Геній з таўром «беларускі нацыяналіст»
У гэтыя дні па ўсёй краіне ўспамінаюць выдатнага беларускага раманіста, паэта, патрыёта і гуманіста Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. 26 лістапада яму б споўнілася 85 гадоў. Таму ўсе, каму блізкая творчасць пісьменніка — сям’я, калегі па літаратурнаму цэху, чытачы, — прыгадваюць гэтага незвычайнага і таленавітага творцу.
Памятныя сустрэчы адбыліся ў музеі У. Караткевіча ў Воршы, у горадзе Гродна, які абяссмерціў Уладзімір Караткевіч у сваім рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», і ў Мінску, дзе жыў і стварыў свае шэдэўры Уладзімір Караткевіч. А яшчэ чытачоў чакае запланаваныя паказы мастацкіх служак і відэафільмаў, прымеркаваных да гэтай даты, выхад новых кніг Поўнага 25-томнага збору твораў У. Караткевіча…
Нагадаць пра асобу Уладзіміра Караткевіча, яго ўплыў на фармаванне беларускай нацыі і сённяшняе значэнне творчасці пісьменніка для маладога пакалення чытачоў паставілі сабе за мэту арганізатары сустрэчы чытачоў і літаратараў, прысвечанай 85-м угодкам з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў галерэі Ў.
Гэтая імпрэза стала магчымай дзякуючы ініцыятыве Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яго старшыня, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч, і распачаў вечарыну. Ён найперш адзначыў, што Уладзімір Караткевіч не дажыў да незалежнасці Беларусі, але для гэтай мэты ён зрабіў больш, чым многія яго сучаснікі-літаратары. На творах Караткевіча ўзгадавалася не адно пакаленне беларускіх пісьменнікаў і чытачоў. На жаль, зазначыў Барыс Пятровіч, Уладзімір Караткевіч амаль не пакінуў дзённікавых запісаў. Таму мы менш ведаем пра яго чалавечыя якасці. Але ў апошнім нумары «Дзеяслова» ўсё ж прыадчыняецца і гэтая старонка жыцця пісьменніка: надрукаваны «Дзённік 1965–1966 гадоў», у якім важнай часткай з’яўляецца апісанне сумеснага падарожжа Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна і Генадзя Кляўко на Далёкі Усход, цяжкія моманты працы на раманамі і сцэнарыямі да фільмаў па іх. Гэты надзвычай цікавы артэфакт рэдакцыі перадала пляменніца Караткевіча Алёна Сінькевіч, якая сама ўзялася падрыхтаваць да друку гэты рукапіс.
Вядучы вечарыны, пісьменнік Барыс Пятровіч
Прайшло ўжо трыццаць гадоў з дня смерці пісьменніка, — са скрухай зазначыў Барыс Пятровіч, — але і да гэтага дня мы не маем ні помніка, ні вуліцы ў гонар Уладзіміра Караткевіча (звычайная адгаворка ў гэтым выпадку: маўляў, такая вуліца ў Мінску ўжо ёсць, Д. Караткевіча-падпольшчыка).
Таму падчас шахматнага турніру СБП нарадзілася ініцыятыва, звярнуцца ў Мінскі гарадскі выканкам з прапановай назваць новую вуліцу іменем аднаго з герояў аповесці Караткевіча «Ладдзя роспачы» Гервасія Вылівахі, які таксама быў шахматыстам. Такая практыка існуе па ўсёй Еўропе: у адным з гарадоў Галандыі ёсць вуліца Ганны Карэнінай, а ў Варшаве — вуліца Віні-Пыха… Трэба адзначыць, што гэтая прапанова выклікала дыскусію: а як жа Юрась Братчык ці Алесь Загорскі — не менш значныя і фактурныя героі Караткевіча? Таму была агучана іншая прапанова — стварыць скульптурную алею герояў Уладзіміра Караткевіча і адкрыць бульвар яго імя. Усе разумеюць, што гэтыя прапановы накіраваны ў далёкую будучыню, бо ў цяперашняй сітуацыі такія праекты выглядаюць нерэальнымі.
