Кніга Някляева — у паўфінале прэміі Angelus
Журы Літаратурнай прэміі Сярэдняй Еўропы Angelus абвясціла спіс 14 паўфіналістаў 2016 года. Сярод асноўных прэтэндэнтаў — польскі пераклад рамана Уладзіміра Някляева "Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без".
Спіс паўфіналістаў сёння апублікаваў афіцыйны сайт прэміі Angelus. Сярод прэтэндэнтаў — аўтары з сярэднееўрапейскага рэгіёну: Васіль Махно, Уладзімір Някляеў, Альвідас Шляпікас, Малгажата Шэйнэрт і інш.
Імя пераможцы будзе агучана падчас традыцыйнай штогадовай урачыстасці 15 кастрычніка ў музычным тэатры "Capitol". Узнагарода — 150 тысяч злотых (38,7 тыс. долараў ЗША) і статуэтка аўтарства Эвы Расана.
Назвы сямі кніг, якія прайшлі ў фінал сёлетняга Angelus'а, стануць вядомыя 10 верасня.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"