«Музыка Мае Сэнс» дапаможа дзецям
Музыка і добрыя справы могуць ісці поруч у любы час года: беларускія музыкі вырашылі падтрымаць дабрачынны музычны фэст «Музыка Мае Сэнс», які з'яўляецца працягам вядомай «Пешаходкі».
Гэтым разам артысты дапамагаюць дзецям з аб'яднання «Геном», якія хворыя на СМА (спінальна-мышцавая аміатрафія). Ужо праз паўгода ў дзяцей з'явяцца лекі і надзея жыць нармальна, але пакуль ім патрэбны спецыялізаваны дагляд і харчаванне.
Музыканты і арганізатары фестывалю «Музыка Мае Сэнс» вырашылі аб'яднаць творчыя сілы і забяспечыць дзецям гэтыя паўгода да з'яўлення лекаў. Салістка кавер-бэнда Symphorine звязалася з дабрачыннай платформай «МаеСэнс», якая тут жа падтрымала гэтую ідэю. Сумесна яны сабралі музыкаў для першага канцэрту.
29 студзеня на сцэне клуба «Брюгге» выступяць такія гурты як «Стары Ольса», Vuraj, «Кактэйль Шаляпіна», Symphorine, Аксана Палій і Streetband і BarRokka.
«Ідэя правесці наш фестываль была навеяная нашумелым летнім фестывалем «Пешаходка», на якім кожную суботу музыканты разам з «МаеСэнс» збіралі сродкі на вуліцах горада для выканання жаданняў дзяцей, якім пашанцавала ў жыцці менш, чым нам, — распавяла Ганна, суарганізатар і салістка гурта Symphorine. — Мы вырашылі не абмяжоўвацца летам і правесці падобны фестываль узімку. Я лічу, што музыка можа не толькі прыносіць задавальненне, але і аб'ядноўваць людзей дзеля чагосьці большага».
Мяркуецца, што такія мерапрыемствы будуць праходзіць раз на месяц.
29 студзеня ў клубе «Брюгге» музыкі падораць нам шмат музыкі і добрага настрою, а мы з вамі дадзім дзецям з аб'яднання «Геном» шанец вырасці і стаць дарослымі.
Больш падрабязна пра тое, як дапамагчы дзецям.
Паводле прэс-рэлізу