Можа быць скасавана інвестыцыйная дамова па рэалізацыі архітэктурнага праекту

Інвестыцыйная дамова па рэалізацыі архітэктурнага праекта ў гістарычным цэнтры Магілёва можа быць скасавана, калі да пачатку красавіка праект не будзе дапрацаваны з улікам патрабаванняў заканадаўства. Пра гэта ў каментары “Новаму часу паведаміў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Антон Астаповіч.

Інвестыцыйная дамова па рэалізацыі архітэктурнага праекта ў гістарычным цэнтры Магілёва можа быць скасавана, калі да пачатку красавіка праект не будзе дапрацаваны з улікам патрабаванняў заканадаўства. Пра гэта ў каментары “Новаму часу паведаміў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Антон Астаповіч.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра вынікі грамадскага абмеркавання праекта прыбудовы да гандлёвага цэнтра “Магніт з добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі, што плануецца рэалізаваць па вуліцы Першамайскай, побач з будынкамі былых пазямельна-сялянскага банку і дваранскага сходу (абодва — помнікі архітэктуры XIX — пачатку XX стагоддзяў з элементамі мадэрну, класіцызму і псеўдарускага стылю).

Як раней паведамляў “Новы час, ініцыятарамі абмеркавання, што праводзілася з 21 студзеня па 10 лютага, сталі Магілёўская гарадская арганізацыя РГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны на чале з Алегам Дзячковым і актывісты абласнога аддзялення БДТАПКГ. Праблема ўзнікла восенню мінулага года, калі грамадскасці стала вядома пра праект прыбудовы (заказчык — кіраўнік гандлёвай сеткі “МагнітСэрвісЦэнтр Барыс Вакуленка і генпраектыроўшчык — мінскі архітэктар Міхаіл Вінаградаў). Само з’яўленне будынку “Магніта сярод гістарычнай забудовы выклікае шмат пытанняў.

Прадстаўнікі грамадскасці лічаць, што ўзвядзенне прыбудовы да гандлёвага цэнтру з’яўляецца незаконным, паколькі не адпавядае прававым і метадычным крытэрыям прац у гістарычным цэнтры горада. Гаворка ідзе, у тым ліку, пра тое, што падчас праектавання не былі праведзены комплексныя навуковыя даследаванні і, адпаведна, не быў вызначаны гісторыка-архітэктурны апорны план — аснова, без якой немагчыма весці далейшае праектаванне сучасных аб’ектаў дойлідства на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці. Згодна з заканадаўствам, узвядзенне такіх аб’ектаў магчыма толькі ў дакладна вызначаных межах гістарычнай аб'ёмна-планіровачнай структуры з захаваннем габарытаў страчаных будынкаў і збудаванняў.

Зыходзячы з таго, што заказчык і праектыроўшчык аб’екта праігнаравалі прадпісанні Міністэрства культуры аб абавязковым правядзенні комплексных навуковых даследаванняў, грамадства звярнулася да гарадскіх ўладаў з прапановай правесці праверку законнасці планаў ўзвядзення ў гістарычным цэнтры Магілёва прыбудовы да “Магніта. Паколькі органы дзяржкантролю пацвердзілі факты парушэння заканадаўства пры праектаванні аб’екта, Магілёўскі гарвыканкам згадзіўся на правядзенне грамадскага абмеркавання праекта.

Як распавёў Астаповіч, 20 лютага былі падведзеныя вынікі грамадскага абмеркавання. “Само яно пакінула вельмі шмат пытанняў, і асноўнае — хто ж у горадзе гаспадар — “Магніт, ці гарвыканкам? У парушэнне працэдуры, ўсталяванай заканадаўствам, не была праведзена прэзентацыя праекта, адна з урнаў па збору заўваг і прапаноў ад насельніцтва была ўсталявана не ў грамадскім памяшканні, а ў самім гандлёвым цэнтры “Магніт, гэта значыць на плошчах зацікаўленага боку, у склад камісіі па грамадскаму абмеркаванню не былі запрошаны яго ініцыятары — прадстаўнікі грамадскасці. Найбольш цікава адбываўся падлік прапаноў па праекту, калі ўрны адчыняліся не зацверджаным гарадскімі ўладамі складам пастаяннай камісіі Магілёўскага гарвыканкама па правядзенню грамадскіх абмеркаванняў архітэктурных праектаў, а вузкім колам чыноўнікаў упраўлення архітэктуры гарвыканкама і прадстаўнікоў “Магніту.

Дарэчы, мяркуючы па зафіксаваным у акце распячатвання ўрнаў асобным меркаванням, можна смела зрабіць высновы аб фальсіфікацыях з боку прыхільнікаў “Магніта і некарэктных дзеяннях прадстаўнікоў выканаўчай улады пры апрацоўцы і падліку заўваг і прапаноў, што ставіць пад сумнеў абмеркаванне, — сказаў Астаповіч. .

Паводле яго слоў, пад час адкрытых слуханняў аргументаванай пазіцыі грамадскасці прыхільнікі праекта супрацьпаставілі зняважлівыя выпады на ўзроўні “дэбілы і “ідыёты, што было заўважана памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўным інспектарам па Магілёўскай вобласці Генадзем Лаўранковым. “Асабліва цынічным з боку інвестараў “Магніту выглядала прыцягненне ў шэрагі сваіх прыхільнікаў інвалідаў-калясачнікаў, — зазначыў Астаповіч. Паводле яго слоў, значная частка інвестараў і субінвестараў прыбудовы — індывідуальныя прадпрымальнікі, шмат з якіх маюць гандлёвыя плошчы ў асноўным будынку “Магніта. “У іх выступах не адчувалася павага да свайго гораду і землякоў, любоў да айчыннай гісторыі і культурнай спадчыны. На жаль, склалася ўражанне, што асабісты прыбытак і будучыя дэвідэнды з’яўляюцца культам, у ахвяру якому можна прынесці і рэчы недатыкальныя, — падкрэсліў Астаповіч.

Разам з тым, паводле яго слоў, права, аргументы і здаровы сэнс перамаглі. “Нават калі праціўнікі праекту былі ў меншасці, ён так і не быў ухвалены. Аўтарам праекта ў каторы раз прадпісана прывесці свае прапановы ў адпаведнасць з заканадаўствам, а з вуснаў Лаўранкова прагучалі досыць рэзкія і прынцыповыя словы аб магчымым скасаванні інвестыцыйнай дамовы пры невыкананні жорсткіх прававых нормаў, — сказаў Астаповіч.

Паводле яго слоў, праект прыбудовы да “Магніта “ ўжо можна назваць рэкардсменам, бо ён не прайшоў чатыры горадабудаўнічыя саветы і адно грамадскае абмеркаванне.