Фотавыстава, прысьвечаная гендарнай гісторыі старавераў Віцебшчыны, адбудзецца ў Вільні

З 10 лістапада па 5 сьнежня 2024 году ў Беларусім музэі ў Вільні адбудзецца фотавыстава «Даўнія прыбышы: гендарнае вымярэньне стараверскай культуры Паўночнай Беларусі». Выстава – вынік этналягічных экспэдыцыяў, прадпрынятых Уладзіславам Івановым з 2002 па 2015 гады па сучаснай Віцебшчыне.

2291c488_8d8c_48fc_8326_caf93895d9fb.jpg

Гендарнае вымярэньне культуры беларускага стараверства (на прыкладзе старавераў-папоўцаў і беспапоўцаў Віцебшчыны) дагэтуль выяўляе часта закрытыя або малазразумелыя бакі гэтай культуры і дэманструе не толькі багатую гісторыю стараверства Беларусі ў цэлым, але таксама пасьпяховыя спэцыфічныя інтэграцыйныя мадэлі ва ўмовах як новай радзімы, так і зьменлівых, мала спрыяльных захаваньню традыцыйных каштоўнасьцяў сьвету.

Гендарная гісторыя старавераў Віцебшчыны ўключае розныя мадэлі: ад кансэрватыўнай папоўскай стараверскай мадэлі ўзаемаадносінаў мужчынаў і жанчынаў да адкрытай і досыць прагрэсіўнай беспапоўскай стараверскай мадэлі, якая падразумявае між іншым такі фэномэн, як «жаночае духоўнае лідарства».

На выставе апрача гендарнага вымярэньня ўвага скіроўваецца таксама на такі важны аспэкт, як этналёгія і гісторыя (э)міграцыі, выгнаньня, бо ў свой час стараверы зьведалі досьвед выгнаньня, эміграцыі і скрозь час дэманструюць цікавыя мадэлі адаптацыі да новых, часам складаных умоваў жыцьця. 

Нагадаем, у 2014 годзе фотавыстава “Віцебскія стараверы: даўнія прыбышы” Ў. Іванова пры падтрымцы “Будзьма беларус-к-амі” адбылася ў Віцебску.

У лютым-сакавіку 2025 году выстава “Даўнія прыбышы: гендарнае вымярэньне стараверскай культуры Паўночнай Беларусі” таксама пройдзе ў сьценах ЭГУ. 

Аўтар фота і навуковы куратар выставы: др. Уладзіслаў Іваноў, Цэнтар гендарных дасьледаваньняў ЭГУ (Вільня) і выдавецтва “Скарына” (Лёндан). 

Адкрыцьцё выставы: 10.11 а 17.00 па адрасе: Вільня, Vilniaus g. 20.