У Мінску прайшоў фестываль Rock'n'Rave’2016 (фотарэпартаж)
Фестываль Rock'n'Rave 2016 прайшоў 9 ліпеня ў ангары бара «Хуліган». У мерапрыемстве прынялі ўдзел беларускія і расійскія выканаўцы.
З-за кепскага прагнозу надвор'я арганізатары перанеслі фэст з адкрытай пляцоўкі ў мястэчку Камарова пад дах. У выніку фестываль змяніў сваю назву з OpenAir на Angar Festival.
Пачаў разаграваць публіку малады калектыў з Мінску GIRL Ain’t GIRL.
Дзесяць гадоў таму гурты кшталту Fyodorovitch, хутчэй за ўсё, не пусцілі б у клуб, а цяпер гэта амаль бяскрыўдная музыка. Іх стыль можна ахарактарызаваць як лёгкі гаражны рок, з незвычайнымі любоўнымі тэкстамі.
Пасля лёгкага гаражнага року на сцэну выйшаў гарадзенскі метал/хардкор гурт «Main-de-Gloire». Падчас іх выступу на пляцоўцы перад сцэнай пачаўся сапраўдны рэйв.
У сваёй музыцы хлопцы спалучаюць энергічныя брэйкдаўны з жорсткімі гітарнымі рыфамі, дапаўняючы іх меладычным вакалам з англамоўнай лірыкай і арганічным электронным суправаджэннем.
Працягам сакавітага рокавага рэйву стаў выступ мінскага гурта "Петля Пристрастия".
Хэдлайнерам фестывалю стаў разухабісты ска-панк-гурт з Расіі Distemper. Пад гучныя і забіяцкія рытмы ад дзядкоў рускамоўнага ска практычна немагчыма было выстаяць на месцы.