Гітары Свабоды

9 красавіка ў сталічным Палацы мастацтваў адбылася прэзентацыя фанаграфічнага праекта «Барды Свабоды», які прэтэндуе стаць анталогіяй сучаснай беларускай бардаўскай песні як па тэматычнаму, так і па кампазіцыйнаму ўвасабленню твораў айчынных выканаўцаў. Выданне стала магчымым дзякуючы падтрымцы «Радыё Свабода» і з’яўляецца чацвёртым па ліку дыскам, выдадзеным гэтай радыёстанцыяй.



a11f9e533f28593768ebf87075ab34f2.JPG

9 красавіка ў сталічным Палацы мастацтваў адбылася прэзентацыя фанаграфічнага праекта «Барды Свабоды», які прэтэндуе стаць анталогіяй сучаснай беларускай бардаўскай песні як па тэматычнаму, так і па кампазіцыйнаму ўвасабленню твораў айчынных выканаўцаў. Выданне стала магчымым дзякуючы падтрымцы «Радыё Свабода» і з’яўляецца чацвёртым па ліку дыскам, выдадзеным гэтай радыёстанцыяй. Нагадаю, што першым у гэтым шэрагу стаў аўдыёдыск «Быкаў на Свабодзе», на якім гучыць голас вялікага пісьменніка, а таксама два тамы анталогіі беларускай паэзіі «Начная чытанка». І вось новы падарунак, на гэта раз аматарам бардаўскай песні.

У інтэрв’ю нашаму выданню вядучы перадачы «Барды Свабоды» знакаміты беларускі бард Зміцер Бартосік адзначыў: «Сёння мы прэзентуем мультымедыйнае выданне «Барды Свабоды». Праграма з аналагічнай назвай выходзіць на «Радыё Свабода» з верасня 2008 года. На яе хвалях прагучалі кампазіцыі ўжо каля сотні аўтараў. І што вельмі прыемна, толькі беларускамоўных. Я сам не чакаў, што ў нас столькі цікавых аўтараў, якія спяваюць на роднай мове! Таксама для мяне было адкрыццём, што ўсё больш моладзі выконвае беларускія песні. Праўда, з большага яны гучаць па «кватэрніках» ці ў клубах. І вось нарэшце многіх з іх удалося сабраць на дыску «Барды Свабоды» пад адной вокладкай, у адной канцэртнай праграме на гэтай прэзентацыі. Калі б мне гадоў дзесяць таму сказалі, што ў Беларусі будзе больш за сотню беларускамоўных аўтараў, а іх песні можна было б змясціць на адзін дыск, то я б не паверыў! І вось сёння мы будзем прадстаўляць беларускім слухачам першы том анталогіі сучаснай бардаўскай песні. А гэта 50 аўтараў, якія запісалі па 5 песень. Усе гэтыя творы гучалі на працягу года».
