«Іх выпусцяць, вядома ж, ноччу, у тры гадзіны»
Прапануем вам пачытаць фрагменты аповесці "Плошча" пра падзеі пасля выбраў 2006 года.
Як ні стараўся Трачыла падысці да камеры ціхенька — дзяўчаты ўсё роўна яго чулі, і толькі ён прыладжваўся да «вочка» ў дзвярах, хто-небудзь падаваў голас: «Зноў прыпёрся!..».
Святло ў камеры на ноч не выключалася. Цмяна-жоўтая «дзяжурная» лямпачка над дзвярыма — чытаць пад якой было немажліва: балелі і слязіліся вочы — тым не менш, невялікае памяшканне з незразумела-бруднага колеру сценамі асвятляла даволі ясна. Трачыла заглядваў у «вочка» і глядзеў на дзяўчат, якія спалі, зусім не думаючы, што за імі нехта будзе назіраць: у разняволеных, на колькі можна гэта на цесных нарах, паставах… Трачыла сцішваўся за дзвярыма і пачынаў тое, дзеля чаго і прыйшоў. У нейкі момант ён забываў, дзе знаходзіцца, і таму ягонае дыханне ды юрлівы шоргат аднойчы пачулі дзяўчаты, якія не спалі. Пасля гэтага яны не давалі яму мажлівасці нават прыпыніцца каля іхняй камеры. Як толькі ён падыходзіў, адразу сярод дзяўчат пачыналася гульня ў досціп.
— Зноў прыпёрся, Трачыла? А сюды, да нас, слабо?
— Пэўна, няма чым хваліцца…
— А жонка ў цябе ёсць?
— Лічыка пакажы, пакажы сваё лічыка, Трачыла, мо я цябе пакахаю?..
— Лычыка ён пакажа, лычыка… — гэта Тацянка азвалася, як заўсёды трапна. Звонкі дзявочы смех пакаціўся па камеры. Смех, які, кажуць, разбурае нават кайданы...
Так, і сёння таксама яшчэ ніхто не спаў. Як тут заснеш: заўтра на волю…
Ніколі не бачаны Трачыла, хіба толькі край галавы ды правае вока, а яно адно, мо ад непрыязні да гэтага чалавека, здавалася страшна непрыгожым, свіным, з даўгімі чорнымі павекамі, не адгукаўся, моўчкі рабіў сваю справу. У першую ноч, калі яго пачулі, ён было збег, але, відаць, не ад сораму, а ад нечаканасці; жаданне, аднак, аказалася мацней, і ён вярнуўся да вакенца і больш ужо не ўцякаў, пакуль не сканчваў сваю справу — толькі агідна соп ды хакаў.
Марыйцы, як і ўсім, было брыдка і гідка гэта, але яшчэ непрыемней было ёй распачынаць выкрыкі на адрас Трачылы. Для іншых дзяўчат, асабліва для старэйшых, была то яшчэ і нейкая разнастайнасць у турэмным жыцці, а яна адварочвалася да сцяны і пачынала думаць пра што-небудзь сваё ці ў думках пісаць дзённік, які яна пачала «весці» тут. Да таго неяк не заўважалася, а цяпер ляжаць ёй на голых дошках было мулка, няёмка, хацелася павярнуцца на другі бок, але яна не жадала сустрэцца позіркам з тым пахаблівым вокам Трачылы, і цярпела нязручнасць. Сон, яшчэ і праз гэта, не ішоў і яна думала, думала, думала… Гэтая ноч, потым дзень, вечар, і ёй — на волю. Дзякуй Богу, усё некалі сканчваецца, скончыцца і гэта… А вось успаміны — застануцца. І не толькі пра дні ўвязнення, але і пра тыя, незабыўныя, можна сказаць шчаслівыя дні і ночы на пляцы Каліноўскага…
Той вечар дзевятнаццатага сакавіка яна чакала. Чакала без асаблівай надзеі на нешта, але чакала. Чаму без надзеі? Ды таму, што яшчэ да пачатку было зразумела, чым скончацца чарговыя «выбары»: уладу сваю, а яна стала сапраўды «сваёй» для пэўнага кола, ніхто не аддасць, бо страта ўлады азначала б не проста гублянне імі свайго панавання, а фактычна — смерць. Для многіх не толькі палітычную, але і… Зрэшты, што цяпер пра гэта казаць: яны засталіся, зрабілі ўсё, каб застаўся іхні кумір, а значыць, нічога не зменіцца не толькі для яго, але і для ўсіх, хто вакол, хто прыжыўся і нажыўся пры ім… Бо адзінае, чаго яны баяліся і не хацелі, — гэта пераменаў.
