«На выпадак крызісу альбо вайны: як сябе паводзіць?» Карысная кніжачка з паштовай скрыні
Жыхары Літвы пачалі атрымліваць ілюстраваныя даведнікі з падрабязнай інструкцыяй, як паводзіць сябе падчас магчымай вайны альбо крызісу. Скарыстаўшыся адным з пунктаў на выпадак крытычнага становішча, беларускія прапагандысты заявілі, што літоўцаў заклікаюць піць ваду з унітаза. «Новы Час» атрымаў кнігу — вось што насамрэч у ёй напісана.
Міністэрства абароны Літвы падрыхтавала для рэзідэнтаў Літвы 900 тысяч ілюстраваных даведнікаў «На выпадак крызісу альбо вайны: як сябе паводзіць?» Невялічкія кніжачкі з самай неабходнай інфармацыяй на выпадак надзвычайнага становішча атрымаюць усе жыхары краіны ў паштовыя скрыні да канца зімы.
Паводле слоў дырэктара Дэпартамента мабілізацыі і грамадзянскага супраціўлення Віргініюса Вілкяліса, выданне змяшчае як кантактную інфармацыю, так і практычныя парады аб тым, як падрыхтавацца да крызісных сітуацый, паводзіць сябе ў выпадку іх узнікнення, а таксама досвед Украіны ды няўрадавай арганізацыі «Blue/Yellow».
Мэр Вільні Валдас Бенкунскас паведаміў, што жыхары сталіцы атрымаюць пашыраную на чатыры старонкі версію выдання.
«Ведаючы, што Вільня можа стаць галоўнай мэтай, неабходна максімальна засяродзіць увагу на абароне сталіцы. (...) Інфармацыя адносна спецыфікі Вільні будзе эксклюзіўнай — што рабіць у выпадку ядзернай небяспекі, ядзернага забруджвання, дзе знаходзяцца ўсе нашыя сховішчы, па якіх кароткіх тэлефонах звяртацца», — пракаментаваў ініцыятыву мэр.
Віленскі варыянт даведніка пагартаў «Новы Час».
Напачатку кнігі адзначаецца, што, будучы стабільнай і бяспечнай краінай, Літва перажывае адзін з самых працяглых перыядаў свабоды і эканамічнага росту. Хаця дзяржава і з’яўляецца чальцом NATO, як паказала гісторыя і цяперашнія сусветныя падзеі, бяспека і незалежнасць неабходна ўвесь час абараняць, таму Міністэрства абароны клапоціцца аб тым, каб падрыхтаваць жыхароў да крызісных сітуацый, расказаць, як з імі справіцца і выжыць на працягу першых трох дзён.
Даведнік рэкамендуе ўжо зараз звярнуць увагу на найбольш бяспечныя месцы па штодзённых шляхах (на працу, у краму і г. д.) і ва ўласным доме (сховішчы альбо падземныя паркінгі), патлумачыць правілы паводзінаў дзецям, мець асобныя торбы, куды можна хутка скласці дзіцячае харчаванне, цацкі для зняцця стрэсу і лекі. Дома абавязкова неабходна мець аптэчку, мінімум два турнікеты, наяўныя грошы, ліхтарыкі і свечы, туалетныя прыналежнасці, мінімум тры рулоны туалетнай паперы, батарэйкі, спальныя мяшкі і іншыя рэчы.
У кнізе таксама ёсць асобныя раздзелы з інфармацыяй што да пенсіянераў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, хатніх гадаванцаў.
Міністэрства абароны рэкамендуе загадзя абмеркаваць з усімі чальцамі сям’і і блізкімі знаёмымі месца збору на выпадак надзвычайнай сітуацыі, каб трымацца разам. Для магчымай эвакуацыі ў кнізе раяць не пакідаць у аўтамабілі менш за палову баку паліва, ніколі не прыбіраць з транспартнага сродку вогнетушыцель і аптэчку. Пералічаны таксама ўсе неабходныя медыцынскія сродкі на выпадак траўмаў альбо хвароб.
Гаспадароў заклікаюць мець дома кансервы, сушанае мяса, гарэхі і сухафрукты, шакалад, каларыйныя кашы. На адну асобу неабходна мець 9-12 літраў пітнай вады на тры дні.
