Гродзенская абласная бібліятэка запрашае на Восьмыя Гарадзенскія чытанні

Чытанні пройдуць 12 верасня. Гэтым разам яны прысвячаюцца 470-годдзю заснавання «Літоўскай капэлы»  ў Гродне.



get_img87.jpg

Загадчыца аддзела краязнаўства бібліятэкі імя Я.Карскага Любоў Турмасава распавяла:

— “Літоўская капэла” — вельмі мала даследаваная тэма.У 1543 годзе ў Гродне з’явіўся адзін з першых у Еўропе аркестравы калектыў, у якім удзельнічалі замежныя і мясцовыя артысты. Капэла дзейнічала да пачатку 17 стагоддзя.

Гэта адзіныя звесткі, якія мы маем.

Гарадзенскія чытанні ладзяцца для ўшанавання юбілейных дат і знакамітых асоб, якія шмат зрабілі для Гродна, таму мы вырашылі сёлетнія чытанні прысвяціць 470-годдзю “Літоўскай капэлы”.

Арганізатары прапануюць удзельнікам тры тэмы да абмеркавання:

- Музычная капэла на Гродзеншчыне: вытокі і развіццё;

- Музычная культура Гродзеншчыны: гісторыя і сучаснасць;

- Развіццё музычнай адукацыі на Гродзеншчыне.

Сярод удзельнікаў — мясцовыя і прыезджыя даследчыкі музычнай культуры, аспіранты, музыкі, студэнты, удзельнікі Гарадзенскай капэлы.

Асабліва цікавымі для гарадзенцаў будуць выступы доктара мастацтвазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта, прафесара Аліны Жураўскай-Віткоўскай (найбольш знанай даследчыцы гісторыі музычнай культуры на нашых землях) і прафесара Беларускай акадэміі музыкі Вольгі Дадзіёмавай.

Чытанні пройдуць у чытальнай зале аддзела перыядычных выданняў бібліятэкі ў Новым замку.

Пачатак у 11 гадзін.

Уваход вольны.

www.t-styl.info