«Молчат Дома» не маўчаць пра важнае: гурт падтрымаў дзяцей з аўтызмам
Мінскі пост-панк гурт "Молчат Дома" набыў асаблівую папулярнасць пасля агучкі рэкламнага роліка Hugo Boss. З наступнага тыдня ў "Молчат Дома" запланаваны тур па 37-мі гарадах Еўропы і канцэрт у Мінску. На яго выканаўцы запросяць аднаго шчасліўчыка, а таксама падораць яму адмысловы сувенір і магчымасць сфатаграфавацца з калектывам.
Каб атрымаць такі прыемны "пакет" ад моднага гурта, трэба набыць спецыяльны лот ад "Молчат Дома" на пляцоўцы Ulej.by. Тым самым вы падтрымаеце важны тэатральны праект — пастаноўку інклюзіўнага спектакля на сцэне Купалаўскага тэатра.
За першыя суткі ў краўдфандынгавай кампаніі паўдзельнічалі больш за 100 чалавек. Стартавыя лоты прапаноўвалі чаяванне са Святланай Алексіевіч, запрашэнні на канцэрт NIZKIZ, трэніроўку з Віталём Гурковым і ўсе прэм'еры Купалаўскага цягам года.
— Нам упершыню прапанавалі дапамагчы з пастаноўкай спектакля, — каментуе вакаліст Molchat Doma Ягор Шкутко. — На наш погляд, гэта вельмі цікавая прапанова. Упэўненыя, што новы досвед будзе цікавым і карысным для ўсіх. Вельмі спадзяёмся, што хто-небудзь купіць наш лот, і гэта дапаможа інклюзіўнаму спектаклю рэалізавацца на сцэне Купалаўскага.
Са старту ініцыятары праекта абяцалі здзіўляць новымі эксклюзіўнымі лотамі, і цяпер на старонцы Ulej з'явіліся свежыя прапановы: на адзін дзень стаць блогерам-аглядальнікам і апрабаваць незвычайныя забавы і мінскія ўстановы грамадскага харчавання ў кампаніі obzoor.by, атрымаць сервіраваны на дваіх столік у рэстаране Enzo да Дня святога Валянціна, патрапіць за кулісы Тэатра імя Янкі Купалы або набыць новы глянцавы тэатральны часопіс, а таксама атрымаць эксклюзіўны падарунак ад топавага пост-панк гурта.
Неабходны мінімум сродкаў краўдфандары сабралі ўжо за першыя суткі, але каля паловы квіткоў на саму пастаноўку яшчэ застаецца ў продажы на Ulej. Таму сямейны інклюзіў-тэатр "i" працягвае кампанію і чакае аншлаг на спектакль "Аднойчы ў вялізным горадзе" ў адным з галоўных тэатраў краіны.
Паводле прэс-рэліза