Так, надзеі не было. Быў адчай, была горыч, што зноў падманулі. І было жаданне пайсці на плошчу. Хай і з рызыкай, што ніхто больш не прыйдзе. Бо дужа ж запалохвалі людзей па тэлевізіі перад тым. Страху на народ нагналі! Асабліва на тых, хто і не збіраўся ісці на мітынг, ды мо і не хадзіў ніколі на нейкія іншыя «несанкцыянаваныя акцыі». Марыйка заўважыла гэта і па сваіх аднакурсніках, якія яшчэ за тыдзень да таго храбрыліся-харахорыліся, а потым неяк разам замоўклі, і ёй нават няёмка было пытацца ў іх: ці пойдуць?
Яна ішла на плошчу адна, ішла не загадзя, а якраз пад прызначаны ў абвестках час: недзе без пяці сем гадзінаў вечара была ля крамы «пад гадзіннікам» насупраць КДБ. І насцярожана заўважала, што не адна яна набліжаецца да Кастрычніцкай плошчы. Ішла і думала: ці пусцяць сёння людзей на плошчу, ці мо яна акружаная некалькімі шэрагамі амапаўцаў, як бывала звычайна, і людзей пачнуць хапаць ужо на падыходзе і закідваць у аўтобусы... Навучаная ранейшым досведам, міжволі ўзіралася далёка наперад, каб улавіць там нейкія рухі і перастрахавацца. Аднак нічога падазронага не было. Побач і насустрач ёй ішлі, здавалася, звычайныя мінакі. Вось і плошча: праход свабодны, міліцыянтаў не відаць, пэўна, загадзя пралічылі «пераможцы», што людзі сюды не пойдуць, пабаяцца запалохванняў. Колькі апошніх дзён па тэлевізіі круцілі выступ старшыні КДБ, які казаў, што ўсіх, хто выйдзе 19 сакавіка на менскую Кастрычніцкую плошчу, залічаць у экстрэмісты-тэрарысты, і іх чакацьме альбо пажыццёвае зняволенне ў турме, альбо… расстрэл. Так, расстрэл. І паварочваўся ж язык казаць такое да свайго народа… Але гучала гэта страшна і пераканаўча. А перад тым прайшлі арышты — прэвентыўныя — сярод актывістаў апазіцыі, тых, хто мог, нягледзячы ні на што, выйсці на плошчу: больш за сто чалавек ужо сядзелі ў турмах. І зусім смешны выпадак — тут яны перастараліся, паказалі, што і ў іх нервы здаюць: нейкі хлопец, які нібыта прайшоў навучанне ў Грузіі, каб сарваць выбары і скампраментаваць немінучую «элегантную» перамогу, расказваў з тэлеэкрана, што ў Тбілісі яго навучылі, як атруціць ваду ў менскім гарадскім вадаправодзе: злавіць пацука, забіць яго, гнаіць два тыдні ў вядры з вадой, а потым падкінуць у вадаправод і тым «дэзарганізаваць выбары прэзідэнта»…
Марыйка ўсміхнулася і цяпер, згадаўшы той выступ. Улады тут паказалі сваю слабасць і тым, мажліва, шмат у каго, хто і не збіраўся ісці на плошчу, абудзілі цікавасць…
Але смех-смехам, цікавасць-цікавасцю, а яна ішла на мітынг і сур’ёзна думала, што нікога на плошчы не будзе, а тых, хто ўсё ж пойдзе да яе, пахапаюць на падыходзе. Тым болей, што ўлады сабе рукі развязалі: ужо вядома, што перамога на іх баку і яны застаюцца яшчэ на адзін тэрмін, а значыць, можна дзейнічаць смела, бязлітасна, без аглядкі і без боязі, што за жорсткасць давядзецца адказваць. Навошта ў такім выпадку ёй ісці «пратэставаць»? Чаго тым даб’ешся, што каму дакажаш?.. Але Марыйка ішла, бо да-ста-ла ўжо, бо колькі можна дурыць народ, спадзеючыся, што ніхто не адважыцца нават пікнуць… Ішла, хутчэй, з адчаю, хоць мама і прасіла яе: не ідзі… Сяброўка маці была ў выбарчай камісіі на нядаўніх парламенцкіх