Гурт «Leibonik» прэзентаваў у Вільні альбом для «грамадзян рэспублікі болю»

17 снежня ў Вільню з канцэртам завітаў «Leibonik». «Новы Час» публікуе фота з канцэрта.

Сяргей Башлыкевіч. Фота Яўгена Ерчака

Сяргей Башлыкевіч. Фота Яўгена Ерчака

Выпусціўшы сёлета ў верасні альбом «Tam», Сяргей Башлыкевіч у адзін момант ператварыўся з нішавага артыста «для сваіх» у адну з галоўных музачных зорак калі не для ўсіх беларусаў, то для эмігрантаў дакладна. Вельмі ж трапнай, наўпрост у сэрцы тых, хто «выязджаў на паўгады, а атрымалася на годы», «грамадзян рэспублікі болю» атрымалася плытка.


Таму не дзіва, што «Paviljonas», дзе праходзіў канцэрт, быў забіты бітком. Кандэнсат на сценах нагадваў пра мінскі «Рэпаблік» ці «Рэактар» лепшых часоў, а танчыць, да чаго са сцэны перыядычна заклікаў Сяргей, было цяжкавата праз натоўп.


Наступным разам, які Башлыкевіч абяцаў недзе цягам года, напэўна, давядзецца выбіраць іншую, больш прасторную пляцоўку.


Музыкі (акрамя самога Башлыкевіча зараз гэта Валерыя Новік-Валодзька («Harotnica», «Kriwi»), басіст Макс і бубнач Павел Мамонаў) спачатку выканалі песні з новага альбома, а потым перайшлі да больш старога і, як высветлілася, частцы гледачоў добра знаёмага рэпертуару.


На біс у «Павільёнасе» няма куды сыходзіць, там няма грымёркі, таму яго выканалі без перапынку — як сказаў Сяргей «зрабіце выгляд, што вы нас паклікалі, а мы вярнуліся».