Кобрынскія замалёўкі: убор Лелікаўскай свахі

Свахі заўжды былі жанчынамі вясёлымі і даволі доўга рыхтаваліся да вяселля. Каб з гумарам, а часам і з кпінамі прыдумаць цікавыя прыпеўкі пра кожнага госця і жаніха, зараней даведваліся пра іхныя асаблівасці. А паколькі вяселлі раней звычайна доўжыліся цэлы тыдзень, яны ўяўлялі сабою цікавае відовішча і запамінальную вясковую падзею.



kz_ls_3_logo.jpg


Кобрынцы рупліва шануюць сваю багатую матэрыяльную і духоўную спадчыну, у тым ліку скарбы народнай творчасці. Сярод жаночых строяў заходняга Палесся асаблівай завершанасцю формаў і віртуознай распрацоўкай арнаменту жаночага касцюма вылучаецца Кобрынскі строй, які бытаваў у краі ў XIX — на пачатку XX стагоддзяў.
Апошнім часам увагу спецыялістаў прыцягнулі традыцыі вырабу і карыстання ўбору Лелікаўскай свахі з вёскі Лелікава Дзівінскага сельсавету Кобрынскага раёну, якія днямі Беларуская рэспубліканская рада па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ўнесла ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як аб’ект нематэрыяльнай (духоўнай) спадчыны краіны катэгорыі «Б» (адноўлены).
Раней гэтая каштоўнасць была прэзентаваная ўдзельнікам сустрэчы па абмену вопытам культурніцкай працы ў вясковых суполках Украіны і Беларусі праекту «Праз вывучэнне культуры суседняга народу — да ўстойлівага партнёрства і паразумення» ў рамках Еўразвязаўскай праграмы тэрытарыяльнай супрацы краінаў Усходнягя партнёрства «Беларусь-Україна». Пра ўбор Лелікаўскай свахі распавяла ягоная даследчыца, загадчыца аўтаклубу Кобрынскай раённай клубнай сістэмы Вольга П’янцава.

Вольга П’янцава распавядае пра традыцыі вырабу і карыстання ўбору Лелікаўскай свахі;

Вольга П’янцава распавядае пра традыцыі вырабу і карыстання ўбору Лелікаўскай свахі;

Сярод жаночага святочнага адзення Кобрынскага строю касцюм Лелікаўскай свахі да канца XIX стагоддзя вылучаўся галаўным уборам, што ўяўляў сабою стракатую паліхромную карону, завітую паверх вялізнага ільнянога плата даўжыней каля дзьвух з паловай метраў. Прычым касьцюм Лелікаўскай свахі рабіўся з натуральных (ільняных і воўнавых) даматканых тканінаў з элементамі вышыўкі і ткацтва.