Г.Лойка і У.Некляеў ля бронзавага Гервасія
Забягаючы наперад, адзначу, што вядомы беларускі скульптар і грамадскі актывіст Генік Лойка падчас вечарыны зладзіў прэзентацыю мадэлі помніка Гервасію Выліваху, якая была прыхільна ацэнена знаўцамі аповесці «Ладдзя роспачы». Іншыя ж ахвотна фатаграфаваліся на фоне бронзавага Гервасія…
Далей слова было прадастаўлена паэту і грамадскаму дзеячу Сяргею Законнікаву, які падзяліўся ўспамінамі пра сустрэчы з пісьменнікам у бацькоўскай хаце Сяргея Іванавіча на Вушаччыне, распавёў пра цёплыя адносіны Караткевіча да яго малой дачкі, якая калі вырасла, стала самай адданай чытачкай і прыхільніцай таленту Уладзіміра Сямёнавіча.
У.Арлоў пасля паездкі ў музей Караткевіча ў Оршы
Пісьменнік Уладзімір Арлоў толькі вярнуўся з Воршы, дзе ў музеі Уладзіміра Караткевіча адкрылася выстава Беларускага саюза мастакоў «Зямля пад белымі крыламі–2015», дзе прыйшлі іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя 85-м угодкам з дня нараджэння іх выдатнага земляка. Уладзімір Аляксеевіч падзяліўся з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра сустрэчы з Караткевічам, прыгадаў тыя рысы характару, якія найбольш урэзаліся ў памяць — любоў Караткевіча да роднай Беларусі, няўрымслівы характар даследчыка, прыязнасць і таварыскасць.
Леанід Дранько-Майсюк заклікаў памятаць не толькі вялікага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, але і тых, хто ў час панавання савецкай цэнзуры дамагаўся выдання раманаў і аповесцяў Караткевіча, як у Беларусі, так і ў маскоўскіх выдавецтвах. Тут Леанід Васільевіч узгадаў прозвішчы тагачаснага дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» М.Ф. Дубянецкага, які выдаў у той час неверагодным 60-тысячным накладам забаронены раман Караткевіча «Нельга забыць», тагачаснага ўплывовага работніка ЦК КПБ А.Т. Кузьміна, які часта дапамагаў Караткевічу, апекаваўся ім, перакладчыцу В.Н. Шчадрыну, якая спрыяла выхаду раманаў і аповесцяў беларускага пісьменніка ва ўплывовых савецкіх выдавецтвах і часопісах. Гэта было надзвычай складана, бо ўжо тады на пісьменніку было таўро «беларускі нацыяналіст».
Паэт і грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў засяродзіўся на грамадзянскім гучанні і ўплыву творчасці Уладзіміра Караткевіча на фарміраванне беларусаў як нацыі. І хоць сёння беларускасць, як частка самасвядомасці асобы, праходзіць цяжкія выпрабаванні, высокае Слова Караткевіча застаецца адным з асноўных складнікаў станаўлення хрыбта нацыі. У пацверджанне сваіх словаў паэт прачытаў верш «Хадун», прысвечаны памяці Караткевіча.
У.Некляеў пра Караткевіча
Вельмі ўважліва і спагадліва ўсё, хто трапіў у галерэю Ў, слухалі ўспаміны пляменніцы Уладзіміра Караткевіча Алены Сінькевіч, якая захавала для будучых чытачоў «Дзённік 1965–1966 гадоў» і падрыхтавала рукапіс для друку. Чытачам было цікава даведацца, чаму так доўга гэты рукапіс не трапляў на старонкі перыядычных выданняў, як у гэтым «Дзённіку» адлюстраваны характар Уладзіміра Сямёнавіча. Як спадчынніца гэтага рукапіснага з малюнкамі фаліянту, спадарыня Алена хацела сама падрыхтаваць яго да друку, таму шмат і доўга працавала ў бібліятэках, архівах, пазнаёмілася з біяграфіямі многіх асобаў беларускай культуры таго часу. І вось пасля шматгадовай даследніцкай працы Алены Сінькевіч, «Дзённік» можа стаць яскравым дадаткам да творчай спадчыны вялікага пісьменніка.
Падчас вечарыны з нагоды 85-х угодак з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча ўвесь час гучалі ягоныя вершы і песні, якія выканалі барды Алесь Камоцкі і Анатоль Івашчанка, дуэт «Нельга забыць».
Юбілей любімага ўсімі беларусамі пісьменніка адзначаецца ў асноўным намаганнямі грамадскасці. І, думаю, гэта б спадабалася самому Уладзіміру Сямёнавічу, які не вельмі прыхільна ставіўся да афіцыёзу і прамоваў па паперцы…