Кобрынскія замалёўкі: сімвал месца дуб «Кобрынец»

Часцяком падыходжу да старога дубу, што ўзвышаецца ля ходнікаў на адной з цэнтральных вуліцаў Кобрыну — Савецкай. І заўжды ахоплівае хваляванне, бо гэтае моцнае і прыгожае дрэва прыцягвае і натхняе.

kobryn_dub_4_logo.jpg


Ад дубу патыхае не толькі старасветчынай, легендамі і мітамі, але, найперш,  жыццяздольнасцю і ўпартасцю. Бо выжыць і захавацца сярод закалотаў часу і не вельмі спрыяльнага навакольнага асяродку можа не кожнае прыроднае тварэнне. А дуб здолеў. І таму склалася колькі радкоў у гонар гэтага ўнікальнага дрэва.  

kobryn_dub_3_logo.jpg


«Слова пашаны дубу «Кобрынцу» Гэтаму магутнаму помніку айчыннай прыроды — найстарэйшаму дрэву горада — больш за 500 гадоў. Шмат велічнага і трагічнага, мудрага і сумнага пабачыў дуб ажно з часоў Кобрынскага княства.     Дуб — сведка мінуўшчыны краю ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Другой Рэчы Паспалітай, Савецкага Саюза і ўрэшце Рэспублікі Беларусь. Ён бачыў узвышэнне, заняпад і аднаўленне Кобрыншчыны. Побач з дубам адбываліся сутычкі шматлікіх войнаў, у тым ліку Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў, Паўночнай 1700–1721 гадоў, трох падзелаў Рэчы Паспалітай, Расіі з Францыяй 1812 году, Першай сусветнай, савецка-польскай 1920 году, Другой сусветнай, а таксама нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1794, 1830–1831, 1863–1864 гадоў.  

kobryn_dub_2_logo.jpg

Пад дубам збіраліся паўстанцы, у яго ценю спачывалі ад стомы, ладзілі скокі, сустракаліся закаханыя і спявалі гусляры, на ягоных галінах гушкалі арэлі і шугалі вавёркі, у бухматай кароне гнездавалі птушкі, а жалудамі кармілася звяр’ё. Дуб стаў знакам дабрыні і ласкі, моцы і непахіснасці, сівой даўніны і пераемнасці пакаленняў. Таму святлеюць нашыя твары, калі падыходзім да «Кобрынца», любуемся ім, абдымаем яго, уздымаем галаву і кранаем шурпатую кару валадара беларускага лесу. 

kobryn_dub_6_logo.jpg

Яго жыццяпіс увабраў тысячы світанкаў і захадаў сонца, народзінаў, росквіту і сконаў шматлікіх пакаленняў кобрынцаў, узораў іхнага змагання за Свабоду ад бяспраўя, цемрашальства, хлусні, галечы і гвалту. Доўгі век гэтага дуба-асілка нагадвае пра імгненнасць чалавечага быцця і неабходнасць годна пражыць яго для сваёй Бацькаўшчыны — плённа і прыгожа».

kobryn_dub_1_logo.jpg


Спадзяюся, што некалі дуб «Кобрынец» упрыгожыць шыльда з гэтымі словамі.