Італьянскія ўнукі Армстранга

Тур гурта «Фабія Лепарэ джаз квартэт» па Беларусі з 14 па 17 лістапада пацвердзіў, што моднае сёння слова «гібрыдны» можа быць выкарыстана і ў джазе.

fabijo_lepare.jpg


У 1935–1936 гадах, 80 гадоў таму, Луі Армстранг праехаў з турам па Італіі, які апынуўся гістарычным. 1936 год лічыцца годам нараджэння італьянскага джаза, і гэтая дата цяпер шырока святкуецца як у Італіі, так і ва ўсім свеце. У гэтым плане ідэя італьянскага пасольства ў супрацоўніцтве з МЗС Беларусі запрасіць у нашу краіну джаз-калектыў з Апенін з’яўляецца лагічнай і заслугоўвае толькі дыфірамбаў.

На жаль, для звычайнага беларуса італьянскі джаз (дарэчы, адзін з наймацнейшых у свеце) застаецца terra incognita.

Знаўцы лічаць, што 1936-ы як год нараджэння джаза ў Італіі — спрэчная дата з улікам таго, што італьянская музычная традыцыя вельмі багатая, і ў Італіі гралі нешта падобнае задоўга да прыезду Армстранга. На карысць гэтай версіі кажа той цікавы факт, што фашысты, якія ў той час змагаліся з амерыканскім культурным уплывам і забаранялі любы заакіянскі прадукт, усё ж вырашылі джаз канчаткова не крыміналізаваць. Праўда, не выключана, што ад поўнай забароны джаз выратаваў сын дучэ — Раман Мусаліні, які сам быў джаз-музыкам.

Але значна важней тое, што італьянскія джазмены, як паказаў час, апынуліся здольнымі ствараць свой арыгінальны прадукт. Доказам таму — музыка групы «Фабіа Лепарэ джаз квартэт», які у межах стогадовага юбілею італьянскага джаза даў некалькі канцэртаў у Беларусі.

У творчасці «Фабіа Лепарэ джаз квартэт» прысутнічае галоўны прынцып джазавага мастацтва — эксперымент і імправізацыя. Творы квартэту — гэта канцэптуальны гібрыд: сумесь эксперыментальнай аранжыроўкі і эксперыментальнага вакалу Фабіа Лепарэ, якія робяць кожны трэк незвычайным і інтрыгуючым. Нельга не адзначыць, што квартэт (акрамя вакалу Фабіа ў ім удзельнічаюць Дзіна Пласмаці — гітара; Джанлука Франкав’еры — бас; Фабіа Дэла Фольі — бубнач) абыходзіцца без піяніна. Вядучую партыю бярэ на сябе гітарыст, што не часта ў нас сустракаецца.

Незвычайнасць праекта ўзмоцнена і тым, што выканаўца працуе з «залатым фондам» італьянскай папулярнай музыкі. Самыя знакамітыя і звыклыя песні італьянскай эстрады ў яго версіі набываюць новае адценне. Падчас туру па Беларусі Фабія Лепарэ выконваў кавер-версіі твораў Эніа Марыконэ, напісаных для кіно, што ўжо само па сабе гучыць правакацыйна і інтрыгуюча. Успомніце эпічны саўндтрэк для спагецці-вестэрнаў Серджыа Леонэ. Зрэшты, Фабіа Лепарэ паспяхова і, галоўнае, непрадказальна для слухача справіўся з задачай.

У гэтым плане тым, хто паспеў наведаць канцэрты «Фабіа Лепарэ джаз квартэт» у межах іх цяперашняга тура, пашанцавала. Тым, хто не здолеў гэтага зрабіць, застаецца спадзявацца, што «Фабіа Лепарэ» зноў прыедзе ў Беларусь. Гэтыя італьянскія музыкі — адносна частыя госці ў нашай краіне. Раней яны прымалі ўдзел у адкрыцці Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.