Менавіта на гэтым моманце беларускія дзяржаўныя СМІ «падлавілі» літоўцаў, заявіўшы, што Міністэрства абароны заклікае жыхароў піць ваду з унітаза. У кнізе ўказана, што ў крытычнай сітуацыі ваду з бачку ўнітаза таксама можна ўжываць без дадатковай тэрмічнай апрацоўкі (за выключэннем выпадкаў, калі вада не застаялая).
Справа ў тым, што, спрабуючы нагадаць пра «загніваючы захад», прынізіць прапагандыстам удалося толькі сябе. Вільня, згодна са шматлікімі сусветнымі рэйтынгамі, займае лідуючыя пазіцыі па чысціні вады, а Літва і Данія з’яўляюцца адзінымі дзяржавамі ў свеце, дзе 100% пітнай вады паступаюць з артэзіянскіх свідравін. Адпаведна, выпіць шклянку вады з бачка ўнітаза пры такой крытычнай неабходнасці тут таксама бяспечна.
У той жа час абяцанні па далучэнні захаду Мінску да артэзіянскага водазабеспячэння пераносяцца ўжо не адно пяцігоддзе, а мінчукі ў раённых чатах усё часцей скардзяцца на «эспрэса» ва ўсіх раёнах беларускай сталіцы. Так, не наладзіўшы парадак з вадой ва ўласных кранах, чыноўнікі і прапагандысты з захапленнем бянтэжацца пра ваду ў ўнітазах літоўцаў. АНТ таксама іранізуе над тым, што жыхарам Літвы, магчыма, прыйдзецца піць фільтраваную ваду з вадаёмаў.
На старонцы парад ад сяброў з Украіны напісана пра рэкамендацыі мець фен для сушкі адзення і абутку, а калі вы валодаеце гаражом альбо склепам, пакінуць у ім 100 літраў паліва для генератараў і запраўкі аўто (тэрмін прыдатнасці дызелю складае 6 месяцаў).
Міністэрства абароны нагадвае, што на выпадак расійскай агрэсіі супрацоўнікі СМІ змогуць выдатна дапамагчы ў інфармацыйнай вайне, пілоты дронаў — у выведцы і знішчэнні ворага, медыкі, пажарныя і паліцэйскія — у дапамозе і кантраляванні парадку, беспрацоўныя і студэнты — запісацца ў «Чырвоны крыж» і добраахвотніцкія арганізацыі (на іх замацаваныя QR-коды), усе астатнія жыхары — дапамагаць у расчыстцы завалаў і дарог.
Кніга заканчваецца інструкцыяй што да дзеянняў на выпадак уваходу акупацыйнай арміі ў горад. Так, згодна з парадамі, дзеля бяспекі забаронена нават утоена здымаць варожыя войскі, трымаць рукі ў кішэнях пры размове з акупантамі, рабіць рэзкія рухі, спрабаваць спрачацца з імі. Неабходна як мага хутчэй пакінуць дом і эвакуявацца на тэрыторыю, падкантрольную літоўскай арміі. З зоны абстрэлаў можна выходзіць выключна пешшу.
У выпадку немагчымасці эвакуацыі варта спрабаваць зменшыць колькасць камунікацый з акупантамі, мякка адмаўляцца ад інтэрв’ю прапагандыстаў, удзелу ў супрацьпраўных выбарах і рэферэндумах, выконваць законы Літоўскай Рэспублікі і чакаць на вызваленне Узброенымі сіламі Літвы.
Віленская версія мае таксама QR-коды з актуальнай мапай прытулкаў, бомбасховішч, паркінгаў, бескаштоўных курсаў аказання першай медыцынскай дапамогі, кіравання дронам, навучання тэрытарыяльнай абароне, шляхоў эвакуацыі са сталіцы.
У кніжачцы нават ёсць клетачкі, каб адзначаць наяўнасць неабходных рэчаў, а таксама графы для таго, каб пакінуць кантакты сваякоў і блізкіх і ўзяць яе з сабой.
Шчыра пазычым жыхарам Літвы, каб ніводны з пунктаў гэтай карыснай кнігі ніколі не спатрэбіўся ім у рэальным жыцці.