Прэзентацыю дыска «Барды Свабоды» распачалі сваімі ўступнымі словамі кіраўнік беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук, які, дарэчы, упершыню дэбютаваў як бард, а таксама вядучы «Бардаў Свабоды» Зміцер Бартосік. Зміцер перадаў эстафету прэзентацыі першаму ўдзельніку канцэртнай праграмы — барду Зміцеру Сідаровічу. Зміцер узгадаў нашы з ім даўнія размовы пра неабходнасць выдання сольнага дыска і паведаміў слухачам, што яго дэбютная праца пад назвай «Дзіцячы альбом» ужо падрыхтаваная да выдання. Музычная частка выступу Сідаровіча складалася з песень, якія даволі шырока вядомыя беларускім слухачам. Адна з іх — «Пена цёмнага піва» — была, як заўсёды, прынята з вялікім энтузіязмам.
Яраш Малішэўскі, наступны ўдзельнік прэзентацыі, аддаў перавагу класічным вершам Ларысы Геніюш. Прыхільнасць да іх у Яраша ідзе яшчэ з праекта «Ларыса Геніюш. Жыць для Беларусі». Адзначылі бурнымі воплескамі слухачы і лірычны твор Яраша «Любая Марына».
Вядомы рок-бард Юрый Несцярэнка ў сваёй творчасці больш схіляецца да блюзавых і рок-н-рольных інтанацый. Гэтым крытэрыям адпавядала кампазіцыя «Агні гараць» на верш Л. Рублеўскай. На прэзентацыю Юрый прыйшоў таксама не з пустымі рукамі: пабачыў свет «жывы» альбом з блюзавымі стандартамі і кампазіцыямі Несцярэнкі і яго гурта «White Night Blues» пад назвай «Live in Poland».
Своеасаблівым падарункам слухачам стала выступленне паэта і барда Андрэя Хадановіча, які ўразіў наведвальнікаў прэзентацыі дасціпным сцёбам і постмадэрнісцкай метафарычнасцю, якая буяла ў яго кампазіцыях паводле сусветнавядомых эвергрынаў. Так, Андрэй стварае свае песні на матывы мелодый Эдзіт Піяф ці хітоў, кшталту «Besame mucho». Але гэта не перашкаджае яму напаўняць сусветнавядомыя мелодыі знаёмымі рэаліямі, як гэта можна было адчуць у фантазіі на тэму песень Тота Кутуньё і Аляксандра Ярмоленкі «Італьянскі базар».
Адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага бардаўскага руху паэт і выканаўца Анатоль Кудласевіч вядомы тым, што, працуючы ў Саюзе пісьменнікаў, стаў арганізатарам першага беларускамоўнага бардаўскага фестывалю, які адбыўся ў 1993 годзе. Той час Анатоль нагадаў сваімі кампазіцыямі, які прагучалі ў яго выкананні. Перад усім, знакамітымі з часоў першых бардаўскіх фэстаў «Атрасінамі» на верш паэта-вязня Славаміра Адамовіча. Кудласевіч прапанаваў таксама новыя кампазіцыі, якія, магчыма, хутка ўвойдуць у трэк-ліст першага альбома барда.


