Вядомыя і малавядомыя факты з гісторыіі гурта «Палац»
Прайшло ўжо 25 гадоў, як беларускія слухачы ўпершыню пазнаёміліся з гуртом «Палац», упадабалі яго экспрэсіўныя апрацоўкі фальклору і іх сучаснае гучанне. Віншаванні гурт зможа прыняць на юбілейным сольным канцэрце 4 красавіка, які адбудзецца ў рэстаране-бровары «Сябры».
Музыканты «Палаца» ўсе гады радавалі слухачоў новымі песнямі, альбомамі, відэакліпамі, а слухачы дзівіліся энергіі лідара гурта Алега Хаменкі, які выступаў як кампазітар, аранжыроўшчык, спявак, тэлевядучы… Нават цяпер, калі Алег Хаменка адзначае сваё пяцідзесяцігоддзе, ягоныя творчыя планы звязаны з гуртом «Палац». А гэта добрая падстава нагадаць некалькі фактаў з гісторыі калектыву і яго лідара.
Гурт «Палац» быў утвораны ў 1992 годзе ўдзельнікамі аматарскага калектыву «Дворец кукурузных палочек» — выпускнікоў і студэнтаў БДІКМ. Касцяк гурта складалі клавішнік і аранжыроўшчык Юрась Выдронак, вакаліст і гітарыст Алег Хаменка (а з 1998 года — лідар і мастацкі кіраўнік гурта), трубач і вакаліст Юрась Белякоў, акардэаніст, лірнік і вакаліст Зміцер Карабач. Першы канцэрт гурта пад назвай «Палац» адбыўся чэрвені 1992 падчас святкавання Купалля на Камсамольскім возеры ў Мінску. У гэтым жа годзе да «Палаца» далучыўся Зміцер Вайцюшкевіч (сышоў з «Палаца» ў 1998 годзе), які граў у гурце на флейце, кларнеце, жалейцы, на дудзе.
Гурт не раз быў уганараваны рок-каронамі на «Рок-каранацыі»: у намінацыі «Традыцыі і сучаснасць» (атрымоўвалі іх у 1994, 1995, 1996 гадах), за «Кліп году» («На турэцкіх палях», 2001). «Палац» — сталы ўдзельнік фэсту «Басовішча» ад 1992 года. Адным з першых гурт Алега Хаменкі рэпрэзентаваў незалежную беларускамоўную фолк-рок-сцэну на дзяржаўных фэстах «Маладзечна–93» (разам з «Крамай» і «Мрояй», «Ulis»), музыканты выступалі на гэтым фестывалі ў 1994, 1995, 1998 гадах. Гурт «Палац» удзельнічаў у праграме «Славянскага базару», фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа».
«Палац» паспяхова ўдзельнічаў у міжнародных конкурсах і фэстах: прадстаўляў сучасную беларускую музыку на міжнародных фэстах: «Tanz und folkfest» Еўрапейскага вяшчальнага саюзу (EBU), (Рудальштат, Германія, 1994), «Краіна Мрий» (Украіна), «Siklegos» (Літва) і іншых. А ў 1993 годзе гурт з песняй «Русалкі» стаў лаўрэатам ІІІ прэміі конкурсу «Discovery–93», арганізаванага радыё «France Internacional» (Парыж, Францыя). Удзельнічаў у Міжнародным фестывалі «Азія дауысы» («Галасы Азіі»), які прайшоў у Алматы (Казахстан) у 1995 годзе. Трансляцыя канцэрта адбывалася на больш чым мільярдную аўдыторыю азіяцкага рэгіёна.
У 2003 годзе гурт прадстаўляў сучасную беларускую музыку ў рамках Дзён беларускай культуры ў Францыі, у горадзе Клермонд-Феран. Для французскіх слухачоў беларускія музыканты выканалі кампазіцыі з альбома «Чужыя дзеўкі». У час гэтай гастрольнай паездкі «Палац» меў паспяховы сумесны канцэрт з французскім фолк-рок-калектывам «Lasaro».
У творчым багажы гурта «Палац» восем музычных альбомаў (з іх 6 нумарных і 2 альбомы-праекты), а таксама ўдзел у 7 тэматычных складанках з песнямі беларускіх гуртоў і трыб’ютах. Трэкі гурта «Палац» прадстаўлены на шматлікіх міжнародных фанаграфічных праектах: на дысках «Нашествие. Шаг второй» (Расія, 1999), «Belarusian Red Book. Music of Belarus» (Германія, 2006), «БУМеранг» (Расія, 2004) і іншых.
Песні і апрацоўкі гурта «Палац» і яго лідар Алега Хаменкі не раз былі ў цэнтры ўвагі беларускіх тэле- і кінематаграфістаў. Так, у 1997 годзе на студыі «Белвідэацэнтр» быў зняты аднайменны фільм (рэжысёр Ю.Ялхоў), у якім была адлюстравана гісторыя калектыву. Той жа рэжысёр запрасіў гурт для ўдзелу ў здымках і запісе галоўнай песні да мастацкай стужкі «Анастасія Слуцкая» («Беларусьфільм», 2003). Па словах Алега Хаменкі — аўтара кампазіцыі «А ў лузі…», якая гучыць у фільме, рэжысёр паставіў музыкантам задачу стварыць блізкі да аўтэнтычнага музычны і гукавы «адбітак» той эпохі, якая адлюстравана ў стужцы, XV — пачатку XVI стагоддзя.
