Фільм загінулай беларускай рэжысёркі атрымаў узнагароду Брусельскага кінафэсту

Фільм беларускай рэжысёркі Нікі Ніканавай «Generation 328» атрымаў узнагароду Брусельскага фэсту незалежнага кіно. Стужка была адзначаная ў катэгорыі «Найлепшы кароткі дакументальны фільм».

pakkalenne328.jpg

20-хвілінны фільм “Generation 328” распавядае пра "Матчын рух 328" — аб'яднанне жанчын, чые дзеці атрымалі вялізныя турэмныя тэрміны па "наркатычным" 328-м артыкуле КК. Generation 328 — гэта гісторыя маці, якія жывуць паўсядзённым жыццём з адзінай надзеяй: вярнуць дадому сваіх несправядліва асуджаных сыноў.

Большасць жанчын "Матчынага руху 328" даводзяць, што іх дзяцей незаслужана асудзілі як распаўсюднікаў наркатычных рэчываў і ўдзельнікаў нейкіх арганізаваных груп, хаця яны былі ўсяго толькі спажыўцамі.


Ніка вырасла ў Мінску, але пераехала ў Нью-Ёрк і за свае грошы зняла фільм пра «Матчын рух 328». У 13 гадоў Ніка атрымала ролю ў фільме «Брэсцкая крэпасць» і захацела стаць акторкай. Паступаць збіралася ў Лос-Анжэлес, але амерыканская амбасада тады вырашыла іначай і не дала ёй візу. У той момант дзяўчына адмовілася ад акторскай кар’еры на карысць рэжысуры.

Для паступлення Ніканава выбрала гадавую праграму дакументалістыкі ў New York Film Academy. Аб праблемах зняволеных паводле 328-га артыкулу Ніка даведалася ў Амерыцы і вырашыла, што будзе здымаць дыпломны праект менавіта пра Беларусь.

24-гадовая Ніка Ніканава загінула ў ліпені 2019 года на Алясцы, куды адправілася ў вясельнае падарожжа са сваім мужам, актывістам ініцыятывы Legalize Belarus Пятром Маркелавым. 24-гадовую дзяўчыну змыла рэзкім патокам вады падчас пераправы праз раку.