Прэм'ер Славакіі марыць патрапіць на парад перамогі ў Маскве ды асуджае Украіну на расійскім ТБ
Роберт Фіца стаў першым лідарам ЕС, які пагадзіўся ўдзельнічаць у адной з гэтых тэлепраграм дзяржаўнага расійскага тэлебачання.
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца выклікаў гарачую дыскусію ў Славакіі пасля паўгадзіннага інтэрв'ю, якое ён даў дзяржаўнаму расійскаму тэлебачанню. Там палітык раскрытыкаваў Захад, і асабліва міжнародную падтрымку Украіны, піша www.holosameryky.com.
Славакія з'яўляецца членам NATO і ЕС, але Роберт Фіца, які ўзначаліў урад восенню 2023 года, рэзка перавярнуў знешнюю палітыку сваёй краіны ды заявіў аб сваёй нязгодзе з многімі прынцыповымі рашэннямі саюзнікаў.
Расійскае дзяржаўнае тэлебачанне стала галоўным інструментам Крамля ў апраўданні вайны Расіі супраць Украіны, і Фіца стаў першым лідарам ЕС, які пагадзіўся ўдзельнічаць у адной з гэтых тэлепраграм пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе.
Апазіцыя ў Славакіі рэзка асудзіла інтэрв'ю прэм'ера ды назвала яго «з'яўленне на расійскім прапагандысцкім тэлебачанні» «вялікай ганьбай».
«У сябе дома яго латаны ўрад развальваецца. Ахова здароўя — не тэма прэм'ера. Але ён знойдзе час, каб паслужыць Пуціну», — заявіў Міхал Шымечка, які ўзначальвае найбуйнейшую апазіцыйную партыю ў парламенце «Прагрэсіўную Славакію».
Былы прэм'ер Ігар Матовіч выказаўся яшчэ больш жорстка, назваўшы Фіца «страшным калабарацыянісцкім тхаром».
Падзяка Масквы
Дзяржаўны тэлеканал «Расія-1» прадставіў сваім гледачам заявы Роберта Фіца ў знак згоды з тым, што робіць Масква з боку, як было сказана, «аднаго з лідараў NATO».
Асабліва парадавала расійскіх тэлевядучых тое, што прэм'ер-міністр Славакіі асудзіў пастаўку зброі Украіне для абароны ад расійскай агрэсіі.
Фіца таксама раскрытыкаваў украінскі план дасягнення міру і быў вельмі абураны тым, што ўкраінцы хочуць мець дальнабойную зброю, каб выкарыстоўваць яе супраць цэляў на тэрыторыі Расіі.
Прэм'ер-міністр Славакіі паўтарыў свае неаднаразовыя заявы аб неапраўданасці міжнародных санкцый супраць Расіі, а таксама заклеймаваў знешнюю палітыку ЕС, заявіўшы, што Еўропа паўтарае толькі тое, што кажуць ЗША.
«Я выступаю супраць палітыкі так званай русафобіі, якая часта праяўляецца на міжнародным узроўні. Я таксама супраць абавязковага пункту гледжання аднаго права", — сказаў Роберт Фіца.
Расійскі тэлевядучы высока ацаніў Фіца, прыраўняўшы яго да прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, які таксама выступае за супрацоўніцтва з Расіяй і супраць дапамогі Украіне, і падзякаваў яму.
Фіца сказаў, што хацеў бы прыехаць на парад у Маскве ў маі 2025 года ў гонар паразы нацысцкай Германіі ў Другой сусветнай вайне, і ў праграме расійскага тэлебачання прагучала ўпэўненасць, што ён атрымае запрашэнне.
У гэтай расійскай тэлепраграме неаднаразова сцвярджалася, што Роберт Фіца зведаў замах на жыццё ў траўні гэтага году менавіта з-за яго палітычнай пазіцыі, і што цяпер ягонае жыццё па-ранейшаму знаходзіцца ў небяспецы з-за ягоных адмоваў ад дапамогі Украіне.