выбарах і са слязамі на вачах расказвала, як прымушалі іх «правесці» патрэбнага ўладам кандыдата: давялі план загадзя, колькі працэнтаў галасоў на іхнім участку ён павінен набраць, а ў іх атрымалася, што перамог апазіцыянер, а прадстаўнік уладаў не набраў і дзесяці адсоткаў, і тыя — пры папярэднім прымусовым галасаванні… Яны падлічылі і ціха, самі сабе, парадаваліся. Старшыня камісіі павезла пратакол у раён, а сябры камісіі, як звычайна, сталі рыхтавацца адзначыць заканчэнне працы. Накрылі стол — торт, гарбата, кава, адкаркаванае чырвонае віно прытоена ля ножкі стала, а старшыні ўсё няма. Потым прыязджае заплаканая і кажа: дзяўчаты, трэба перапісаць пратакол, лічбы павінны быць вось такімі — і паказвае на паперцы: 90 адсоткаў за кандыдата ўладаў… А як жа нашыя падлікі? А ніяк… А як галасы людзей? Ніяк… Трэба перарабіць і ўсё: інакш на працу заўтра можна і не йсці. Ды, зрэшты, што перажываць! Усе так робяць… І ніхто ведаць не будзе, ніхто не абурыцца… А разам і бацьку не страшна біць (тут лепш сказаць — служыць…). Перапісалі, што ж рабіць… Можна з пэўнасцю сказаць, што і сапраўды, так было не на адным іхнім участку. І не толькі на тых выбарах, а і на гэтых... У Беларусі з 1995 года перамагае той, хто падлічвае галасы. Аксіёма.
Так, амапаўцаў вакол плошчы не відаць, пэўна, як звычайна, сядзяць у сваіх машынах у блізкіх, навакольных, дварах, і наганяюць у сабе злосць на праклятых апазіцыянераў, што не даюць ім па гэтым холадзе быць дома, з сям’ёй, а вымушаюць сядзець у прамерзлых аўтобусах… Было і сапраўды халаднавата, хоць другая палова сакавіка, але зіма яшчэ не адступала. Пакуль ішла, Марыйка марозчыку не заўважала, а прыпынілася трохі, і шчокі прыхапіў жарсцвяны сівер. Зірнула на гадзіннік — без хвіліны дзевятнаццаць. Наперадзе, на плошчы, некалькі купак людзей — зусім мала. Сярод іх ці не большасць знаёмых ёй твараў — з папярэдніх акцыяў, з сустрэчаў на розных імпрэзах, вечарынах, — усё больш «свядомыя» са студэнтаў, пісьменнікаў, мастакоў, ёсць і незнаёмыя, але пра іх адразу можна сказаць, што то пераапранутыя стукачы. Зрэшты, і сярод гэтых было нямала ўжо знаёмых з тых жа ранейшых акцыяў. Звычайная справа: спачатку аціраюцца, прыкмячаюць актывістаў, а потым, у адзін момант, па камандзе «Начали!», накідваюцца, валяць з ног, хапаюць ды цягнуць нахабную апазіцыю ў легкавікі. І там скручваюць, збіваюць, каб больш не хацелася пратэставаць…
Марозчык на ноч узяўся неслабы, але Марыйка і Алесь не заўважалі холаду ў намёце, які стаў для іх укрыццем ад усяго на свеце, ад усяго свету. Ім трэба было пабыць адным, хай і на плошчы сярод тысячаў людзей — і намёт дазваляў гэта зрабіць. Ім шмат пра што трэба было распавесці адно адному. І выказаць тое, што перадаецца не словамі, а толькі праз няўлоўны поціск рук, праз позірк вочы ў вочы, і ніяк іначай… Што і казаць, Марыйка сумавала па Алесю і часта згадвала пра яго, хоць і не хацела сабе прызнавацца ў гэтым. А тым болей, відаць, — Алесь. Віна перад дзяўчынай, якую ён па-здрадніцку пакінуў некалі, не давала яму спакою. І цяпер у яго з’явілася мажлівасць выгаварыцца. Не апраўдацца, не… а проста выгаварыцца, нават без надзеі на дараванне.
