларусі?
— Пакуль усё нагадвае супрацьстаянне інтэлігенцыі і лагерных вертухаяў. Я вельмі стараюся верыць у моц чалавечага духу, у тое, што светлы бок пераможа… Але ж зразумела, што так званая дзеючая ўлада не спыніцца. Людзей кожны дзень затрымліваюць, катаванні працягваюцца. Вельмі жадаецца неяк паўплываць на гэта, дапамагчы, але зусім не зразумела, якім чынам.
— Няўжо вертухаі перамогуць?
— Напэўна, і да вертухаяў паступова прыходзіць разуменне таго, што яны — ізгоі беларускага грамадства. Але ім вядома, што ўсе іх злачынствы зафіксаваныя, таму і пойдуць да канца. Я не ведаю, якім чынам дабрыня і святло могуць на Радзіме перамагчы, хоць і вельмі моцна гэтага жадаю.