Некалькі гадоў гурт «Палац» працаваў над рэалізацыяй маштабнага музычна-драматычнага праекту — фолк-рок-мюзіклу «Возера». У аснове сюжэту гэтага твора музыканты ўзялі старажытную беларускую легенду пра два народы, якія жылі ля возера Асвея. Выконваць ролі ў ім згадзіліся многія беларускія акцёры кіно і тэатру, рок-выканаўцы. З-за вялікіх фінансавых выдаткаў праца над фолк-рок-мюзіклам «Возера» часова перапынена.
Гітарыст Сяржук Трухановіч, які далучыўся да гурта «Палац» у 2003 годзе, з’яўляецца і штатным гітарыстам гурта «Крама». Па словах Сержука, праца з гэтым камандамі дае яму магчымасць зрабіць свой выканаўчы почырк больш выразна беларускім. «Праца ў «Краме» дае мне рок-н-рольны зарад... Праца ў «Палацы» натхняе на пошук новых мелодый, блізкіх да беларускага фальклору, прымушае задумацца пра структуру мелодыкі беларускіх народных песень. Яна ратуе мяне ад зацыклівання на адным нейкім стылі», — адзначае Сяржук Трухановіч.
Паралельна з абавязкамі лідара гурта, Алег Хаменка з’яўляецца заснавальнікам фэсту «Bela Music» (2009), вядучым беларускіх фолк-фэстаў, шоў і канцэртаў («Камяніца»). Акрамя працы ў гурце, музыкант не раз выступаў у ролі радыё- і тэле-артыста. Так, з 2003 па 2004 год Алег Хаменка быў вядучым адукацыйнай тэлеперадачы «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад». Шмат гадоў А. Хаменка стварае аўтарскую праграму «Фолк-брама», якая налічвае ўжо больш чым 500 аўтарскіх перадач на «Радыё Рацыя».
У дыскаграфіі гурта «Палац» ёсць не толькі музычныя дыскі, але і казкі. Напрыклад, гурт запісаў і выдаў дыск «Салдат-доктар» паводле беларускай народнай казкі. Тэма папулярызацыі народнай творчасці Алегам Хаменкам была працягнутая праектам «Беларускія народныя казкі», які складаўся з 10 дыскаў (8 выйшлі на CD, 2 — выкладзены ў інтэрнэце). На падставе казак з гэтага праекту (некаторыя з іх А. Хаменка збіраў і запісаў сам), дзіцячы фонд ЮНІСЭФ выдаў маляўнічую кнігу з аўдыё-дадаткам, які атрымалі ў падарунак усе дзяржаўныя бібліятэкі Беларусі.
Па выніках хіт-параду «Топ 100» парталу «Тузін гітоў» дзве кампазіцыі гурта «Палац» названыя «лепшымі беларускімі песнямі». Адна з іх — «Кола грукатала» ў адноўленай аранжыроўцы была прадстаўлена музыкантамі на нацыянальным адборачным туры да «Еўрабачання–2008» і стала першай беларускамоўнай кампазіцыяй, якая трапіла ў фінал «ЕўраФэста–2007». На гэтую кампазіцыю быў зняты відэакліп (рэжысёр Анатоль Вечар). Другі «лепшы» хіт ад «Палаца» — вясельная песня «Канюшня» — адзін з самых любімых беларускіх фолк-рок-хітоў, на які робяць каверы. Напрыклад, гурты «:B:N», «Мантана» ды іншыя.
Адной з «лепшых беларускіх песень» прызнана і кампазіцыя гурта «Крама» «Гомельскі вальс» (музыка Ігара Варашкевіча, словы Зміцера Лукашука), у стварэнні і запісе якой удзельнічаў гурт «Палаца» і яго лідар.
Музыканты гурта «Палац» у 2010 годзе запісалі на замову кіраўніцтва каманды беларускамоўны гімн хакейнага клубу «Дынама–Мінск». Тэкст для яго стварыў беларускі бард і паэт Алесь Камоцкі. Першае выкананне гімна адбылося ў тым жа годзе перад прэзентацыяй новага іміджу мінскага «Дынама». Гімн кіраўніцтву і гульцам клубу спадабаўся сваім нацыянальным каларытам, і ён выконваецца перад кожнай гульнёй клубу «Дынама–Мінск».
Тэрмін модэрн-фолк (Modern Folk, «сучасны народны»), які лічыцца мастацкім напрамкам, Алег Хаменка прапанаваў разглядаць і як музычны стыль «фолк-мадэрн» у дачыненні да «Палаца». Сёння апрацоўкі фальклору ў сучасных аранжыроўках не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах Усходняй Еўропы атаясамліваецца са стылем фолк-мадэрн (Folk Modern), «як з магістральным напрамкам у развіцці пост-фолк-року».
Віншаванні гурт «Палац» зможа прыняць на юбілейным сольным канцэрце 4 красавіка, які адбудзецца ў рэстаране-бровары «Сябры» (вуліца Кульман, 40).