Класіка без межаў (відэа і фота)

Оперныя спевакі зладзілі адмысловы флэшмоб у адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы.

klassika_.jpg


Ужо ў гэтую суботу ў сталіцы адбудзецца першы выступ у межах фестывалю «Класіка каля Ратушы з velcom». Як і абяцалі арганізатары, кожны канцэрт будзе суправаджацца дадатковай анонсавай актыўнасцю.
Учора ў ГЦ «Галілео» адбыўся оперны флэшмоб, падчас якога салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і Музычнага дома «Класіка» выканалі «Застольную песню» з оперы «Травіята» Джузэпэ Вердзі.


Сказаць, што наведвальнікі кавярні на пятым паверсе гандлёвага цэнтру былі прыемна здзіўлены і крыху шакіраваны, — гэта нічога не сказаць. Сядзіш сабе ціха за столікам, папіваючы каву і абмяркоўваючы новыя пакупкі, а тут аднекуль пачынаюць данасіцца гукі вядомай опернай мелодыі. Ты азіраешся навокал і бачыш насупраць сябе хлопца, які наўпрост спявае яе. Да яго далучаецца дзяўчына, якая з іншага кутка працягвае арыю. І яшчэ, і яшчэ. І вось на ўсю кавярню гучыць неўміручая вясёлая «Застольная песня» з «Травіяты» ў выкананні Віктара Мендзелева, Маргарыты Ляўчук, Ірыны Кучынскай і Паўла Пятрова.
Ацаніць іх майстэрства можна будзе і на працягу астатніх двух месяцаў падчас фестывалю «Класіка каля Ратушы з velcom». Самі выканаўцы вельмі станоўча ставяцца да папулярызацыі опернага мастацтва праз новыя сучасныя формы, кшталту, флэшмобаў.
Я не першы раз удзельнічаю ў такіх мерапрыемствах, — прызнаецца саліст Вялікага тэатра оперы і балета Віктар Мендзелеў. — І не бачу ў гэтым нечага незвычайнага альбо агіднага. Удзельнічаць ці не — кожны артыст для сябе вырашае сам. Але я лічу, што гэта яшчэ адзін добры сучасны сродак для таго, каб пазнаёміць з оперным мастацтвам самыя розныя колы людзей. Тым больш, што флэшмобы досыць кароткія па часе — ніхто не паспее стаміцца. Усё ж такі опера — заўсёды была і будзе элітарным мастацтвам, і не кожнаму яно зможа быць блізкім і зразумелым.
Трэба заўважыць, што для Італіі — радзімы оперы, гэта сапраўднае народнае мастацтва. І падчас розных святаў, як у вялікіх, так і ў зусім маленькіх гарадах, на плошчах спяваюць оперныя арыі, спяваюць іх нават ў кавярнях і за сямейнымі застоллямі. Для італьянцаў — гэта натуральная з’ява.
Віктар Мендзелеў з задавальненнем адзначае, што сучасныя беларусы таксама цягнуцца да опернага мастацтва:
На прэм’ерах у Вялікім тэатры оперы і балета заўсёды поўны зал, нават дадатковыя крэслы ставяць, каб змясціць усіх жадаючых! Прыязджаюць з усіх куткоў Беларусі, бо людзі, сапраўды, маюць патрэбу ў гэтым і хочуць дакрануцца да чароўнага свету опернага мастацтва.
Дарэчы, на закрыці фестывалю «Класіка каля Ратушы з velcom» 27 жніўня можна будзе адкрыць для сябе ўсё багацце беларускай музычнай спадчыны XIX–XX стагоддзяў, у тым ліку, і ўверцюры і арыі з опер Станіслава Манюшкі «Галька», «Verbum Nobile», «Страшны двор».
— Кожны паважаючы сябе чалавек мусіць ведаць гісторыю свайго краю, творы мастацтва, імёны выбітных дзеячаў, — падкрэслівае салістка Вялікага тэатра оперы і балета Маргарыта Ляўчук. — Так, оперныя арыі нашага выбітнага кампазітара Станіслава Манюшкі ў параўнанні з творамі таго ж Вердзі могуць на першы погляд здацца больш сціплымі, але гэта ніколькі не змяншае іх каштоўнасці для нашай і сусветнай культуры. Зараз я актыўна рыхтуюся да фестывалю «Класіка каля Ратушы з velcom» і развучваю яго творы. Яны не перастаюць мяне ўражваць сваёй прыгажосцю і лірычнасцю, народнымі матывамі і спевамі, у якіх адлюстроўваецца музычная душа беларускага народа. Таму, абавязкова прыходзьце на закрыццё, каб нанава адкрыць музычную спадчыну нашага славутага земляка!


Відэа і фота: кампанія velcom