«Касмічная опера» Язэпа Драздовіча

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся новы раздзел экспазіцыі — «Сусвет Язэпа Драздовіча». Там змешчаны жывапісныя і графічныя працы з фонду музея. Некаторыя з іх раней увогуле ніколі не выстаўляліся.

img_20191129_171049.jpg

Краявіды Марса і жыццё на Месяцы, сатурнянкі ў пячорах і марсіяне-каменячосы ў пустынях, астран-абсерваторыя і іншапланетныя гарады. Язэп Драздовіч паўстае ў новай экспазіцыі не толькі апярэдзіўшым свой, але і наш час. 

Гэта адзін з незвычайных аспектаў творчасці. Драздовіч вядомы як вельмі разнастайны мастак, які працаваў у жывапісе, у графіцы, у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, у скульптуры. Асноўнае месца ў новай экспазіцыі займаюць творы, прысвечаныя космасу.

Захапіўшыся астраноміяй, як распавялі ў музеі, мастак пачаў начамі, у сне здзяйсняць «астральныя падарожжы» на далёкія зоркі і планеты. Усё ўбачанае на Месяцы, Марсе, Сатурне, Венеры — прыроду, гарады, жыццё іх насельнікаў — Драздовіч замалёўваў, увасабляў у графіцы і жывапісе, а таксама апісваў у дзённіках і спецыяльных сшытках.

Маргарыта Петухова, літаратуразнаўца:

«У 90-я гады ў «Маладосці» былі надрукаваныя дзённікі Язэпа Драздовіча. І гэта было сапраўды адкрыццём, рэвалюцыяй. Перад чытачом разгортвалася гісторыя касмічная. Гэта было вельмі нечакана. Таму што Язэп Драздовіч апісваў свае начныя вандроўкі. Ён падарожнічаў па космасе, па цывілізацыях. Апісваў іх быт у такіх падрабязнасцях! І рабіў акцэнт заўсёды, што «я сапраўды гэта бачыў, вы можаце гэта ўсё спраўдзіць». Касмічныя дываны, касмічнае начынне — гэта ўсё апісана з любоўю і ў дэталях.

І разам з тым перад намі разгортваецца гісторыя самотнага, вельмі-вельмі адзінокага чалавека. Які не мае свайго дома, які шукае паразуменне і часам яго не знаходзіць. І ёсць нават такая гісторыя, што ў Вільні была лекцыя па псіхалогіі (па псіхіятрыі, хутчэй), і адзін з прафесараў запрасіў Язэпа Драздовіча ў якасці ілюстрацыі «навязлівых ідэй». Той быў вельмі пакрыўджаны, але працягваў падарожнічаць па сусвеце, па космасе. І, відаць, правільна рабіў, таму што мы маем вельмі-вельмі багаты набытак менавіта касмічны. Які сучасныя даследчыкі называюць нават касмічнай операй. І Драздовіч фактычна быў першы ў беларускай сучаснай літаратуры фантаст».

Постаць Язэпа Драздовіча — шматгранная. Ён займаўся літаратурнай творчасцю, пісаў вершы. Пры жыцці мастака была надрукавана толькі аповесць «Вялікая шышка». «І вялікая радасць у тым, што ўсё больш матэрыялаў друкуецца, — сказала Маргарыта Петухова. — Усё больш матэрыялаў даходзіць да чытача і знаходзіць свайго даследчыка. І я думаю, што для кожнага Драздовіч — свой. Але ўсё ж, мне падаецца, ён непазнавальны. Яго спазнаць абсалютна немагчыма».

У савецкі перыяд да творчасці Драздовіча наогул стаўленне было адназначна негатыўнае. Аб гэтым узгадаў Аляксандр Стэфановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі: «Многія карціны, каторыя зараз з гордасцю захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, наогул не хацелі браць». І ўжо ў 1980-я гады, калі пачалася новая хваля нацыянальнага Адраджэння, звярнуліся да спадчыны мастака.

 «Гэта толькі пачатак шляху. Тое, што карціны вісяць і рэстаўраваныя, гэта добра. Зараз прыйшоў час публікацыям яго рукапіснага матэрыялу», — сказаў на адкрыцці экспазіцыі Аляксандр Стэфановіч. Ён паведаміў, што плануецца выданне рукапіснай спадчыны Драздовіча з яго замалёўкамі: «У яго многа «касмічных матэрыялаў», каторыя нідзе не апублікаваныя. Ён вельмі многа хадзіў у экспедыцыі, у яго вельмі багаты матэрыял археалагічны. Таму, канечне ж, сабраць разам усё і выдаць пад адной вокладкай, гэта тытанічная праца. Але мы пачнем з малога. Мы пачнем выдаваць факсімільнае выданне, тое, што зараз запатрабавана, гэта этнаграфія. Ну і, натуральна, яго дзённікі».

img_20191129_171617.jpg

Лінгвіст Ірына Галуза адзначыла, што калі з празаічных твораў Драздовіча апублікаваны быў адзін пры яго жыцці. То з лінгвістычных твораў — увогуле ніводнага.