kz_ls_1_logo.jpg



Аднак у 1930-я гады ўбор Лелікаўскай свахі змяніўся ў сувязі з развіццём лёгкай прамысловасці і з’яўленнем шэрагу гатункаў фабрычных баваўняных тканін. Паступова замест фрагментаў ткацтва і вышыўкі ва ўборы з’яўляюцца новыя арнаментальныя элементы аплікацый, у тым ліку так званыя «вочы». Яны ўяўлялі сабою акругленыя ромбы чырвонага колеру, у сярэдзіне якіх нажніцамі выразалася кола, куды ўшывалася белая тканіна з вышытымі васьмікутнымі зоркамі.
Паводле носьбітаў традыцыйнай беларускай народнай культуры, элемент «вочы» азначае, што старэйшая сваха са сваімі маладымі свашкамі (маладзічкамі і падлеткамі, колькасць якіх даходзіла да 15-ці і залежыла ад багацця жаніха) павінна была ўсё бачыць падчас вяселля і кіраваць ім.
Сярод складнікаў адзення Лелікаўскай свахі — сарочка і фартух з арнаментальнымі «вачыма», спадніца, упрыгожаная манахромнымі рознакаляровымі стужкамі без малюнку, пояс і галаўны ўбор. Гэта быў асноўны і найскладанейшы элемент убору. Спачатку на галаву надзявалася лубяная кардонка, на якую завіваўся вялікі баваўняны плат (памер яго троху паменшыўся ў параўнанні з даўнейшым), упрыгожаны мягкай каронай, аздобленай яскравымі каляровымі стужкамі і пацеркамі. Апроч таго, знутры кароны з двух яе бакоў прышывалася пафарбаванае пер’е пятуха, якое азначае, што сваха — баявая сяброўка жаніха. Ззаду карона завязвалася і аздаблялася звісаючымі рознакаляровымі стужкамі. Такім чынам, атрымаўся стракаты вельмі дэкаратыўны ўбор, трошку жартоўны і маскарадны.  
Трэба звярнуць увагу на адмысловы абутак убору Лелікаўскай свахі — скураныя чорныя шнураваныя паўчаравічкі з абавязкова падкаванымі абцасікамі, якія дазвалалі свахе голасна прыстукваць пад час скокаў.
Свахі заўжды былі жанчынамі вясёлымі і адмыслова даволі доўга рыхтаваліся да вяселля. Каб з гумарам, а часам і з кпінамі прыдумаць цікавыя прыпеўкі пра кожнага госця і жаніха, зараней даведваліся пра іхныя асаблівасці. А паколькі вяселлі раней звычайна доўжыліся цэлы тыдзень, яны ўяўлялі сабою цікавае відовішча і запамінальную вясковую падзею.
Да гэтай пары ў Лелікаве захаваліся носьбіты традыцыйнай беларускай народнай культуры, у тым ліку Анастасія Шапацюк і Ганна Жук, з дапамогай якіх і быў адноўлены ўбор Лелікаўскай свахі. Паводле спадарыні Ганны, яе бабуля добра ведала, як шыць убор Лелікаўскай свахі і на лубяную кардонку па-старадаўняму завіваць вялікі баваўняны плат, бо зараз жыхары вёскі часткова згубілі гэты элемент традыцыйнай культуры і перарабілі яго на свой капыл. Так, зараз плат не толькі завіваюць вакол кардонкі, але і падшываюць яго з дапамогай іголак і нітак.

 Удзельнікі сустрэчы з беларускага і ўкраінскага бакоў

 Удзельнікі сустрэчы з беларускага і ўкраінскага бакоў

Будзем папулярызаваць убор Лелікаўскай свахі, паколькі ён мае вялікую будучыню, бо вельмі цікавы для фальклорна-этнаграфічных калектываў, установаў адукацыі і распрацоўкі турыстычанага маршруту «Лелікаўская сваха запрашае». Маршрут дасць мажлівасць апрануцца ў гэты ўбор, пачаставаць традыцыйныя мясцовыя стравы, прысмакі і напоі, сустрэцца з носьбітамі ўбору, паслухаць іхныя аповяды, зрабіць фотасесіі. Гаворка таксама вядзецца пра выданне буклету і падрыхтоўку кнігі, стварэнне сувенірнай прадукцыі, у тым ліку адмысловых лялек. Дарэчы, Дзівінскі Дом рамёстваў зрабіў адпаведныя захады ў гэтым кірунку — правёў майстар-класы, падрыхтаваў дэманстрацыю мясцовага абраду «Вяночкі» з удзелам Лелікаўскай свахі, а таксама аднавіў старадаўні вясельны абрад «Посільшчына», калі дзяўчаты — дружкі нявесты (іх называлі курыцамі), упрыгожаныя вяночкамі з барвінку, падчас вяселля прыходзілі па каравай да свахі і ладзілі ёй адмысловыя іспыты, каб упэўніцца ў яе абазнанасці, кемлівасці і спрытнасці. Прычым, увесь гэты абрад суправаджаўся спевамі, прыказкамі і прымаўкамі.  
Аналагі ўбору Лелікаўскай свахі ёсць у вёсках Павіцце — цэнтры сельсавету Кобрынскага раёну і Радастава Драгічынскага раёну, а таксама ў суседніх рэгіёнах Валынскай вобласці Украіны — Ратнаўскім і Любешаўскім. Прычым адрозненні ў касцюмах пры іхнай агульнай каляровай гамме выяўляюцца толькі ў галаўных уборах.
Фота аўтара