Праз столь і бакавіны намёта прабівалася святло ліхтароў з плошчы, але было цёмна, і гэта таксама спрыяла шчырасці і адкрытасці. Яны бачылі толькі вочы адно аднога зусім блізка, якія гарэлі, палалі агнём, блізкасць дыхання і целаў узбуджала яшчэ больш, і Алесь зусім перастаў саромецца самога сябе, нядаўняга няўдалага кавалера і самагубцы. Ён баяўся толькі аднаго: быць няшчырым і каб гэтую, мажлівую, няшчырасць не адчула Марыйка. Ага, баяўся ён яшчэ аднаго: страціць яе зноў — цяпер ужо назаўсёды.
Марыйка бачыла гэта і слухала ўважліва, не перабівала, не перапытвала, хіба тады, калі ён расказваў, як сядзеў на краі даху і глядзеў у такі блізкі і зусім нястрашны туман, мацней сціснула ягоную руку… Ён і сапраўды шмат перадумаў і зразумеў там, у адзіноце, на даху. Чаму самагубцаў не любяць і не апраўдваюць практычна ні ў адной з рэлігіяў? Бо здацца, скарыцца абставінам вельмі лёгка, а пераадолець іх, перамагчы — няпроста, не кожны на тое здольны. Для таго, каб засіліцца ці скочыць уніз са шматпавярховіка, мужнасці не трэба, значна цяжэй «зрабіць жыццё» (памятаеш верш Маякоўскага, прысвечаны Ясеніну? — спытаў Алесь). Шлях да ісціны палягае праз памылкі і выпрабаванні, спадзяюся першыя і самыя важныя я прайшоў, казаў Алесь. Я паглядзеў у вочы смерці і цяпер яе не баюся. Яна сама прыйдзе ў адмераны час. Аднак важна прайсці свой жыццёвы шлях, не здрадзіўшы сабе, сваім ідэалам, не схібіўшы нідзе. Тварыць дабро — вось звышзадача. Спакойна, без мітусні, без крыку. І калі хоць адзін чалавек стане лепшым, дзякуючы стасункам са мною, навучыцца заўважаць клопаты, турботы, боль іншых, як свае, калі хоць аднаму з маіх бліжніх будзе лягчэй ад таго, што я ёсць побач, — значыць, я жыву не дарэмна… А калі я дапамагу дзясяткам, сотням…
Алесь замоўк раптам, закончыўшы тым расповед, і толькі цяпер яны адчулі, што зусім замерзлі ў намёце, што закляклі іх целы і што трэба размяцца, каб не захварэць. Выйшлі на святло. Было гадзіны дзве ночы. 2.15 — дастала тэлефон і паглядзела Марыйка. (Між іншым убачыла — мама званіла разоў дзесяць. Але тэлефанаваць ёй не стала — позна ўжо турбаваць…) Больш за дзве гадзіны праляцела для яе, як адно імгненне. Намётавае мястэчка, а яго ўжо можна было назваць так, налічвала… Марыйка адышла ўбок — раз, два, тры… васямнаццаць намётаў, з тых першых чатырох, у адным з якіх і «пасяліліся» яны з Алесем. Пасярод на дыванках было ўтворана нешта кшталту складу, куды ставілі тэрмасы з гарбатай, прадукты, цёплыя рэчы — усё гэта, аказваецца, людзі пачалі прыносіць сюды амаль адразу пасля ўсталявання першых намётаў. Значыць, яны за размовай прапусцілі шмат важнага і прыемнага. Вакол было шумна і, можна сказаць, весела. Намётавае мястэчка было абкружанае двайным колам хлопцаў і дзяўчат са сцягамі — ахова. Марыйка ўзлезла на бетонную агароджу вакол уваходу ў метро і агледзелася. Была глухая ноч, але чалавек пяцьсот заставаліся на плошчы. Міліцыянты, а яны ўжо былі тут, стаялі паводдаль. Сярод людзей Марыйцы і Алесю падалося цяплей, чым у намёце. Да іх падышоў хлопец, які, па ўсім, стаў галоўным у мястэчку, каб пазнаёміцца: хто яны і адкуль, размеркаваць абавязкі. А потым, да раніцы, каб не замерзнуць, яны прыдумлялі нейкія гульні, таньчылі, бегалі, штурхаліся, стараліся падтрымаць, падвесяліць адно аднога. Аднак гэта ўдавалася з цяжкасцю — сама атмасфера не спрыяла весялосці. Начное неба вісела нізка-нізка і ціснула на іх усім сваім целам, і ўвесь час не пакідала адчуванне, што за імі сочаць сотні вачэй…