«Ён акрамя таго і яшчэ цудоўны самабытны лінгвіст. Ён стварыў карціну «Прарок». І сапраўды Язэпа Драздовіча ў галіне лінгвістыкі можна цалкам назваць прарокам. Беларусізацыя актыўная пачалася ну, дапусцім, з 1919 года. А ён ужо ў 1912 годзе складае зельнік. К 19-му году ў яго гатовы батанічны слоўнік. К 21-му году, калі яшчэ ніводнага тэрміна не сабрана, ён прапаноўвае шэсць разнастайных тэрміналагічных словазбораў. І к 21-му году ён сабраў толькі з Дзісенскага рэгіёна 2,5 тысячы лексем».

Беларускае навуковае таварыства адправіла Язэпа Драздовіча ў экспедыцыю ў Палессе. «Яго адправілі замаляваць цэрквы, зрабіць спіс архітэктурны, — распавяла Ірына Галуза. — Ён за гэты час каля трох соцень песень збірае, запісвае каля 2 тысяч прыказак, прымавак. Стварае этнаграфічны слоўнік. І, канечне ж, усе свае матэрыялы ён дасылае ў Беларускую акадэмію навук». А яшчэ мастак занатоўваў песні.

Яго матэрыялы вымяраюцца дзвюма дзясяткамі тысяч лексем. «Ён упершыню ў 19-м годзе прапаноўвае анатамічны беларускамоўны слоўнік. Праўда, яго таксама не надрукавалі, як і ніводную з яго прац», — канстатуе Ірына Галуза.

«Яму ж трэба было неяк апісаць як ходзяць сатурняне, як назваць акружніковую арбіту. І нават у гэтых сшытках пра сатурнян, лунян, марсіян, венерцаў ён складае слоўнік астранамічных паняццяў. Прыкладаў да гэтага ў беларускай літаратурнай мове не было. Але, на жаль, да гэтага ніводная з гэтых спраў у актыўны ўжытак уведзена не была. З чым мы актыўна зараз змагаемся і выпраўляем гэту памылку».

img_20191129_171250.jpg

Шмат даследчыкаў, як зазначыла куратар выставы Вольга Архіпава, развівалі касмічныя тэорыі. Аднак толькі толькі Драздовіч так рэалістычна і дэталёва апісаў у мастацтве жыццё на іншых планетах. Мастак лічыў, што валодае дарам яснабачання. Касмічныя падарожжы, якія ён здзяйсняў праз «паветракінапалётныя вандроўкі» ў самнамбулістычным сне, гэта і пра будучыню чалавецтва ў космасе. «Але ва ўсім, што ён рабіў, было нешта касмічнае, нейкі сусветны размах, не характэрны для тагачаснай беларускай культуры. Менавіта адсюль і вынікае фенаменальная творчасць Драздовіча», — лічыць Вольга Архіпава.

«Касмічныя праект» Язэпа Драздовіча — гэта жывапіс, графіка і ўнікальныя тэксты з апісаннямі яго «начных візіяў» — астральных падарожжаў на Месяц, Сатурн, Марс і іншыя планеты. Футурулагічны змест экспазіцыі забяспечаны сучасным інфармацыйным суправаджэннем. Можна паслухаць аудыёрасповяд у слухаўках, паглядзець відэа. У інфакіёску размешчаны віртуальны архіў-музей Язэпа Драздовіча, дзе максімальна поўна прэзентаваны яго тэксты. Яны падрабязна вытлумачваюць сэнс таго, што выяўлена на жывапісных палотнах і графічных аркушах. Віртуальны музей дае магчымасць упершыню спалучыць мастацкія творы Драздовіча, прысвечаныя космасу, і адпаведныя ўрыўкі з яго тэкстаў.

Працы мастака захоўваюцца ў розных музеях і бібліятэках у Беларусі і за мяжой. Многія з іх, адзначылі арганізатары выставы, ніколі не экспанаваліся, некаторыя нават не рэпрадуктаваліся, і невядомыя не толькі шырокай публіцы, але і спецыялістам. Віртуальны архіў-музей прадставіць раней недаступныя творы Драздовіча і паглыбіць уяўленні пра яго творчасць. А яшчэ ў экспазіцыі — тактыльныя карціны, прызначаныя для людзей з парушэннямі зроку.

Вольга Архіпава, куратар выставы:

«Яшчэ сучаснікі параўноўвалі Язэпа Драздовіча з Леанарда да Вінчы. Казалі, што па ўніверсальнасці толькі з ім можна было параўнаць яго захапленні. І сёння мы сапраўды кажам, што Язэп Драздовіч – і пісьменнік, і мастак, і навукоўца. І гісторык, і этнограф. Гэта чалавек, які захапляўся вельмі многім. Ён нават пісаў у сваіх дзённіках — кожныя тры гады я захапляюся чымсьці новым. Гэта насамрэч была вельмі захопленая натура. Не кажучы ўжо пра тое, што сапраўды ў многім ён прарок. Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, што ў 1935 годзе ён напісаў карціну, дзе малюе амерыканцаў, каторыя «прызямліліся» на Луну. Гэта прароцтва здзейснілася ўжо пасля смерці Язэпа Драздовіча. Толькі ў 80-я гады да яго прыйшла слава. Але будзем спадзявацца, што яна яшчэ да яго прыйдзе, і не раз».