Зміцер Сідаровіч


Яраш Малішэўскі


Таццяна Беланогая


Андрэй Хадановіч


Кастусь Герашчанка


Аляксандр Вашчанка і Анатоль Кудласевіч


Кастусь Герашчанка, кіраўнік спеўнага гурта «Пліса» з аднайменнага беларускага мястэчка Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, вядомы не толькі на сваёй малой радзіме, але і ў сталіцы. Бо Кастусь і яго калегі па гурту — частыя госці на мінскіх канцэртных пляцоўках, яго творы гучаць на хвалях беларускага радыё, а сам Кастусь з цягам часу зрабіўся актыўным удзельнікам айчыннага бардаўскага руху. Гэты статус і быў пацверджаны К. Герашчанкам падчас прэзентацыі. Слухачы вельмі прыхільна прымалі яго творы, асабліва драматычную па свайму сэнсаваму напаўненню песню на верш Анатоля Сыса «У гэтай краіне». Настальгічныя ноты журбы па ладнаму вясковаму жыццю прагучалі ў наступнай кампазіцыі Кастуся — «Студня», якую бард стварыў на верш З. Марозава.
Услед за Герашчанкам творчасць рэгіянальных аўтараў прадставіў слухачам яшчэ адзін цікавы выканаўца з Залесся — Сяргей Верамейчык. Яго творы — гэта разгорнутыя малюнкі жыцця беларускай глыбінкі, напоўненыя незлаблівай сатырай і тонкім гумарам, меладычнай лёгкасцю і пазітыўным поглядам на мясцовыя жыццёвыя калізіі. «Байка», напрыклад, распавядаецца ад асоб тых жывёл, якія пасвяцца на палетках князя Агінскага, а гумарыстычная балада «Да нядзелькі» — своеасаблівая аповесць пра акалічнасці жыцця беларускай правінцыі «ад панядзелка да нядзелькі», дзе ёсць усё: праца ў будні, весялосць, скокі і сон з гальштукам у салаце па выходных...
Як заўсёды, шчырыя апладысменты слухачоў выклікала спеўная творчасць чароўнай і вытанчанай Таццяны Беланогай. Яна падрыхтавала сваім прыхільнікам сюрпрыз: песні са свайго новага альбома, які будзе называцца «Ніткі». Спевы Таццяны Беланогай «Звычайнае каханне» і «Зіма. Вакзал» былі напоўнены непадробнай душэўнасцю і жаноцкасцю, меладызмам і лірычным хараством. Выступленне Таццяны засведчыла, што выканаўца знаходзіцца ў добрай творчай форме, стварае песні і выконвае іх з вялікім натхненнем і задавальненнем — і для сябе, і для сваіх слухачоў.
Аляксандр Вашчанка вядомы тым, што ажыццявіў пераклад «Грунвальдскай бітвы» з «Гісторыі Польшчы» Яна Длугаша, які друкуецца ў «Маладосці». Грунвальдская тэма моцна прагучала і ў аўтарскіх песнях настаўніка і перакладчыка. Кампазіцыя «Грунвальд» Вашчанкі стала напамінам пра хуткае 600-годдзе вялікай бітвы, пра тое, што нашчадкі павінны памятаць мужнасць тых ваяроў, якія аддалі сваё жыццё за незалежнасць Бацькаўшчыны...
Арганізатары прэзентацыі дыска «Барды Свабоды» надалі асаблівую ўвагу песеннай творчасці маладых выканаўцаў. І гэта зразумела: менавіта маладым належыць будучыня нацыянальнага бардаўскага руху! І на прэзентацыі была засяроджана ўвага на асобах маладых аўтараў. Сярод іх Раман Яраш, які пераўвасабляе паэзію Уладзіміра Караткевіча. І хоць радкі класіка вымагаюць больш эмацыянальнага і экспрэсіўнага прачытання, павольна-распеўная манера выкання Рамана часам дазваляе па-новаму асэнсаваць знаёмыя творы любімага аўтара.
Яшчэ адна прыхільніца Уладзіміра Караткевіча — Кацярына Ваданосава прадэманстравала выдатныя кампазітарскія здольнасці, калі ўзялася стварыць песню-фантазію паводле аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». Гэты спеў прывёў у захапленне слухачоў, выклікаў шквал апладысментаў. Ад сябе дадам: калі б узнікла ідэя стварэння музычнага прысвячэння Караткевічу, то творы Р. Яраша і К. Ваданосавай былі б на ім вельмі да месца.
Своеасаблівым адкрыццём прэзентацыі «Барды Свабоды» варта прызнаць выступ студэнткі Беларускай акадэміі музыкі Ірыны Лой, якая прапанавала слухачам сваю музычную інтэрпрэтацыю «Сымона-музыкі» Якуба Коласа, а таксама варыяцыі на тэму вершаў Максіма Багдановіча. Слухачоў захапіў гожы, правільна пастаўлены голас спявачкі, які вельмі пасуе класічным паэтычным радкам, іх беражлівае інтанаванне.
Вядома, што стваральнікі праграмы «Барды Свабоды» абвясцілі конкурс сярод маладых аўтараў «Гітара Свабоды», які быў прысвечаны свабодзе ва ўсіх яе праявах. Пераможцаў чакалі каштоўныя прызы — акустычныя гітары. Сярод узнагароджаных — Марыя Новікава, Дар’я Кадамская, вакаліст гурта «Босае сонца» Алесь Зайцаў, Раман Яраш і іншыя аўтары. Іх песні засведчылі: новая генерацыя беларускіх выканаўцаў ужо ў кроку ад бардаўскага Алімпу. І таму ў хуткім часе нас чакаюць нечаканыя музычныя адкрыцці, новыя шчырыя і запамінальныя песні. Прынамсі, надзею на гэта выказвалі арганізатары праекта «Барды Свабоды».