Тое, што ўлады апамятаюцца ўрэшце рэшт і разбураць мястэчка, усе ведалі ад пачатку. Толькі калі гэта будзе? Наколькі хопіць цярпення ў міліцыянтаў, гэбістаў і ў тых (у таго), хто над імі? Бо Плошча была для ўладаў, як бяльмо на воку, як пастаянны напамін, што ў краіне ёсць нязгодныя з вынікамі выбараў, а значыць, пэўна, і сапраўды нешта не так... і гэта бачыць і пра гэта задумваецца ўвесь свет. Да таго ж, наперадзе быў Дзень Волі, у які на менскія вуліцы раней штогод выходзілі дзясяткі тысячаў мітынгоўцаў, каб адзначыць Свята Волі. І гэты дзень можа даць штуршок пашырэнню пратэсту і павелічэнню намётавага лагеру. А значыць, улады не дадуць моладзеваму мястэчку даіснаваць да 25 сакавіка... І таму кожная ноч была напоўненая чаканнем штурму. Хлопцы і дзяўчаты трывожна ўслухоўваліся ў пошум, які далятаў з двароў. Напруга ўзрастала і тады, калі да ачаплення падыходзілі правакатары з бэрэсээмаўцаў ды гэбістаў. Праўда, не выключана, што часам ішлі да лагеру і звычайныя людзі, ачмураныя прапагандысцкай тэлехлуснёй пра «адмарозкаў», якім Захад плоціць грошы, каб яны падрывалі аўтарытэт прэзідэнта. Прыходзілі «лукашысты» звычайна падвыпілыя. Пэўна, для смеласці — усё ж ішлі на «подзвіг», прыходзілі і пачыналі здзеквацца з тых, хто стаяў у ланцугу аховы, абліваць слоўным брудам, матамі. А калі не знаходзілі слоў, кідаліся біцца.
Так, правакацыяў і хамства было шмат. Ноччу агрэсіўных, а ўдзень — паказных, для тэлебачання: хтосьці раптам станавіўся між камерамі і намётавым гарадком і, задраўшы галаву, піў з горла гарэлку. І гэтыя кадры ішлі ў эфір...
…Адышлі ўбок журналісты і афіцыйныя асобы з іншых краінаў: іх папрасілі гэта зрабіць міліцыянты — груба і настойліва (потым высветліцца, што пакінулі мястэчка не ўсе…). Стала зразумела: хутка пачнецца штурм. «Каліноўцы» выйшлі з намётаў, сталі вакол іх двайным-трайным ланцугом. Хтосьці скамандаваў прысесці: маўляў, так будзе цяжэй іх хапаць.
Назіраючы за манёўрамі амапаўцаў у поўным баявым абмурдзіраванні, за якое іх ахрысцілі «касманаўтамі», зноў жа, экіпіравалі іх гэтак напярэдадні выбараў (во куды грошы дзяржаўныя ідуць…), хлопцы і дзяўчаты спачатку ціха, а потым усё гучней і гучней пачалі скандаваць той лозунг, які не раз гучаў над плошчай: «Міліцыя з народам! Міліцыя з народам! Міліцыя з народам!..»
Так, толькі з якім?
Пад’ехалі яшчэ машыны, амапаўцы выскачылі з іх, імкліва і шчытна акружылі мястэчка: так, каб ніхто не змог сысьці. Сталі вакол метрах у трох-чатырох. Нейкі начальнік крычаў у гучнагаварыльнік, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства і «прасіў» разысціся. Ага, зараз… Куды ўжо тут разыдзешся… Не адыдзеш і пару крокаў, як арыштуюць. Цішком… Дык няхай лепш зробяць гэта тут — на вачах ва ўсіх і з усімі разам. Не дзеля таго мы тут збіраліся, каб разбягацца… Хлопцы і дзяўчаты яшчэ шчыльней згрупаваліся і ўзяліся за рукі. І тут некалькі чалавек выкінуліся з ланцуга і пабеглі ўбок аўтобусаў. Іх ніхто не чапаў. Потым казалі, што гэта былі «падсадныя», якія выбеглі з лагера да сваіх.
