Кобрынскія замалёўкі: як ушанаваць гістарычныя тапанімы горада?

Разам з мясцовымі краязнаўцамі вырашылі ўшанаваць былыя тапонімы старажытнага Кобрына. Гаворка ідзе пра падрыхтоўку адпаведных шыльдаў для вуліц і плошчаў гістарычнага цэнтру. Паколькі гэты праект здзейсніцца толькі пры ўзгадненні з мясцовай выканаўчай уладай, хацеў бы выказаць прынцыповыя падыходы, без якіх ён не мае сэнсу.

Рабочыя напрацоўкі (эскіз і макет) шыльды для вул. Беларускай у Кобрыне з выявамі пячаткі князя Кобрынскага Рамана Фёдаравіча з “Пагоняй” пачатку XV ст., гербу горада часоў Магдэбургіі з прывілея 1662 г. і пячаткі Кобрынскга гарвыканкаму 1990 году.

Рабочыя напрацоўкі (эскіз і макет) шыльды для вул. Беларускай у Кобрыне з выявамі пячаткі князя Кобрынскага Рамана Фёдаравіча з “Пагоняй” пачатку XV ст., гербу горада часоў Магдэбургіі з прывілея 1662 г. і пячаткі Кобрынскга гарвыканкаму 1990 году.

Па-першае, асноўны тэкст шыльдаў павінен быць выключна беларускім, паколькі беларуская мова з’яўляецца не толькі дзяржаўнай, але і мовай карэннага насельніцтва краіны – беларусаў, якія далі назву нашай Бацькаўшчыне — Рэспублікі Беларусь.
Па-другое, зыходзячы з імкнення найбольш аб’ектыўна адлюстраваць працэс змены гарадскіх тапонімаў, былыя назвы вуліцаў і плошчаў горада пажадана падаваць на мове ўжывання адпаведна перыядызацыі ўваходжання Кобрына ў тое ці іншае дзяржаўнае ўтварэнне.
Па-трэцяе, змест шыльды павінен быць максімальна лапідарным, бо выкарыстанне на шыльдах QR-кодаў дазваляе атрымаць неабходную дапаўняльную інфармацыю пра любы аб’ект гарадской тапаграфіі.
Па-чацвертае, дызайн шыльды павінен адпавядаць зместу і ўключаць элементы гэральдыкі для таго, каб зацікавіць жыхароў горада і турыстаў мінулым месца, выбітнымі асобамі і падзеямі сівой даўніны.
І, урэшце, каб чытаць тэкст, не задзіраючы галавы, шыльды мэтазгодна месціць на вышыні 165-170 сантыметраў, адпаведнай узроўню вачэй сярэдняга росту чалавека 

 Вуліца Беларуская ў Кобрыне

 Вуліца Беларуская ў Кобрыне

Неабходна выказаць падзяку кіраўніцтву Кобрынскага райвыканкаму, спецыялістам мясцовага ваенна-гістарычнага музея імя Аляксандра Суворава і цэнтральнай раённай бібліятэкі за падтрымку праекта і жаданне як мага хутчэй увасобіць яго ў жыццё. Асобнай падзякі заслугоўвае супрацоўніца райвыканкаму Таццяна Пружанец, якая па выніках аналізу адкрытых крыніцаў і архіўных матэрыялаў падрыхтавала грунтоўнае даследаванне па гісторыі гарадскіх тапанімаў.