Глыбокае запрашае на фэст «Дударскі Рэй-2018»

Глыбокае запрашае на другі фэст дударскіх рэгіёнаў «Дударскі Рэй-2018», які сёлета адбудзецца 4-6 траўня.

dudarski_rej___2018.jpg


Свята дуды пройдзе пад міжнародны акампаніямент запрошаных гасцей з розных дударскіх рэгіёнаў Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Шатландыі, Латвіі, Бельгіі, Сербіі і Харватыі. У адрозненні ад дэбютнага фэсту, сёлета падзея стане ажно трохдзённай і абяцае сабраць шматлікіх прыхільнікаў гэтага старажытнага беларускага інструмента.
Назва фестывалю ўзятая з верша Янкі Купалы:  Важна рэй Ігнат Буйніцкі/Ў танцах нашых водзіць,/Аж здаецца – усё чыста/Хадыром з ім ходзіць… Пад дуду і пад цымбалы/Топне, прыспявае.../Сцеражыцеся, ўсе людзі:/Беларус гуляе!

Верш Янкі Купалы прысвечаны Ігнату Буйніцкаму, заснавальніку першай беларускай тэатральнай групы з Глыбоччыны, у складзе якой быў між іншым дудар – Адам Шульга. Дарэчы, падчас фэсту плануецца ўшанаванне памяці Ігната Буйніцкага і Адама Шульгі як у Глыбокім, падчас адкрыцця фэсту ў Алеі славутых землякоў, так і на малой радзіме – у вёсцы Празарокі. Падзея адбудзецца ў межах больш маштабнай працы па адраджэнні дуды ў адным з найбольш дударскіх рэгіёнаў Беларусі і Паазер’я.
Запланаваныя шматлікія канцэрты, парады, выставы і іншыя мерапрыемствы, падчас якіх рэй будзе весці менавіта беларуская дуда.
Сачыць за навінамі фэсту можна праз сацыяльныя сеткі: https://vk.com/dudarskirej і  www.facebook.com/DudarskiRej