Марыйка была ў ачапленні разам з Алесем. Побач сядзелі хлопец і дзяўчына і маліліся Богу, прасілі, каб не было ахвяраў, каб злітаваўся над неразумнымі, якія не ведаюць, што робяць… Крыху далей малілася яшчэ некалькі чалавек. Музыка сціхла, мікрафон узяла прыгожая, сталая жанчына (маці-ахоўніца, падумала Марыйка), і пачала казаць да амапаўцаў, што мы адзін народ і не трэба гвалту, вы такія ж людзі, як і мы, і ў вас ёсць дзеці, каханыя… не пралівайце крыві!.. тут жа лепшыя дзеці нацыі!.. Але ніхто яе не слухаў, вочы ў амапаўцаў пад паднятымі шклінамі «шлемафонаў» былі глыбокія і страшна пустыя, глядзелі яны некуды паўзверх «каліноўцаў», стаялі моўчкі, некаторыя нават, падалося, пасміхаліся, і ў тым, як нярвова торгалі яны шчытамі і гумавымі палкамі, было відаць, што ў іх цяпер адно жаданне: накінуцца і разламаць, разбіць, разбурыць, разнесці гэта ўсё… Не дзіва, накачалі іх супраць «адмарозкаў» здорава… Марыйка падняла галаву і ўбачыла за праспектам, каля Дома афіцэраў, Паўлічэнку. Таго самага… У «крапавым» берэце... Стаіць, назірае… Усё, падумала яна, мястэчку канец…
Яна пачула яшчэ, як нехта сказаў: «Памятайце, за намі праўда!» — і ўбачыла, як да яе кіруюць два амбалы- «касманаўты», якія чамусьці вылучылі ў коле «каліноўцаў» менавіта яе. Справа і злева амапаўцы накінуліся на людзей у ачапленні, пачалі выцягваць па адным. «Местачкоўцы» не супраціўляліся, але чапляліся за сваіх да апошняга, і гэта было горш для іх, бо міліцыянты сталі раз’ярвацца і забывацца, у ход пайшла жорсткая, брутальная сіла… Тым часам амбалы («двое з ларца», падумала Марыйка) падышлі, нагнуліся, схапілі Марыйку за ногі і пацягнулі. Алесь трымаў яе за рукі, за плечы, але было дарэмна... Ён зразумеў гэта і, каб не было горш, адпусціў Марыйку, і амбалы пацягнулі яе да машыны. Краем вока Марыйка бачыла, як Алесь кінуўся ўслед за ёй і як быў звалены ўдарам «касманаўта» ў грудзі…
Ачомалася яна ўжо ў аўтазаку пад крыкі: «На пол, сволочи! Лежать, суки!», і маты, маты, маты... Грубыя, істэрычныя… Яна даўно не чула, каб людзі так лаяліся: брыдка і з такой лютасцю. Марыйка ляжала на падлозе, і на яе выцягнутую нагу нехта прысеў і ціха стагнаў…
Што сталася з Алесем, яна не ведала… Праз некалькі хвілінаў усё было скончана: шэсць брудна-зялёных «МАЗаў»-аўтазакаў, напоўненых людзьмі — усяго амапаўцы арыштавалі каля пяцісот чалавек — ад’ехалі ад плошчы…
Марыйка абаперлася на руку, каб устаць — падлога ў машыне была мокрай і ліпкай ці то ад расталага снегу, ці то ад крыві. Агледзелася: у многіх хлопцаў былі разбітыя насы, твары, значыць, можа, гэта і кроў... У цемры яна здавалася брудам на руцэ, страшным ліпкім брудам. Як у фільме жахаў…
Што з намі будзе? Куды нас вязуць?.. Марыйцы падалося — за горад. Пытанне гэтае вісела ў паветры, і нехта не вытрываў і спытаў у амапаўцаў, што сядзелі і рагаталі паперадзе, — узбуджаныя, разгарачаныя, задаволеныя. Ціха так спытаў: «Куды нас вязуць?». Не ў амапаўцаў нават спытаў, а ў паветра.
«Как куда? В Курапаты, в карьер!» — адказ у амапаўцаў быў гатовы, і яны завяліся яшчэ больш: «Молоденьких будем насиловать — радуйтесь! — а остальных так расстреляем…». І тут жа да адной дзяўчыны, што была бліжэй да іх: «Вас, девушка, где расстрелять: под сосной или под берёзой?». Дзяўчына заплакала. А амапавец не спыняўся: «Не плачь, твоя смерть будет на пользу Беларусии!». Такія жарты ў той сітуацыі нават Марыйка ўспрымала зусім не як жарты...
Прывезлі іх не ў лес, а ў сумнавядомы спецпрыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна, у двор. Выстраілі ў некалькі шэрагаў уздоўж доўгіх белых сценаў пад святлом сляпучых пражэктараў. «Лицом к стене! Не оборачиваться! Смотреть только вперёд! Не разговаривать!» — працягваўся той самы ўціск, каб запалохаць, асабліва моладзь, якая такой грубасці яшчэ не бачыла ні ў войску, ні ў пастарунках. «Бомжи! Шлюхи! Суки вонючие — революции им захотелось! Расстрелять вас всех мало…» Паўз шэрагі прайшлося нейкае начальства: «Отключить мобильники! Вынуть шнурки из обуви!». Потым усіх здымалі на відэа, вылучалі ў шэрагах непаўнагадовых і кудысьці адводзілі. На расстрэл? Чаго толькі не падумаеш і чаго толькі не перадумаеш за больш чым чатыры гадзіны стаяння тварам да сцяны на холадзе — з амаль чатырох гадзінаў ночы і да васьмі раніцы... Калі хто прасіўся ў прыбіральню — не пускалі. Марыйцы заставалася толькі «вывучаць» бетонную сцяну перад сабою — да кожнай драпінкі, да кожнай непрыкметнай спачатку шчылінкі, кожнай дробнай ямінкі і кожнага бугарка… Яна запомніла тую брудна-белую сцяну на ўсё астатняе жыццё. Стаяла і баялася толькі аднаго: упасці, бо бачыла, як адцягвалі за рукі некуды тых, хто падаў. Куды? Ніхто не ведаў. Добра, калі ў лазарэт, у бальніцу. Але тады гатовыя былі б упасці ўсе, а не стаяць тут, пераадольваючы стому і бяссілле... Спіна здзервянела, рукі, здаецца, прымерзлі да сцяны, не адарваць…
Нарэшце пачалі па чарзе адводзіць у кабінет і складаць пратаколы. Фармулёўка была ва ўсіх адна — паперы, спісаныя неразборлівым почыркам, ляжалі на стале перад міліцыянтамі: «Учавствовал(а) в несанкционированной акции… Выкрикивал(а) антигосударственные лозунги…» і г.д.
Менавіта так, з літаркамі «а» у дужках…
Суд быў кароткім. Пра неабходнасць выклікаць адваката нават і не спыталі, а яна не ведала, што можа патрабаваць. Суддзя, жанчына амаль сярэдніх гадоў, спытала: «На площади была?». «Была?» «Раскаиваешся?» «У чым?..» «Лозунги, как тут написано свидетелями в протоколе, выкрикивала?» «Як і ўсе…» «Десять суток ареста…», — яна нават не назвала артыкул, па якім асудзіла Марыйку.
Марыйка зірнула на яе стомленыя вочы: суддзя таксама была загнаная гэтым канвеерам ажно да абыякавасці да таго, што адбываецца, — і не стала ўдакладняць: дзесяць дык дзесяць…
…Ішлі дні за днямі. І вось ужо заўтра, так, заўтра — на волю. Іх выпусцяць, вядома ж, ноччу, у тры гадзіны. Фармальна выканаюць закон: акурат у тры гадзіны ночы споўніцца роўна дзесяць сутак з часу арышту. Так, толькі фармальна… Бо прычына начных вызваленняў была простай: ноччу будзе меншы розгалас і не так шмат людзей прыйдзе сустракаць вязняў. А Марыйка ведала, што «каліноўцаў» з кветкамі і шампанскім па выхадзе сустракаюць дзясяткі людзей. Але што ёй тыя дзясяткі, галоўнае — яна, нарэшце, убачыць Алеся, якога таксама павінны выпусціць у гэты ж час. І маму. Яна мо ўпершыню ў жыцці засумавала па маме…
2007 г.